Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лявон Дзейка: "Не было ніякага адчаю, не было роспачы"


Лявон Дзейка на плошчы ў жніўні 1991 г

Лявон Дзейка на плошчы ў жніўні 1991 г

Пра падзеі жніўня 1991-га прыгадвае дэпутат Апазыцыі БНФ і фракцыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады ў Вярхоўным Савеце 12 скліканьня Лявон Дзейка.

Дзейка: "Успамінаць тыя падзеі 20-гадовай даўніны, калі адбыўся гэтак званы путч, на Спас 19 жніўня, цяпер ужо ня так проста. Гэта не малы час прайшоў, але трэба пачынаць з таго, што ў той дзень я як раз рана прачнуўся. У хаце была ўключаная з вечару радыётрансьляцыйная сетка і з рэпрадуктару я ўжо пачуў на свае вушы паведамленьне савецкага кіраўніцтва Янаева-Кручкова-Язава. Тады ў мяне першае ўражаньне – я да гэтай пары яго памятаю – не было ніякага страху, не было ніякага адчаю, не было роспачы, а вот першая думка: мабыць, і праз гэта трэба таксама прайсьці, калі мы хочам сапраўды мець незалежную краіну. То бок думак пра тое, што на гэтым сапраўды усё сканчваецца: дэмакратычнае разьвіцьцё, імкненьне да незалежнасьці, загон усіх сілавым чынам у Савецкі саюз – думак такіх не было. Усё ж такі гэта мабыць ужо былі вынікі тых перабудовачных гадоў, вынікі дзейнасьці ВС у 1990-м годзе і ў першай палове 1991 году.

Я тады хуценька сабраўся і першым аўтобусам, які ішоў праз Клецк паехаў у Менск. Прыехаў недзе а палове на дванаццатую. У тым нашым памяшканьні, якое ў будынку Вярхоўнага Савету было выдзелена пад працу апазыцыі, гэта 363 пакой (там, па-мойму, зараз нейкая ярмошынская структура), ужо было шмат нашых сяброў, якія былі зь Менску, якія бліжэй да Менску.

Памятаю добра нашых лагойскіх сяброў – Паўла Холада, Алеся Шута. Рыхтавалася заява апазыцыі па ГКЧП. Паступалі тыя матэрыялы, што з Масквы па факсам рассылала кіраўніцтва РФ, людзі, якія былі разам з Ельцыным.

Потым памятаю ці ў гэты дзень ці на наступны было склікана пасяджэньне Прэзыдыюма Вярхоўнага Савету, на якім даволі бурна абмяркоўвалася, патрэбна ці не патрэбна правядзеньне нечарговай, як тады казалі, нават надзвычайнай сэсіі Вярхоўнага Савету па ліку пятай.

У гэтыя дні, якія папярэднічалі адкрыцьцю сэсіі ішла актыўная праца -- насуперак жаданьням ГКЧП разьвіваць работу па інфармаваньні грамадзянаў аб незаконнасьці ГКЧП, аб немагчымасьці іх дабіцца пэўнага посьпеху. Гэта ўжо практычна стала адчувацца недзе ў канцы аўторка 20 жніўня. Ужо стала зразумела пасьля таго, як усе пабачылі гэтую прэс-канфэрэнцыю ГКЧП. Ня хочацца ўжо і прозьвішчы называць гэтых людзей, бо іх ужо жывых няма. Як трэсьліся рукі ў некаторых лідараў гэтага ГКЧП. Стала зразумела, што гэта авантура, мабыць, скончыцца ўсё ж такі іх паразай. Так яно ў прынцыпе і аказался.

Хачу дадаць яшчэ, што як раз у гэтыя самыя дні, у аўторак, 20 жніўня, на плошчы Незалежнасьці, дзе ўвесь было вельмі шмат людзей, лідэр ініцыятыўнай групы па стварэньні Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў Мікола Статкевіч аб’явіў аб стварэньні Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG