Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля заканчэньня афіцыйнага візыту ў Катар Аляксандар Лукашэнка накіраваўся ў Сочы, дзе ён правядзе, як паведаміла прэзыдэнцкая прэс-служба, «кароткатэрміновы адпачынак». Дзе канкрэтна спыніўся Лукашэнка і колькі працягнецца адпачынак, не ўдакладняецца. Заўважым, засакрэчаны кароткатэрміновы адпачынак летась на гарналыжным курорце ў Швайцарыі доўжыўся 12 дзён.

Перад прэзыдэнцкімі выбарамі з трыбуны Ўсебеларускага народнага сходу Лукашэнка скардзіўся на цяжкую долю кіраўніка дзяржавы: «Ты ня можаш быць свабодны ні на адну гадзіну, ні на адну хвіліну, дзе б ты ні быў. Ты ня можаш быць у адпачынку…». Экспэрты і журналісты зьвяртаюць увагу на тое, што Лукашэнка кожны год неаднаразова наведвае курорты ў розных краінах сьвету.

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў: «Я ня ведаю, як цяпер, у зьвязку з эканамічным і палітычным крызісам — можа, Лукашэнка і больш аддае ўвагі непасрэдным абавязкам прэзыдэнта, але да гэтага — і я гэта дакладна ведаю, — прыкладна 50% на 50% увага гэтая разьмяркоўвалася паміж дзяржаўным і асабістым жыцьцём. Так што няма чаго скардзіцца на гэтае жыцьцё. Апроч гэтых паездак замежных на ўсялякія курорты, тут жа курорты свае — у рэзыдэнцыях: хакей, лазьні і ўсё астатняе, што бывае ў такіх выпадках у мужчынскіх кампаніях».

Дарэчы, перад адпачынкам у Сочы Аляксандар Лукашэнка ў Катары спыняўся ў фэшэнэбэльным гатэлі «Four Seasons». На расейскім курорце Сочы Рэспубліцы Беларусі належыць санаторый «Белоруссия» ў цэнтры гораду і гатэль «Белая Русь» у пасёлку Красная Паляна. Дзе спыніўся цяпер кіраўнік Беларусі з малодшым сынам — таямніца. У жніўні 2009-га яны адпачывалі ў спа-гатэлі «Радзіма», што належыць расейскаму алігарху Алегу Дзерыпаску. Нумар тут каштуе ад паўтары да трох тысяч даляраў у суткі. Што да паездак у Сочы, якія адбываюцца як мінімум два разы на год, аналітыкі кажуць, што там Лукашэнка спадзяецца нефармальна сустрэцца з расейскім кіроўным тандэмам, які таксама часьцяком інспэктуе алімпійскі аб’ект.
Лукашэнку там падабаецца, а адпачынак праводзяць там, дзе падабаецца. Асабліва тады, калі забаронены ўезд у заходнія краіны.

Аглядальнік Раман Якаўлеўскі: «Кіраўнікі Расеі ўжо зьехалі, яны ўжо там былі. Я нагадаю, яны там ужо былі напярэдадні нефармальнага саміту ў Астане. Дзьмітрый Мядзьведзеў на саміт прыбыў менавіта з Сочы. Так што іх там дакладна ўжо ня будзе. А Лукашэнку там падабаецца, а адпачынак праводзяць там, дзе падабаецца. Асабліва тады, калі забаронены ўезд у заходнія краіны, у краіны Эўразьвязу».

Нягледзячы на забарону на ўезд у краіны Эўразьвязу, здараецца адпачываць і ў Эўропе. У сакавіку 2009 году Лукашэнка тыдзень правёў на сэрбскім курорце Капаонік — зь сем’ямі старэйшых сыноў, са шматлікім эскортам, у суправаджэньні 50 аўтамабіляў і 150 чалавек сьвіты. У лютым 2010-га 12 дзён доўжыўся «кароткатэрміновы адпачынак» у Швайцарыі.

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў выказаў меркаваньне наконт таго, як кіраўнік Беларусі трапляе на Захад:

«Гэтае запрашэньне выпісваецца ці выпрошваецца ва ўлады той ці іншай краіны па дамоўленасьці зь нейкім чалавекам. І звычайна гэты чалавек — бізнэсовец, якія мае ў Беларусі нейкія свае інтарэсы. Вось па лініі асабістых адносінаў і адбываюцца гэтыя візыты» .

Дзелавыя паездкі ў Аляксандра Лукашэнкі таксама нярэдка абарочваюцца адпачынкамі. У сакавіку 2010 году Лукашэнка разам з малодшым сынам Колем адпачываў у пяцізоркавым комплексе на курорце Цахкадзор, а потым у Вэнэсуэле. Вэнэсуэльскія фатаграфіі беларускага кіраўніка абляцелі ўвесь сьвет: ён даваў інтэрвію на пляжы ў чырвона-зялёных майтках.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG