Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску намесьнік міністра адукацыі Казімір Фарыно заявіў пра закрыцьцё ў Беларусі яшчэ 65 школ. Чыноўнік паведаміў, што зачыняюцца ў асноўным так званыя малакамплектныя школы, дзе, па яго словах, цяжка арганізаваць якасны навучальны працэс. На тое, што пераважная большасьць ліквідаваных школ — беларускамоўныя, спадар Фарыно ўвагі не зьвярнуў...

Напярэдадні новага навучальнага года карэспандэнты «Свабоды» высьвятлялі сытуацыю зь беларускамоўным навучаньнем.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


ТБМ спрабуе пераканаць бацькоў

Ці зьменіцца становішча зь беларускамоўнай адукацыяй у Горадні? Ці зьявіцца хоць адна кляса з навучаньнем на роднай мове? Кожны дзень размаўляе па тэлефоне з супрацоўнікамі аддзелаў адукацыі Алесь Крой, кіраўнік Гарадзенскай абласной Рады ТБМ. Пакуль што вынікі запісу ў беларускія клясы такія, кажа ён:

«Кастрычніцкі раён: сем чалавек падалі заявы, усе розныя школы абсалютна, толькі ў 34-й дзьве заявы ёсьць. Там і плянуецца стварыць беларускую клясу ў гэтым раёне гораду. Былі й пэртурбацыі: у 32-й школе бацька падаў заяву, а калі жонка даведалася, прыйшла перапісала ў рускую клясу».

У Горадні два адміністрацыйныя раёны, другі — Ленінскі.

Крой: «Па Ленінскім тры-чатыры чалавекі напісалі заявы, сказаў учора начальнік гарадзкога аддзелу адукацыі. Мне здаецца, што на аднаго чалавека можа быць больш, бо ў мяне папярэднія зьвесткі былі. Адчуваньне такое: пяцьдзясят на пяцьдзясят. Усе сілы былі кінуты на агітацыйную кампанію. Нібыта ніхто ня супраць, ня робіць такіх перашкодаў сур’ёзных. Нельга рабіць пэсымістычных высноваў пакуль, рана, таксама як і аптымістычных».

Журналіст Уладзімір Хільмановіч таксама марыць, каб у Горадні былі беларускія клясы:

«Я прайшоў гэты шлях — спробу стварэньня беларускамоўнай клясы. Летась мы з прафэсарам Астроўскім, іншымі прадстаўнікамі грамадзкіх арганізацый, найперш ТБМ, імкнуліся зрабіць такую клясу. На жаль, гэтага не ўдалося зрабіць. І на сёлетнія пэрспэктывы, нягледзячы на зьнешнюю прыхільнасьць, нібыта ляяльнасьць мясцовых уладаў, я гляджу досыць пэсымістычна».

Уладзімір Хільмановіч ня бачыць з боку ўладаў захадаў сапраўды скіраваных на тое, каб у Горадні дзеці мелі магчымасьць навучацца на роднай мове. Што для гэтага трэба?
Трэба ствараць прэстыж элітарнай беларускамоўнай клясы.

«Па-першае, трэба вярнуць беларускую мову ў ВНУ. Таму што бацькі глядзяць прагматычна, яны бачаць, як у дзяржаве нішчыцца, дыскрымінуецца беларуская мова. А па-другое, каб улады насамрэч хацелі стварыць беларускамоўныя клясы, то можна было б абвясьціць набор у трох-чатырох школах найбольш прэстыжных, стварыць імідж гэтых клясаў як элітарных у пэўным сэнсе, забясьпечыць добрымі настаўнікамі. І тады б людзі самі падавалі заявы, ня трэба было б іх агітаваць, яны б бачылі, што ствараецца кляса, якая ня будзе гетам, а будзе прэстыжнай і элітарнай».

У Гудзевіцкай беларускай гімназіі настаўнікі выкладаюць на трасянцы, а вучні гавораць па-расейску.

У Мастоўскім раёне — адзіная беларускамоўная гімназія ў вёсцы Гудзевічы. Менавіта ў Гудзевічах, пры гімназіі, дагэтуль існуе вядомы на ўсю краіну Гудзевіцкі этнаграфічны музэй, які стварыў заслужаны настаўнік Беларусі Алесь Белакоз.

Ва ўсе гады, калі ў школе працаваў Алесь Белакоз, яна адзначалася беларускасьцю, яе наведвала шмат гасьцей, пераймалі досьвед, вучыліся. І, самае галоўнае, усе настаўнікі выкладалі па-беларуску, вучні між сабой размаўлялі на беларускай мове.

Зьміцер Краснапеўцаў два апошнія гады пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту выкладаў у Гудзевіцкай гімназіі гісторыю, а вось днямі яго звольнілі. З дэкрэту вярнулася настаўніца, якую ён падмяняў, а старшыня Мастоўскага райаддзелу адукацыі сказаў маладому настаўніку, што болей у іх раёне яму ні ў якую школу не ўладкавацца.

Зьміцер Краснапеўцаў адважыўся ў 2010 годзе ўдзельнічаць у мясцовых выбарах незалежным кандыдатам. Я папрасіў яго распавесьці пра тое, ці засталася ў Гудзевіцкай гімназіі атмасфэра беларускасьці, якую некалі стварыў Алесь Белакоз разам з сваімі калегамі і вучнямі.

Краснапеўцаў: «У прынцыпе, гэта гімназія беларускамоўная і ўсе прадметы павінны выкладацца па-беларуску. Але настаўнікі выкладаюць усе прадметы ў лепшым выпадку на трасянцы. Самі дзеці часам адказваюць на ўроках па-беларуску, але ў большасьці на трасянцы, а размаўляюць паміж сабою адназначна па-расейску».

У Слонімскім раёне ўлады сёлета праводзілі рэклямную кампанію ў мясцовым друку з агітацыяй, каб аддавалі дзяцей у беларускія клясы. Але бацькі на гэта рэагуюць даволі млява. Вось што распавёў адзін з бацькоў першаклясьнікаў, які прысутнічаў у школе на сходзе:

«Прысутнічала прыблізна 50 бацькоў, і зь іх толькі трое адразу пагадзіліся аддаваць сваіх дзяцей у беларускія клясы, а астатнія — не. Складаная сытуацыя, дый хто хоча аддаваць дзяцей у беларускія клясы, калі ўсюды ўсё па-расейску і ВНУ таксама».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Беларускамоўныя клясы — у Берасьці й Баранавічах

У Берасьці пры жаданьні ёсьць куды пайсьці вучыцца па-беларуску. Праўда, толькі ў пачатковую школу гімназіі № 3 або ў беларускую клясу пачатковай школы № 34. У старэйшых клясах берасьцейскія вучні па-беларуску не навучаюцца.

У мінулым навучальным годзе беларускамоўная кляса існавала ў сярэдняй школе № 2 Бярозы, але ўвесну яе расфармавалі.

Адзіная беларускамоўная кляса існуе ў Баранавічах. Зьявілася яна з ініцыятывы сям’і Малашчанкаў у мінулым годзе. Бацькі адстаялі права свайго дзіцяці пайсьці ў першую клясу зь беларускамоўным навучаньнем. У выніку да іх далучыліся яшчэ дзьве сям’і, і цяпер у гэтай клясе навучаюцца трое дзетак.

Тацьцяна Малашчанка кажа, што было б прыемна, каб у гэтым годзе ў Баранавічах зьявілася яшчэ адна беларускамоўная кляса. Спадарыня лічыць, што павінна быць пераемнасьць, таму што вельмі важна вучыць дзяцей па-беларуску:

«Чаму важна вучыцца па-беларуску — гэта вечнае пытаньне. У кожнага народу ёсьць свая мова, і ў адносінах да Бога гэтае пытаньне таксама вельмі важнае».

Чыноўнікі канстатуюць, што новай беларускамоўнай клясы ў гэтым годзе ў Баранавічах не плянуецца. Пакуль у мясцовы аддзел адукацыі бацькі не падалі дзеля гэтага ніводнай заявы.

Аднак кіраўнік баранавіцкай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Віктар Сырыца кажа, што ТБМ прыкладае вялікія намаганьні, каб яшчэ адна беларуская кляса ў Баранавічах адчынілася:

«Гэта будзе зрабіць вельмі цяжка, таму што толькі адзін чалавек ёсьць, які жадае вучыцца. І то яшчэ ня вырашыў канчаткова гэтае пытаньне».

ВІЦЕБШЧЫНА


Мясцовыя чыноўнікі лічаць беларускую мову «калгаснай»

Спадарыня Тацяна з Глыбокага спадзявалася, што яе дачка пойдзе сёлета ў беларускамоўную клясу мясцовай гімназіі. Але на бацькоўскім сходзе паведамілі, што паступіла толькі 6 заяваў на беларускамоўнае навучаньне, і таму абедзьве 5-я клясы будуць расейскамоўныя:

«Калісьці ў нас быў беларускамоўны садок. Цяпер яго ўжо няма, бо некаторыя бацькі, якія лічаць сябе інтэлігенцыяй, а іхныя бацькі былі ў нас тут мясцовымі чыноўнікамі, вырашылі арганізаваць збор подпісаў за расейскую мову. Бо беларускую яны лічаць калгаснай мовай, і няма чаго іхным дзецям на ёй размаўляць... Яны дайшлі да міністэрства, ім там дазволілі. А вось цяпер ужо два-тры гады, як і беларускамоўная гімназія стала расейскамоўнай».

Паводле спадарыні Тацяны, цяпер па-беларуску давучваюцца ў гімназіі толькі старшаклясьнікі: досьвед збору подпісаў за навучаньне па-расейску пашырыўся, і за апошнія гады амаль усе клясы на жаданьне бацькоў адмовіліся ад роднай мовы.

Гімназія лічыцца самай прэстыжнай навучальнай установай у Глыбокім, сюды імкнуцца аддаць сваіх дзяцей і мясцовыя чыноўнікі, і іншыя службоўцы высокага рангу. Адзін зь іх, распавядае спадарыня Тацяна, нават зрабіў заўвагу дырэктарцы Людміле Хверанец за тое, што выступала на бацькоўскім сходзе па-беларуску:
Падыходзіць да дырэктара: „Чаму вы гаварылі на беларускай мове? А што будзе, калі астатнія вашы настаўнікі будуць па-беларуску размаўляць з нашымі дзецьмі?

«Падыходзіць да дырэктара: „Чаму вы гаварылі на беларускай мове? А што будзе, калі астатнія вашы настаўнікі будуць па-беларуску размаўляць з нашымі дзецьмі? Тут жа расейскамоўная гімназія!“. Ну, яна і адказала, што ў нас дзьве дзяржаўныя мовы, што шмат чыноўнікаў гаворыць па-беларуску... Але ў мяне шок быў: як гэта — падыйсьці да дырэктара і рабіць ёй заўвагі?! Мне там адміністрацыя падабаецца — яны і па-беларуску размаўляюць, і ўвогуле разумныя людзі!».

«Нацыянальная гімназія» практычна перайшла на расейскую мову

Адміністрацыя глыбоцкай гімназіі мусіла саступіць патрабаваньням бацькоў, якія змагаліся за навучаньне па-расейску. Але ў віцебскай гімназіі № 1 бацькі такіх патрабаваньняў не выстаўлялі. Тым ня менш навучальная ўстанова, якая раней называлася «Нацыянальная гімназія», практычна перайшла на расейскую мову і адмовілася ад статусу нацыянальнай.

Часткова беларускамоўным можна было лічыць толькі навучаньне ў малодшых клясах, гаворыць маці сёлетняга выпускніка пачатковай школы:

«Зь першай клясы — беларуская мова, прычым на нармальным узроўні — яны вучылі вершы добрыя... Былі беларуская мова, беларуская літаратура і „Мая Радзіма — Беларусь“. Прычым калі па гэтым прадмеце мой дзіцёнак рыхтаваўся адказваць па-беларуску, гэта толькі віталася. І бадай што ўсё. Ну, яшчэ дзёньнікі запаўнялі па-беларуску клясы да трэцяй. А потым сказалі, што можна па-расейску, і трэба па-расейску, і ўсе пачалі запаўняць на расейскай мове».

Пасьля пачатковай школы навучацца па-беларуску ў абласным цэнтры проста няма дзе. Хоць ёсьць багата бацькоў, якія гатовыя аддаць дзіця ў беларускамоўную школу. І некаторыя адмыслова возяць дзяцей на вёску — каб падвучыцца, распавядае настаўніца Заронаўскай пачатковай школы Людміла Нікіціна:

«Каму яна шкодзіць, мова? Да мяне во хлапчанё ходзіць займацца, дзьве клясы ў гарадзкой школе скончыў. Бацькі хочуць, каб ён валодаў беларускай мовай. Яны тут на лецішчы, дык і папрасілі мяне пазаймацца. А калі хто ўвогуле ніякай мовы вучыць ня хоча, той потым свае праблемы і перакідае: маўляў, мова вінаватая! А нашы дзеткі нармальна вучыліся і ў Санкт-Пецярбургу акадэміі пасканчвалі — пасьля нашай некалі базавай Заронаўскай школкі!».

Праўда, сёлета ў Заронаўскай пачатковай школе будзе ўсяго 10 вучняў, якія змогуць вучыцца па-беларуску. І зь пятае клясы яны ўсё адно пойдуць у суседнюю базавую, расейскамоўную школу.

Старшыня Таварыства беларускай мовы (ТБМ) Алег Трусаў:
«Сярод кіраўнікоў рэгіёнаў найбольш падтрымліваюць беларускую мову старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра і старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Пётра Руднік. Абодва — адукаваныя, культурныя чыноўнікі. Часта яны выступаюць на роднай мове. Спрыяюць аднаўленьню школьнага навучаньня па-беларуску».

Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў Міністэрства адукацыі Беларусі паведаміў, што сёлета 52,6 тысячы абітурыентаў здавалі іспыты па беларускай мове. Пяцёра зь іх набралі максымальную колькасьць балаў (100). Сярэдні бал па беларускай мове склаў 31,11, па рускай — 30,48.

Паводле статыстыкі Міністэрства адукацыі РБ, цяпер у Беларусі 53% школ — зь беларускай мовай навучаньня і каля 3% — дзьвюхмоўныя. Большасьць школ зь беларускай мовай навучаньня знаходзяцца ў вёсках. Усе прадметы на беларускай мове вывучаюць 18% вучняў, на расейскай — 77%, астатнія — на дзьвюх мовах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG