Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абітурыент: «У школах не даюць ведаў, неабходных для тэставаньня»


Сёньня ў Беларусі пачалося цэнтралізаванае тэставаньне, па выніках якога будзе праводзіцца набор у вышэйшыя і сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы. У першы дзень абітурыенты здавалі тэсты па беларускай мове, на якую сёлета зарэгістравалася 53 тысячы 168 чалавек. Гэта амаль удвая менш, чым на расейскую мову, якую зьбіраюцца здаваць больш за 96 тысяч чалавек.

Чаму кожны год зьмяншаецца колькасьць ахвотных здаваць беларускую мову, ці адпавядаюць тэсты школьнай праграме?

Яшчэ чатыры гады таму беларускую мову здавалі 82 тысячы абітурыентаў — больш за 40% ад агульнай колькасьці, сёлета — 53 тысячы, або 36%. Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў кажа:

Алег Трусаў
«Нічога дзіўнага, таму што беларускамоўную адукацыю амаль што зьнішчылі. Адзіны плюс з усіх гэтых мінусаў — што ўсё ж такі жадаючых здаваць беларускую мову значна больш, чым тых, хто заканчвае беларускамоўныя школы. Усё ж такі ёсьць у людзей нейкі ўнутраны патрыятызм, тым больш калі яны па-расейску гавораць, але беларускую мову выбіраюць. Ёсьць у гэтых хлопцаў і дзяўчат нейкія пачуцьці да Бацькаўшчыны. І за гэта варта іх хваліць».

Гутару з абітурыентамі, якія толькі што здалі тэсты.

— Заданьні цяжкія былі?
— Не очень.
— А якую вы мову здавалі?
— Беларускую.
— А чаму па-расейску адказваеце?
Потому что устал по-белорусски.

Ці былі такія заданьні, што ў школе не праходзілі?
Так, было шмат пытаньняў, што не праходзілі ў школьных тэмах, але на падрыхтоўчых курсах БДУ мы гэта прайшлі. Былі вельмі цяжкія заданьні.
Ці можна пасьпяхова напісаць гэты тэст, калі вы не займаліся на падрыхтоўчых курсах БДУ, з рэпэтытарам? Ці хапае школьных ведаў з падручнікаў і ўрокаў беларускай мовы, каб бліскуча выканаць тэставыя заданьні?
— Не. У нашых школах не даюць тыя веды, якія патрэбныя для тэставаньня. Вельмі часта на ўроках даюць тыя ж самыя тэмы, што праходзілі ў 1–5 клясах, і потым мы іх паўтараем. Але многія цяжкія моманты мы не праходзілі.
Ці хапае школьных ведаў для выкананьня тэсту? Ці трэба дадаткова займацца на курсах або з рэпэтытарам?
На мой погляд, з рэпэтытарам будзе прасьцей. І больш карысных ведаў ты атрымаеш з рэпэтытарам за год, чым ты будзеш займацца на ўроках невядома чым 11 гадоў. Веды, якія я набыў, займаючыся з рэпэтытарам, былі асноўныя, я іх выкарыстоўваў на тэставаньні.

Лера Сом
У старэйшых клясах — адзін урок беларускай мовы на тыдзень. Таму немагчыма даць дзецям глыбокія веды, сьцьвярджае настаўніца беларускай мовы з Наваполацку Лера Сом:

«Я лічу, што заданьні даюцца не са школьнай праграмы, а значна больш складанага ўзроўню. Калі параўноўваць са школьнай праграмай, у тэстах прыкладна палова заданьняў, што праходзяць ці факультатыўна, ці павярхоўна. А выкананьне заданьняў патрабуе веданьня мовы дастаткова глыбокага. А звычайны школьны курс дае асноўны набор ведаў. Ён не паглыблены».

Летась сярэдні бал па беларускай мове на цэнтралізаваным тэставаньні быў 31,37. Толькі трое з 67 тысяч абітурыентаў набралі па роднай мове максымальныя 100 балаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG