Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральная канфэрэнцыя ЮНЭСКО абвясьціла 21 лютага Міжнародным днём роднай мовы. Ён прымеркаваны да гадавіны гібелі 21 лютага 1952 году пяці студэнтаў, якія змагаліся за дзяржаўны статус мовы "бангла" ў Пакістане.

Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца з 1999 году і мае на мэце захаваньне лінгвістычнай разнастайнасьці і шматмоўнай адукацыі. Да гэтай даты прымеркаваная агульнанацыянальная дыктоўка, якую чацьвёрты год у Беларусі праводзяць прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці.

Паводле перапісу насельніцтва 2009 году, беларускую мову называюць роднай 53% жыхароў краіны. Гэта на 20% менш, чым падчас папярэдняга перапісу дзесяцігадовай даўніны. Таксама на 14% — з 37% да 23% — паменела тых, хто заявіў, што дома стала размаўляе па-беларуску.

Тым часам сёлета ў Менску ў першы кляс беларускамоўнай гімназіі № 23 зь цяжкасьцю зьмясьціліся дзеці, чые бацькі пажадалі, каб іх малыя навучаліся па-беларуску. Адна з бацькоў, Хрысьціна Вітушка, гэтак пракамэнтавала статыстыку і штодзённасьць:

"Са статыстыкай цяжка спрачацца: на вялікі жаль, застаецца ўсё менш спадчынных, "пародзістых" беларусаў, якія размаўляюць па-беларуску заўжды, бо так было ў іх сем'ях, і яны нават не разглядаюць іншага варыянту. Адначасна ўсё больш становіцца людзей, якія сьвядома выбіраюць мову. У нашай клясе сярод бацькоў — некалькі банкаўскіх работнікаў, некалькі праграмістаў, лекараў, нават вэтэран МУС. Я спадзяюся, што прыклад гэтых бацькоў будзе натхняць і іншых людзей, якія маюць магчымасьць выбіраць любую, самую лепшую школу для сваіх дзяцей і адначасна будуць выбіраць беларускую школу".

Паводле афіцыйнай статыстыкі, сёньня па-беларуску навучаюцца 18% школьнікаў краіны, летась было — 20%. Найбольш імкліва скарачэньне беларускамоўнага навучаньня адбываецца ў Менску: летась на роднай мове тут навучаліся 2,5% дзяцей, сёлета — 2%. Прычым гэта ў школах, дзе беларуская мова захоўваецца толькі фармальна, кажа намесьніца грамадзкай арганізацыі Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч:

Мацкевіч
: "Паводле статыстыкі Міністэрства адукацыі, у Беларусі больш за палову школ маюць беларускую мову навучаньня, а сярод іх толькі 2,9% — гарадзкія школы, астатнія — малакамплектныя вясковыя, дзе вельмі мала дзяцей. Сытуацыя ў гэтым кірунку ўвесь час пагаршаецца і пагаршаецца. Да прыкладу, яшчэ адна цікавая лічба: летась былі закрытыя 84 школы зь беларускай мовай навучаньня, 21 школы зь дзьвюма мовамі, адкрылі ж 24 новыя школы, якія ўсе — расейскамоўныя. Мне падаецца, што гэтая статыстыка яскрава сьведчыць пра сытуацыю зь беларускай мовай у нашай краіне і стаўленьне да яе дзяржаўных уладаў".

Сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі таксама пераважна расейскамоўныя: сёньня зарэгістравана больш за тысячу газэт і часопісаў, зь іх па-беларуску выходзяць каля 80. Каб папулярызаваць родную мову, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны зьвярнулася да кіраўніка краіны з прапановай абвясьціць Год беларускай мовы, а таксама сабрала не адну сотню подпісаў пад заявай аб адкрыцьці беларускай ВНУ. Станоўчага адказу ад уладаў прыхільнікі беларускай мовы не дачакаліся, а таму ўласнымі сіламі ладзяць імпрэзы ў падтрымку беларускай мовы. Да прыкладу, сёньня чарговы раз пройдзе агульнанацыянальная дыктоўка, паведаміў кіраўнік ТБМ Алег Трусаў:

"Гэта маса людзей сядае і піша дыктоўку на роднай мове. Прычым сёлета яна прысьвечаная юбілею Максіма Багдановіча. Таксама сёньня ва Ўнівэрсытэце культуры адбылося сьвяткаваньне Дня роднай мовы: студэнты прынесьлі нацыянальныя стравы, віншавалі адзін аднаго і размаўлялі па-беларуску. А ўвогуле тэндэнцыя з мовай цікавая, асабліва ў гарадах: апошнія гады зьявілася мода на беларускую мову. Людзі самі не размаўляюць, але паважаюць тых, хто размаўляе, беларуская мова становіцца мовай элітарнай. Стварэньне беларускай ВНУ — гэта таксама зьява бліжэйшай будучыні — як толькі зьменіцца палітычная сытуацыя, так назаўтра гэты ўнівэрсытэт паўстане".

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый у пытаньнях адукацыі, навукі і культуры (UNESCO) заявіла пра пагрозу зьнікненьня беларускай мовы. Гэтая міжнародная арганізацыя зарэгістравала нацыянальную мову беларусаў у міжнародным атлясе "Мовы сьвету ў небясьпецы" ("World's Languages in Danger"). Паводле ацэнкі ЮНЭСКО, сёньня ў сьвеце існуе больш за 6 тысяч моваў. Палова зь іх найбліжэйшым часам можа страціць сваіх апошніх носьбітаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG