Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Бяляцкі: "Зьмены непазьбежныя"


Алесь Бяляцкі, апошні здымак перад арыштам

Алесь Бяляцкі, апошні здымак перад арыштам

20 гадоў таму — 25 жніўня 1991 году — Беларусь здабыла незалежнасьць. За дакумэнтам, які стаў падмуркам нашай свабоды, лёсы людзей. Сваім жыцьцём яны пісалі гісторыю — верылі і змагаліся, любілі і ненавідзелі. А ў спадчыну дзецям пакінулі цэлую краіну. Як склаліся лёсы тых, хто зрабіў Беларусь незалежнай? Як ацэньваюць зробленае іх дзеці? Пра гэта ў праграме "Бацькі і дзеці беларускай незалежнасьці" штотыдзень у эфіры і на сайце Радыё Свабода.



Гутарка з бацькам і сынам Бяляцкімі адбылася за некалькі тыдняў да арышту Алеся. У той момант ён ужо ведаў, што супраць яго могуць узбудзіць крымінальную справу, і дакладна ўсьведамляў, што гэта для яго значыць.

Алеся Бяляцкага затрымалі 4 жніўня і абвінавацілі ў няплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Цяпер ён у СІЗА на Валадарскага. Паводле артыкула, па якім яго абвінавачваюць, яму пагражае да сямі гадоў пазбаўленьня волі.

Алесь Бяляцкі ўжо 15 гадоў кіруе праваабарончым цэнтрам "Вясна", які актыўна і дзейсна дапамагае грамадзянам, чые правы парушае беларуская дзяржава. Ён віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека. У 2006 годзе з рук Вацлава Гавэла атрымаў прэмію "Homo Homini" за праваабарончую дзейнасьць і быў вылучаны на Нобэлеўскую прэмію міру.

Стаж актыўнай грамадзкай і палітычнай дзейнасьці налічвае тры дзясяткі гадоў. Алесь быў заснавальнікам таварыства маладых літаратураў "Тутэйшыя"; у 1988 стаў сябрам аргкамітэту Беларускага народнага фронту "Адраджэньне", стварыў музэй Багдановіча і 10 гадоў заставаўся яго дырэктарам.

Адаму Бяляцкаму 22 гады. Ён мае прафэсію рэжысэра тэлебачаньня, скончыў сёлета магістратуру Акадэміі мастацтваў.

Алесь Бяляцкі: "Сын удзельнічае ва ўсіх сацыяльных акцыях. Дзякуй Богу, пакуль не затрымлівалі. "Наша ніва" зьмясьціла здымак, які потым пайшоў гуляць па сацыяльных сетках, з надпісам: "Гэты чувак першым спыніў сваю машыну на праспэкце".

Адам Бяляцкі на мітынгу. 2000 г. Фота: vytoki.net


Адам Бяляцкі: "Мы яшчэ ніводнай акцыі не прапусьцілі. Усё пачалося з інтэрнэту. Я і мае многія сябры маюць старонкі "ВКонтакте". І самае дзіўнае, што яшчэ нас не затрымалі, і мы зьбіраемся так і далей удзельнічаць".

Шэсьце ў Курапаты. 1988 г. Фота: vytoki.net

На думку Алеся Бяляцкага, у 80-я гады мінулага стагодзьдзя перамены ў краіне таксама гартаваліся моладзьдзю.

Радыё Свабода: "Вашыя бацькі як ставіліся тады да вашай палітычнай дзейнасьці?"

Алесь Бяляцкі: "Бацькі нармальна ставіліся, хоць, вядома, асьцерагаліся да пэўнай ступені, бо любая сувязь зь беларушчынай, асабліва на пачатку 80-х гадоў, была проста небясьпечная. Нават "легальная" беларушчына — тое, напрыклад, што ты размаўляў па-беларуску, — заўсёды выклікала ў людзей асацыяцыі з разгромам нацыянальнага руху, які адбыўся ў 30-я гады, калі садзілі настаўнікаў, пісьменьнікаў.

Алесь Бяляцкі на магіле М.Багдановіча. Ялта, 1980. Фота: vytoki.net

Што тычыцца майго роду, то там усё перасечана. Майму дзеду і бацьку рэальна даводзілася выжываць. Дзеда зьбіраліся раскулачваць, але выратавала толькі тое, што ён быў сірата.

У 1940-м годзе ўся сям’я зьехала ў Карэлію, таму што есьці не было чаго ў Рагачоўскім раёне, дзе яны жылі, дзеці пухлі з голаду. А ў Карэлію запрасілі "як акупантаў" засяляць гэтую краіну, і яны паехалі туды бягом. Па ўспамінах бацькі, а ён меў тады 10 год, было адчуваньне, што трапілі ў рай — ніхто не чапаў, калгасаў не было, лес, шмат ежы. Вярнуліся яны ў Беларусь ужо ў 1964 годзе, калі мне было 2 гады.

Гурт "Баскі". Вёска Стаўбун Веткаўскага раёну. 1983 г. Фота: vytoki.net

Яны мяне падтрымлівалі ўва ўсім, і ніколі не было супярэчнасьцяў моцных. Больш за тое, былі ідэалягічныя спрэчкі ў школе, калі я быў зацятым піянэрам, а маці кляла гэтых камуністаў усялякімі словамі, якімі магла. Прычым без усякіх ідэалягічных момантаў, а чыста са здаровага пункту погляду.


А жонка ў мяне — сама гомельская талакоўка, чалавек сьведамы. Яшчэ калі стварылася гомельская "Талака", 1986-87 год, яна там актыўнічала.

Мяркую, што мы ішлі ў слушным кірунку да 1991 году. Гэта быў цяжкі шлях…
Моладзь тады ня мела іншага выйсьця, таму што старэйшага пакаленьня структураванага перад намі не было. Было пару дзясяткаў чалавек, якія ўяўлялі зь сябе нейкія палітычныя рухі. Гэта групоўка Зянона Пазьняка. Трэба сказаць, што 1991-ы год для мяне ня быў нейкім адкрыцьцём, бо я ўжо ў 1982 годзе пазнаёміўся зь менскімі студэнтамі — групай "Майстроўні": Вінцук Вячорка, Сокалаў-Воюш, Сяргей Дубавец, Сяргей Запрудзкі і іншыя. З 1983 году мы ўжо працавалі палітычна ў падпольнай структуры. Таму да 1991 году я ўжо 8 гадоў штосьці рабіў, і для мяне гэта была справа нумар адзін. Усё іншае — вучоба, асьпірантура, праца ў музэі — усё гэта было сродкам выкананьня тых мэтаў, якія мы ставілі на самым пачатку: дамагчыся незалежнасьці, дэмакратычнай Беларусі.

Захавалася праграма нашага гуртку, хоць мы горда менавалі сябе партыяй, але нас было ня больш як 15 асобаў, таму гэта цяжка назваць партыяй. Яна была напісаная ў сярэдзіне 80-х гадоў, але ўжо ў ёй былі закладзеныя асноўныя прынцыпы і дэмакратызму, і нацыянальнай дзяржавы, і павагі да правоў чалавека. Мяркую, што мы ішлі ў слушным кірунку ўсе гэтыя гады да 1991 году. Гэта быў цяжкі шлях, хаатычны, не было магчымасьцяў атрымаць нармальную паліталягічную адукацыю, таму, натуральна, усю інфармацыю даводзілася чытаць паміж радкоў у камуністычных падручніках паліталёгіі ці ў заходнебеларускіх выданьнях, бо палітычнае жыцьцё ў Заходняй Беларусі было дастаткова разьвітае: шмат беларускіх партыяў было рознага кшталту. Натуральна, што мы чыталі гэтыя часопісы, зь Вільні прывозілі адфатаграфаваныя "Калосьсе", "Шлях моладзі", іншыя часопісы, альманах "Заходняя Беларусь", дзе разам з мастацкімі творамі былі нейкія філязофскія, паліталягічныя рэчы, датычныя палітычнай барацьбы ў Заходняй Беларусі. Таму пэўныя асновы бралі адтуль, бо рэальных кантактаў з Захадам не было. Першыя кантакты зьявіліся ўжо ў канцы 80-х гадоў зь беластоцкімі беларусамі. Іхны рух быў часткай антыкамуністычнага супраціву ў Польшчы, і ў той жа час гэта быў беларускі рух. Але, па вялікім рахунку, мы знаходзіліся ў адной сытуацыі, нічога асабліва важнага яны не маглі нам падказаць.

Данчык у Менску. 1989 г. Фота: vytoki.net


Адам Бяляцкі зазначае, што сёлета да акцыяў пратэсту далучаюцца маладыя людзі, якія ніколі "ня бачылі, ня ведалі і не хадзілі". І гэтаму ёсьць пэўныя прычыны:

адчуваецца моцны недахоп рэсурсаў, удушэньне любой ініцыятывы. Таму як мае знаёмыя, так і іншыя людзі выходзяць на гэтую плошчу
Адам Бяляцкі: " Людзей апалітычных шмат. І сам фармат акцыяў да гэтага заклікае. Чым гэта выклікана? Як бы гэта ні было крыўдна, але, хутчэй за ўсё, — недахопам грошай, магчымасьцяў для разьвіцьця. Нам па 22—24 гады, і ўсім хочацца пачынаць разьвіцьцё, кар’ерны рост, сем’ямі абзаводзіцца… Але адчуваецца моцны недахоп рэсурсаў, удушэньне любой ініцыятывы. Напрыклад, у мяне ёсьць сябры, якія бізнэсам хочуць займацца, але не атрымоўваецца ў іх. Таму як мае знаёмыя, так і іншыя людзі выходзяць на гэтую плошчу".

На пачатку 80-х у краіне склаліся ўмовы, пры якіх грунтам палітычных пераменаў сталі шматлікія культурніцкія ініцыятывы.

Алесь Бяляцкі: "У той час зьяўляліся суполкі, якія займаліся праблемамі культуры, асьветай, гістарычнай спадчынай, экалёгіяй. Фактычна вось на гэтай рошчыне актыўна абмяркоўвалася ідэя стварэньня палітычнай арганізацыі. Прычым яна вялася ў розных асяродках — як у моладзевым, так і ў больш старэйшым. Улетку 1988 году мы правялі першы зьезд Канфэдэрацыі беларускіх суполак, дзе сабраліся прадстаўнікі больш як 100 нефармальных, як тады называлася, арганізацый. Ён адбываўся ў Палачанцы пад Менскам. І там была прынятая праграма зьменаў, якую мы прапаноўвалі на шырокі грамадзкі разгляд — як камуністам, так і ўсім іншым. Калі зараз паглядзець, то гэта фактычна першая палітычная праграма пераўтварэньня дзяржаўнага ладу і агулам ладу жыцьця ў Беларусі. Там былі розныя часткі, датычныя і дзяржаўнага ўладкаваньня, пераразьмеркаваньня паўнамоцтваў паміж саюзнымі і беларускімі органамі: мы прапанавалі стварыць нацыянальнае войска, нацыянальны банк, сваю памежную службу, правесьці беларусізацыю адукацыі і культуры, зрабіць рашучыя крокі ў эканоміцы. Зараз калі паглядзець, вядома, яны базаваліся на тагачасным уяўленьні пра гэтыя зьмены: "фабрыкі — рабочым, зямлю — народу". Тым ня менш вельмі шмат з таго, што тады мы абмяркоўвалі, часткова зроблена, робіцца і працягвае рабіцца. Гэта першая палітычная праграма пераўтварэньняў, якая потым легла ў аснову праграмы і дзеяньняў БНФ "Адраджэньне", бо Фронт утварыўся празь некалькі месяцаў. І шмат тэзаў гэтай праграмы перайшлі ў палітычную плятформу БНФ.

Але ў выніку што атрымалася? Атрымалася, як мне падаецца, што мы з моладзевым рухам недапрацавалі. Занадта хутка пайшлі падзеі. Фактычна ўвосень 1988 году ўсе гэтыя моладзевыя суполкі сталі касьцяком БНФ і праца па стварэньні палітычнай арганізацыі легла на нашыя плечы. Юнакам, дзяўчатам, якім было ад 20 да 27. Першае фармаваньне Фронту і далейшыя актыўныя дзеяньні праводзіліся актывістамі моладзевых суполак. У сваю чаргу, закінуўся моладзевы рух. Атрымаўся правал ужо недзе да сярэдзіны 90-х гадоў, пакуль новая хваля моладзі не аб’ядналася ў Малады Фронт. Тады ўжо зьявілася новае моладзевае пакаленьне. Тут адчуваецца пэўны недахоп, мы недапрацавалі і не дасьпелі самі — вымушаныя былі займацца адразу іншымі справамі.

Я ў сваім жыцьці ня думаў, што дажыву нават да таго часу, калі Беларусь будзе незалежнай
1991 год, з аднаго боку, успрымаўся як дасягненьне шматгадовых высілкаў і намаганьняў, неверагодных, дарэчы. Я ў сваім жыцьці ня думаў, што дажыву нават да таго часу, калі Беларусь будзе незалежнай. Яшчэ ў 80-я гады гэта была поўная фантастыка. У той жа час было пэўнае задавальненьне, што і мы штосьці рабілі ў гэтым кірунку. І, мабыць, палітычна мы былі найбольш падрыхтаваныя да таго, што адбывалася далей, бо наступныя пару гадоў зьмена дзяржаўных кірункаў адбывалася цалкам нармальна. Былі пэўныя правалы, можна гаварыць пра тое, наколькі здолеў Фронт выкарыстаць сытуацыю палітычнага крызісу ў краіне, калі адбыўся путч і пасьля гэтага камуністычная партыя самараспусьцілася і знаходзілася ў аслупяненьні. Можа, калі б мацней тады націснулі, удалося б замацаваць пэўныя формы разьвіцьця дзяржавы надалей. Гэтага не адбылося. Але што было, тое было. Цяпер пра гэта цяжка марыць".

Музэй Багдановіча я разглядаў як інструмэнт зьмены сытуацыі ў Менску, у Беларусі
Жорсткі разгон маўклівых акцый і перасьлед сеткавых актывістаў беларускімі ўладамі выклікае шок як у Беларусі, так і ва ўсім сьвеце. Але Адам Бяляцкі лічыць, што бацькам было цяжэй. Праўда, гэтаксама цяжка даводзіцца ім і цяпер, калі бацька ў палітычным зьняволеньні:

Адам Бяляцкі: "Той час я сабе дрэнна ўяўляю. Тады яшчэ быў Савецкі Саюз і былі праблемы зь беларускай мовай, хоць яны і цяпер ёсьць. Калі параўноўваць, я далёка не такі актыўны, як мой бацька, гэта проста неба і зямля. Тое, што рабілі мае бацькі, было мужна, адважна і інавацыйна. Да гэтага яшчэ трэба было дадумацца, быць дастаткова сьвядомым. Важна разумець, што маім тату і маме было нават цяжэй загаварыць па-беларуску, бо ў іх так ані бацькі, ані дзяды не гаварылі. Яны былі першапачынальнікамі. Тады гэта быў выклік грамадзтву.

Эдуард Акулін, Алесь Бяляцкі. 1980-я гг. Фота: vytoki.net
У маім выпадку гэта лягчэй. У мяне і тата, і мама гавораць па-беларуску. Я ведаю, што ўвесь час мяне ў гэтым пляне падтрымліваюць. Таму мне ўжо па-беларуску не размаўляць было б даволі дзіўна".

1991-ы год Алесю Бяляцкаму згадваецца найперш працай над музэям Багдановіча. Ён стаў дырэктарам у 1989 годзе, маючы за сьпінай гады палітычнай актыўнасьці, затрыманьні, штрафы і рэпутацыю дысыдэнта:

Алесь Бяляцкі: "У 1989-м, натуральна, мяне нікуды ўжо браць не хацелі, і нават у аніводзін з інстытутаў абласных, куды разьмяркоўвалі асьпірантаў, я ня мог паехаць — усе адмаўляліся. Таму я стаў малодшым навуковым супрацоўнікам у музэі. Гэта быў цікавы пэрыяд — выбіралі дырэктараў усіх узроўняў, прычым выбіралі калектывы. Абвясьцілі выбары дырэктара музэю Багдановіча. Было чатыры кандыдаты, і калектыў прагаласаваў за мяне. Я стаў дырэктарам.

Мне было 27 гадоў. Гэта такія харошыя часы былі, у нас калектыў клясны сфармаваўся. 10 гадоў працы ў музэі — вельмі плённы быў час. Мы чатыры музэі пабудавалі за першыя пяць гадоў: "хатку" на Рабкораўскай беларускую, у Ракуцёўшчыне зрабілі экспазыцыю, у Яраслаўлі музэй адчынілі і галоўны музэй адчынілі, які потым дзяржаўную прэмію атрымаў за афармленьне. А гэта ж ня проста афармленьне, там такія баі ішлі з мастаком — за грудкі адзін аднаго трэсьлі. Але ў рэшце рэшт атрымалася нармальна. Увогуле музэй — гэта асобная гісторыя. Там і навуковая праца вялася такая, якую ніводзін музэй дагэтуль не вядзе, хоць ужо 12 год прайшло. Мы кожны год кніжкі выдавалі".

Адам Бяляцкі правёў у музэі маленства і вярнуўся туды праз 15 гадоў:

"Музэй Багдановіча вельмі добра памятаю. Тата быў дырэктарам, ня тое што мне ўсё дазвалялася, але я любіў пахадзіць, палазіць там, дзе, як мне здавалася, нельга лазіць. Для мяне гэта ўвесь час была купа ўражаньняў. Гады тры таму мне давялося здымаць творчы партрэт барда-паэта Эдуарда Акуліна. Ён зьвязваў пачатак сваёй творчасьці з постацьцю Багдановіча, і прыйшла ў галаву ідэя пачаць фільм з музэю. Я туды пайшоў упершыню за гадоў 15. Шмат хто з работнікаў ужо зьмяніўся, але адна жанчына пазнала мяне і распавяла купу ўсякіх цікавых гісторыяў, якіх я, канечне, ня памятаў".

На базе музэю былі зарэгістраваныя дзясяткі няўрадавых арганізацыяў.

Алесь Бяляцкі: "Там зьбіраліся ўніяты
У 1995-м усё, што стваралася намі перад гэтым, ламалася пад аднаго чалавека

рэгулярна ў "Беларускай хатцы" на Рабкораўскай. Гэта была першая ўніяцкая суполка. Ксёндз Матусевіч праводзіў там свае набажэнствы. І ўправа Фронту там некалькі гадоў зьбіралася таксама. Адным словам, музэй быў ня проста музэем у кепскім значэньні гэтага слова, а жывым грамадзка-культурным цэнтрам. Сотні мерапрыемстваў праводзіліся. Я яго разглядаў як інструмэнт зьменаў сытуацыі ў Менску, у Беларусі, а сышоў у 1998-м, бо далей ужо немагчыма было заставацца, трэба было выбіраць".

У 1996 годзе зьявіўся праваабарончы цэнтар "Вясна", дзейнасьць якога была на той момант і застаецца дагэтуль надзвычай запатрабаваная беларускім грамадзтвам.

Затрыманьне Алеся Бяляцкага на Дзень Волі. Плошча Свабоды. 2004 г. Фота: vytoki.net

Алесь Бяляцкі: "Стварэньне "Вясны" — гэта была патрэба часу. Таксама як стварэньне Фронту — гэта была патрэба часу ў 1988 годзе. Актыўныя грамадзкія сілы адказалі на тыя падзеі стварэньнем шырокай грамадзка-палітычнай арганізацыі.

А 1995—96 гады — яшчэ адзін пераломны этап у гісторыі Беларусі, калі Лукашэнка ламаў усе галіны ўлады пад сябе. Усё, што стваралася намі перад гэтым, ламалася пад аднаго чалавека. Фактычна, дэмакратычная краіна ператваралася ў сыстэму з выразна таталітарнай сыстэмай кіраваньня. Ішлі зацятыя баі на той час і зь Вярхоўным Саветам, але гэта асобная гісторыя, бо яны спачатку хацелі з прэзыдэнтам жыць мірна, аднак ведаем, чым гэта скончылася. І з Канстытуцыйным судом, які быў вымушаны прэзыдэнцкія ўказы адмяняць адзін за другім, хоць там не былі такія ўжо палітычна сьведамыя людзі, а звычайныя юрысты — проста людзі з больш-менш прыстойным і аб’ектыўным разуменьнем таго, як яно павінна быць у нармальнай сытуацыі. Людзі з камуністычным мінулым, пра якіх ніколі б не падумаў, што яны будуць сябе так паводзіць.. Вазьміце таго ж генэрала Грыба — ён жа ж кроў ад крыві, костка ад косткі той савецкай сыстэмы, генэралам міліцыі стаў у тыя часы. Але які пераварот адбыўся з чалавекам! Вось гэта шмат чаго вартае. Людзі вось у такія цяжкія моманты праяўляюцца.

Але ўсё гэта скончылася крахам для беларускай дэмакратыі ў 1996 годзе. У 1996-м — крымінальныя справы, дэманстрацыя 24 сакавіка, разгон Чарнобыльскага шляху, 40 000 чалавек сабралася на плошчы Якуба Коласа, палітычныя ўцёкі Зянона. Выклік быў кінуты беларускаму грамадзтву. БНФ атрымаў палітычную паразу — ня трапіў у Вярхоўны Савет аніводзін чалавек. Гэта таксама паказьнік пераацэнкі сілаў, якія на той час былі ў партыі. Некаторым не хапала 70—100 галасоў, каб стаць дэпутатамі. А калі б трапіла чалавек 5—7 з больш-менш правераных байцоў, магло б усё па-іншаму быць у Вярхоўным Савеце 13 скліканьня. На жаль, Фронт быў выкінуты з адкрытай палітычнай улады. Заставалася наша фракцыя дэпутатаў Менскага гарсавету, але, па вялікім рахунку, мы не вырашалі сур’ёзныя палітычныя пытаньні.

Мітынг з нагоды 930-годзьдзя Менску каля Тэатру опэры і балету. 1997. Алесь Бяляцкі, Андрэй Мельнікаў. Фота: vytoki.net

Мітынг супраць інтэграцыі з Расеяй. 1999 г. Фота: vytoki.net
У гэтай сытуацыі Фронт перавёў сваю актыўнасьць на вуліцы. Стварэньне "Вясны" — гэта быў адказ на масавыя рэпрэсіі. Спачатку пасьля Чарнобыльскага шляху, бо было затрымана больш як 200 чалавек. Хадыка зь Сіўчыкам увогуле трапілі ў СІЗА. Мы займаліся зборам інфармацыі і аказаньнем матэрыяльнай дапамогі — тым, чым ніхто на той час не займаўся. Трэба было ствараць арганізацыю. Гэта стала зразумела для мяне асабіста, калі падчас аднаго зь мітынгаў проста сабралі грошы для Славаміра Адамовіча і перадалі яго маці. Я асабіста сабраў і перадаў. Ніхто больш яму рэальна ня мог дапамагчы на той час — ніводная палітычная структура, ніводная партыя".

Радыё Свабода: "Сп. Алесь, а вам асабіста хто-небудзь дапамагаў?".

Алесь Бяляцкі: "У 1988-м — мой першы штраф. Я асьпірант Акадэміі навук, за арганізацыю "Дзядоў" на Маскоўскіх могілках быў затрыманы, атрымаў штраф 200 савецкіх рублёў. Гэта дастаткова шмат — паўтары маёй стыпэндыі асьпіранцкай. Праз тры дні дырэктар інстытуту Віктар Каваленка выклікаў мяне да сябе і сказаў: "Алесь, вось вам грошы, якія інстытут сабраў, заплаціце, калі ласка, штраф". І для мяне гэта было незабывальна. Я як запомніў, дасюль забыць не магу. Так, мне дапамагалі".

Па маладосьці мы пераацанілі рэвалюцыйны патэнцыял нашага народу
Тыя ўражальныя перамены, якія адбыліся ў Беларусі за апошнія дзесяцігодзьдзі, былі зробленыя канкрэтнымі людзьмі. Алесь Бяляцкі кажа, што на пачатку 80-х яны ведалі адзін аднаго ў твар. Цяпер на маўклівыя акцыі па ўсёй краіне выходзяць ужо не адзінкі і не дзясяткі, а тысячы маладых людзей.

Адам Бяляцкі: " Для мяне бацька ўвесь час, нягледзячы на тое, што я трохі ў іншай сфэры знаходжуся, быў таварышам, на якога трэба раўняцца. Ня ведаю, ці змагу я ўрэшце рэшт да яго дайсьці. Ён вельмі шмат чытае. Дзе б ён ні быў, пасьпявае чытаць. Гэта такая гара адукацыі, да якой мне яшчэ ісьці і ісьці. І ня толькі палітычная дзейнасьць, якую я, несумненна, паважаю і на гэта трэба, канечне, мець сьмеласьць, але такая агульная адукацыя, якая мяне вельмі ўражвае".

Ліквідацыя праваабарончага цэнтру "Вясна". Пасяджэньне Вярхоўнага суду. 2003.10.22 Фота: vytoki.net

Прэзэнтацыя "Агляду парушэньня правоў чалавека" праваабарончага цэнтру "Вясна". 1999 г. Фота: vytoki.net

Прэзэнтацыя дакладу FIDH "Умовы ўтрыманьня пад вартай у Рэспубліцы Беларусь". 2008 г. Фота: vytoki.net

Алесь Бяляцкі: "Мы ўсё рабілі зь верай у тое, што зьмены будуць непазьбежныя. Гэта было самае вялікае спадзяваньне. Можа, па маладосьці ці што — мы пераацэньвалі рэвалюцыйны патэнцыял нашага народу. Ён хутка пачаўся і хутка скончыўся. І як цяпер разумееш, то гэта натуральна, бо немагчыма, каб на пустым полі адразу вырас добры ўраджай. Гэтае поле трэба добра ўгнойваць, працаваць зь ім, камяні выбіраць. Тады на ім будзе штосьці расьці. А тое, што пакінула на ім камуністычная ўлада пасьля 70 гадоў у Беларусі, — выпаленая зямля. Зьмены, вядома, адбыліся вельмі грунтоўныя, калясальныя, дзякуючы вось той энэргіі, якая вызвалілася на пачатку 90-х гадоў. На працягу наступных 20 гадоў адбываўся вось гэты супраціў, выхаваліся цэлыя пакаленьні. Былі часы ў канцы 80-х гадоў, калі мы літаральна ведалі адзін аднаго ў твар — тых людзей, якія ў тыя часы працавалі ў моладзевых суполках, каб зьмяніць палітычную, нацыянальную сытуацыю ў Беларусі. А на пачатку 90-х гэта ўжо хутка зьмянілася — ужо зьявіліся тысячы і дзясяткі тысяч. Мы займелі ўстойлівую падтрымку ў грамадзтве і шмат у чым летуценны рух, які абапіраўся толькі на гістарычныя традыцыі і на асобныя нейкія аскабалкі, якія засталіся ад ранейшых палітычных, культурных традыцый, займеў вельмі цьвёрды грунт. Мы маем сваіх 25—30 працэнтаў, пра якія ўсе зараз гавораць. І менавіта тады яны высьветліліся, і менавіта тады яны фармаваліся. І гэта нямала. Гэта мільёны людзей, якія адназначна бачаць Беларусь іншай. Прайшоў яшчэ адзін гістарычны этап — 20 гадоў, я думаю, што зараз мы ўзьбіраемся на новую гістарычную, палітычную прыступку. Гэта ўсё ідзе цяжка, з мацнейшым супрацівам, чым ён быў на пачатку 90-х. Хоць, безумоўна, гэты супраціў уладаў вельмі моцна залежаў і зараз залежыць ад іхнай эканамічнай стабільнасьці. І тады гэтай стабільнасьці не было. Тады быў недавер татальны людзей да ўладаў, азлабленьне сытуацыяй, дэфіцыт, інфляцыя, нестабільнасьць эканамічная, якая цягнулася гадамі. Рэальна ўсё гэта пачалося ў 1988 годзе і за тры гады давяло да палітычнага перавароту. Зараз сытуацыя ў нечым паўтараецца, і я спадзяюся, што эканамічныя праблемы прымусяць грамадзтва больш сур’ёзна паставіцца да тых, хто намі кіруе. І адбудуцца палітычныя зьмены.
XS
SM
MD
LG