Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэдзкі міністар: “Арышт Бяляцкага – чарговае сьведчаньне адчаю Лукашэнкі”


Пра гэта швэдзкі міністар па эўрапейскіх справах Біргіта Ульсан напісала ў сваім блогу.

Паводле Біргіты Ульсан, у Стакгольме занепакоеныя арыштам вядомага беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. У 2006 годзе ён атрымаў прэстыжную швэдзкую ўзнагароду за працу, накіраваную на разьвіцьцё дэмакратыі і адстойваньне правоў чалавека ў Беларусі.

Міністар Ульсан асабіста ведае Бяляцкага. Яна сустракалася зь ім летась увесну і ўпэўненая, што той не адмовіцца ад барацьбы.

“Алесь Бяляцкі і ўсе іншыя палітзьняволеныя павінны быць вызваленыя!” – адзначае Біргіта Ульсан.

“Атака беларускага рэжыму на Алеся Бяляцкага азначае напад на беларускі рух за правы чалавека”, – заявіў у Стакгольме лідэр швэдзкай праваабарончай арганізацыі “Östgruppens” Марцін Угла.

Паводле Углы, арганізацыя “Вясна”, якой кіруе Бяляцкі, адыгрывае ключавую ролю ў аказаньні дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій рэжыму ў пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў летась у сьнежні. Сярод іншага, яна ладзіла скаардынаваны збор грошай для аплаты штрафаў, да якіх асудзілі ўдзельнікаў акцый пратэсту.

“Цяпер важна, каб міжнародная супольнасьць адпаведным чынам адрэагавала на сытуацыю і павялічыла ціск на беларускія ўлады дзеля вызваленьня ўсіх палітвязьняў”, – падкрэсьліў Марцін Угла.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG