Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы і прадстаўнікі беларускага грамадзтва пачалі кампанію па зборы паручальніцтваў за вызваленьне арыштаванага старшыні Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алеся Бяляцкага.

8 жніўня Алесь Бяляцкі знаходзіўся ў сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Менску ў статусе падазронага ў зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага артыкулам 243 (частка 2) Крымінальнага кодэксу —ўхіленьне ад сплаты падаткаў у асабліва буйных памерах. На "Валадарку" праваабаронцу зьмясьцілі 5 жніўня на 10 дзён, цягам якіх мусяць альбо выставіць абвінавачаньне, альбо вызваліць. Зьвестак пра тое, што 8 жніўня Бяляцкі сустракаўся са сьледчым і яму было выстаўленае абвінавачаньне, няма, паведаміў "Свабодзе" праваабаронца Ўладзімер Лабковіч:

"Па-першае, вось я гэтым зараз займаюся — мы афармляем перадачу, каб перадаць Алесю. Па-другое, з Алесем на дадзены момант зьбіраецца сустрэцца адвакат, магчыма, яны ўжо зараз сустракаюцца. Але нам невядома, ці плянуюцца на сёньня сьледчыя дзеяньні. Паколькі адвакат наконт гэтага не званіў, то, хутчэй за ўсё, не плянуюцца".

Паводле Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю, Алесь Бяляцкі мусіць сплаціць каля 150 мільёнаў рублёў, або 29 тысяч даляраў паводле курсу Нацбанку, з грошай, якія паступалі на ягоны рахунак у літоўскім банку. Калегі Бяляцкага кажуць, што гэтыя сродкі ішлі на дапамогу пацярпелым ад беларускага рэжыму — з 2003 году "Вясну" пазбавілі рэгістрацыі, і праваабаронцы мусілі шукаць розныя шляхі, каб працягваць сваю дзейнасьць. Пытаюся ва Ўладзімера Лабковіча, ці магчыма было "Вясьне" зарэгістравацца за мяжой, каб працаваць больш легальна?

Яшчэ раз выказваем шкадаваньне аб тым, што літоўскі бок праявіў такую нядбайнасьць, мякка кажучы

"Такія спробы не прадпрымаліся, бо мы як юрысты ведаем, што гэта бессэнсоўна. Бо мы беларуская арганізацыя, якая дзейнічае ў Беларусі, а рэгістрацыя ў іншай краіне ўсё роўна не дае права дзейнічаць у Беларусі. Паводле беларускага закону тут можна дзейнічаць толькі тым, хто зарэгістраваны тут. Нават калі гэта філія нейкай міжнароднай арганізацыі. Таму мы нават такіх спроб не рабілі. Для нас было галоўнае — найхутчэй і найэфэктыўней дапамагаць пацярпелым людзям, а не паглыбляцца ў розныя бюракратычныя цяжбы. Таму яшчэ раз выказваем шкадаваньне аб тым, што літоўскі бок праявіў такую нядбайнасьць, мякка кажучы".

Уладзімер Лабковіч таксама паведаміў пра пачатак збору паручальніцтваў за тое, каб Алеся Бяляцкага на час сьледзтва вызвалілі з-пад варты:

"Вясна" разам зь Міжнароднай фэдэрацыяй правоў чалавека і нашымі калегамі, беларускімі праваабаронцамі сёньня пачалі кампанію збору паручальніцтваў за вызваленьне Алеся Бяляцкага. Нам вельмі патрэбная дапамога беларускага грамадзтва ў гэтай справе. Мы плянуем у блізкім часе сабраць больш за тысячу такіх паручальніцтваў і пачнем іх перадаваць у пракуратуру".

Тым часам розныя беларускія арганізацыі, замежныя палітыкі і ўрады працягваюць дамагацца ад беларускіх уладаў вызваленьня Алеся Бяляцкага, называючы ягоны перасьлед палітычным.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG