Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская газэта: Шпіянаж Менску справакаў высылку дыпляматаў


Шпіянаж Менска стаў прычынай ўзаемнай высылкі ўкраінскіх і беларускіх дыпляматаў, піша украінскае выданьне "Зеркало недели. Украина". МЗС Беларусі устрымліваецца ад камэнтароў.

"Раней у якасьці адной з вэрсій канфлікту агучвалася рэакцыя прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на адказ ўкраінскага калегі Віктара Януковіча, які абвінаваціў яго ў "вашывасьці". Прычына высылкі дыпляматаў больш празаічна - але ня менш скандальная. Па зьвестках ZN.UA, на працягу апошніх чатырох месяцаў з Украіны за шпіянаж былі высланыя два вайсковыя аташэ Рэспублікі Беларусь ", - піша газэта 16 ліпеня.

Як адзначае выданьне, паміж спэцслужбамі краін СНД існуе дамоўленасьць ня весьці выведкавую дзейнасьць адзін супраць аднаго. "Але Менск (зрэшты, як і Масква) не прытрымліваецца гэтага пагадненьня. Напрыклад, карыстаючыся тым, што асобныя несьвядомыя ўкраінскія грамадзяне часта правозілі праз украіна-беларускую мяжу незадэкляраваныя блёкі цыгарэт, беларусы актыўна вэрбавалі украінцаў. З гэтай нагоды ўкраінскі МЗС не раз безвынікова перадаваў ноты беларускаму боку ", - падкрэсьлівае "Зеркало недели. Украина".

Пасьля рашэньня Кіева беларускія ўлады ў адказ выслалі двух украінскіх вайскоўцаў дыплямата - аташэ па пытаньнях абароны і ваеннага аташэ, піша газэта.

Пры гэтым выданьне падкрэсьлівае, што беларусы выйшлі за рамкі правілаў, прынятых у цывілізаваным сьвеце па частцы прынцыпу ўзаемнасьцi. "Менску было мала абвясьціць непажаданымі пэрсонамі ўкраінскіх ваенных дыпляматаў. Беларускай контрвыведкай быў разыграны "спэктакль", які павінен быў дыскрэдытаваць ўкраінскіх афіцэраў. І ў канцы траўня апошні супрацоўнік ваеннага аташэ амбасады Украіны быў вымушаны на працягу 24 гадзін пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь", - сьцьвярджае "Зеркало недели. Украина".

12 ліпеня МЗС Украіны адмовіўся камэнтаваць агенцтву "Інтэрфакс-Украіна" інфармацыю, якая зьявілася ў СМІ пра тое, што Кіеў і Менск абмяняліся высылкай дыпляматаў. "МЗС не будзе камэнтаваць гэтую інфармацыю СМІ", - заявіў дырэктар дэпартамэнта інфармацыйнай палітыкі МЗС Алег Валошын.

МЗС Беларусі таксама адмовіўся камэнтаваць агенцтву "Інтэрфакс-Захад" гэтую інфармацыю.

"Міністэрства замежных спраў Беларусі устрымліваецца ад камэнтароў па гэтым пытаньні", - заявіла карэспандэнту "Інтэрфакс-Захад" начальнік аддзела прэс-службы ўпраўленьня інфармацыі МЗС Беларусі Марыя Ваньшына.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG