Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інфляцыя ў Беларусі— 136% за паўгода. І гэта толькі пачатак


Аўтар фота — lie lie, Менск.
Аўтар фота — lie lie, Менск.
Сёлета ў Беларусі за першае паўгодзьдзе, паводле інфармацыі Белстату, быў зафіксаваны самы высокі ўзровень інфляцыі за апошнія 10 гадоў — 136,2%. Тым часам Міністэрства эканомікі прыняло рашэньне не падаўжаць тэрмін «замарожваньня» цэнаў на сацыяльна значныя тавары.

Рост цэнаў на спажывецкія тавары істотна апярэджвае агульныя паказчыкі інфляцыі, прызнала сёньня намесьніца старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэту Ірына Кангро:

«У чэрвені базавы індэкс спажывецкіх цэнаў склаў 141,1%, перавысіўшы агульны ўзровень інфляцыі амаль на 4,9».

Рэкардсмэны па росьце коштаў — крупы (у сталіцы проса падаражэла на 332%; рыс і грэчка — больш чым на 220%); кава і гарбата — на 209% і 201% адпаведна, а таксама рыба, мяса птушкі, садавіна і гародніна — больш як на 170%. Сярод прамысловых тавараў у лідэрах — тавары бытавой хіміі і мыйныя сродкі: 215%.

Ірына Кангро
Намесьніца старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэту Ірына Кангро прывяла лічбы і па прамысловых таварах:

«Падаражэлі сынтэтычныя мыйныя сродкі — у 2,2 раза, легкавыя аўтамабілі — у 2,1, папярова-белавыя тавары — у 2 разы, ровары, дызэльнае паліва, тавары бытавой хіміі — у 1,7; тэлевізары, будаўнічыя матэрыялы, парфумэрна-касмэтычныя тавары — у 1,6 раза».

Істотна падаражэлі і паслугі: хімчыстка і рамонт адзеньня і абутку — на траціну, газазабесьпячэньне — на 171%, міжнародны транспарт — у два разы.

Натуральна, рэальная пакупніцкая здольнасьць насельніцтва зьнізілася: калі ў сьнежні на сярэдні заробак беларус, да прыкладу, мог купіць 921 кіляграм бульбы, то ў траўні — толькі 693 кг; рыбы — адпаведна 171 і 104 кіляграмы.

Наколькі вырастуць цэны да канца году, ня змог спрагназаваць дырэктар Дэпартамэнту цэнавай палітыкі Міністэрства эканомікі Ігар Фамін: маўляў, усё залежыць ад грашова-крэдытнай, бюджэтна-падатковай палітыкі. А цэны зноў адпусьцяць на свабоду:

Ігар Фамін
«Мы пасьля маніторынгу сытуацыі не працягвалі тэрмін дзеяньня забароны на замарожваньне цэнаў па імпартэрах і вытворцах, таму што захады адміністрацыйнага рэгуляваньня павінны быць вельмі тонкія, вельмі гнуткія. І вельмі важна — ня толькі каб рынак спажывецкі забясьпечваўся таварамі, але і каб быў пэўны асартымэнт».

То бок на 13 пазыцый тавараў — рыбу, селядцы, сыры, крупы, агуркі, памідоры, яблыкі, бананы, лімоны, апэльсіны, каву, гарбату, мясныя субпрадукты, вараныя каўбасы, сынтэтычныя мыйныя сродкі — цэны адпусьцяць.

У той жа час Мінэканомікі ня будзе адмаўляцца ад кропкавага рэгуляваньня цэнаў:

«Мы не выключаем магчымасьці па асобных сацыяльна значных групах тавараў увядзеньня цэнавага рэгуляваньня на асобныя групы тавараў. Але яно ня будзе пастаянным».

Паводле слоў чыноўніка Мінэканомікі Ігара Фаміна, Беларусь будзе паступова павышаць цэны на спажывецкія тавары да ўзроўню краін-партнэраў па Адзінай эканамічнай прасторы — Расеі і Казахстану — каб ліквідаваць цяперашні дыспарытэт.

«Сама эканамічная лёгіка падказвае, што, канечне, калі мы ідзем у Адзіную эканамічную прастору, бяз мытных межаў — вялікага роскіду цэнаў апрыёры ня можа быць Ён можа быць эканамічна мэтазгодны ў межах транспартнага складніка, каб не было сэнсу вывозіць гэтыя тавары».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG