Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія пэрспэктывы выйсьця з эканамічнага крызісу?


Ужо хутка чатыры месяцы, як Беларусь жыве ва ўмовах эканамічнага крызісу. Ці наступіла пэўная стабілізацыя? Чаму ў траўні палепшыўся замежнагандлёвы балянс? Ці выканае Аляксандар Лукашэнка сваё абяцаньне да канца году ліквідаваць крызіс?

Удзельнікі: эканаміст Леанід Злотнікаў і экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Зьміцер Крук.

Леанід Злотнікаў
Зьміцер Крук
Валер Карбалевіч

Ці надышла пэўная стабілізацыя?


Валер Карбалевіч: «Хоць крызіс і працягваецца, але, здаецца, ніякіх радыкальных падзеяў у эканамічнай сфэры не адбываецца. Краіна атрымала крэдыт ад Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС у памеры 800 млн даляраў. Сытуацыя, здаецца, хоць і дрэнная, але стабільная. Суб’екты гаспадараньня да яе ўжо прызвычаіліся і знайшлі схемы працы. І абменны курс беларускага рубля на чорным рынку неяк зафіксаваўся на адным узроўні. Ці так гэта? Якія лятэнтныя працэсы адбываюцца ў беларускай эканоміцы?».

Леанід Злотнікаў: «Можна толькі адзначыць, што зьменшылася адмоўнае сальда замежнагандлёвага балянсу. Раней яно было каля 1 млрд даляраў у месяц, а ў траўні — каля 600 млн даляраў.

Але гэта не азначае, што валютны крызіс будзе пераадолены, а рынкавы курс рубля наблізіцца да афіцыйнага. Паводле афіцыйнай інфармацыі, грашовыя даходы насельніцтва зьнізіліся на трэць. І няма падставаў меркаваць, што напрыканцы года яны будуць расьці».

Думаю, гэтая стабілізацыя ня будзе працяглай.
Зьміцер Крук: «Думаю, гэтая стабілізацыя ня будзе працяглай. Сапраўды, трохі палепшылася сытуацыя ў замежным гандлі. Гэта адбылося таму, што ў траўні большасьць суб’ектаў гаспадараньня ня мелі доступу да валюты. У выніку скараціўся імпарт. Пасьля дэвальвацыі, зьніжэньня курсу рубля экспартэры атрымалі перавагу, павялічылася іх канкурэнтаздольнасьць. У выніку, паводле папярэдніх дадзеных, за травень можа атрымацца пазытыўнае сальда бягучага рахунку. Таксама ўпершыню за шмат гадоў пазытыўным можа быць сальда па замежным гандлі і паслугах.

Але гэта ня сьведчыць пра тое, што сытуацыя выраўнялася. Бо ў траўні мы яшчэ ня ў поўнай меры адчулі падвышэньне цэнаў. Цэны на энэрганосьбіты для прадпрыемстваў, то бок тарыфы на цеплавую і электраэнэргію, засталіся на ранейшым узроўні. Гэтыя ільготы фінансуюцца за кошт нафтаперапрацоўчай галіны і кампаній, якія пастаўляюць электраэнэргію („Белэнэрга“ і інш.). Гэта доўга працягвацца ня можа. Таму тарыфы будуць павышаныя. У выніку перавагі, якія маюць на зьнешніх рынках беларускія экспартэры, будуць скарачацца».

Замежнагандлёвы балянс


Карбалевіч: «І прэм’ер Мясьніковіч, і іншыя афіцыйныя асобы даводзяць: маўляў, станоўчая тэндэнцыя на зьмяншэньне дэфіцыту замежнагандлёвага балянсу азначае, што эканоміка аздараўляецца. Ці так гэта?».

Злотнікаў: «Акрамя гандлёвага балянсу, трэба яшчэ глядзець на фінансавы рахунак. За першы квартал гэтага году запазычанасьць замежным крэдыторам павялічылася на 3 млрд даляраў. Зь іх 2 млрд — гэта кароткатэрміновая запазычанасьць. Увогуле на пачатак году кароткатэрміновая запазычанасьць складала 12 млрд даляраў, а на канец першага кварталу яна склала 14 млрд даляраў. Гэта значыць, што цягам году Беларусь павінна выплаціць гэтую суму. А дзе яе ўзяць? І гэтая запазычанасьць таксама блякуе выхад з крызісу. Думаю, трэба чакаць яшчэ да канца году зьніжэньня курсу рубля».
Думаю, трэба чакаць яшчэ да канца году зьніжэньня курсу рубля.

Карбалевіч: «І калі сапраўды сытуацыя з замежным гандлем паляпшаецца, то чаму ж доўга не маглі знайсьці валюту для аплаты імпартаванай расейскай электраэнэргіі?».

Крук: «Гэта пэўны парадокс цяперашняй эканамічнай сытуацыі. Валютны курс, вызначаны Нацбанкам, ніжэйшы за раўнаважны курс. І гэта падштурхоўвае экспартэраў, у якіх ёсьць валюта, пазьбягаць яе абавязковага продажу. Ажыятажны попыт на валюту захоўваецца, хоць і зьменшыўся. Таму валюты на рынку і не хапае. А Нацбанк ня мае валюты, каб ажыцьцяўляць інтэрвэнцыю на біржы».

Пэрспэктывы выйсьця з крызісу


Карбалевіч: «Лукашэнка паабяцаў да канца году выправіць сытуацыю ў эканоміцы. Выступаючы на ўрачыстым паседжаньні 1 ліпеня, ён чарговым разам заявіў, што цягам некалькіх месяцаў мы стабілізуем эканоміку. Ці спраўдзяцца гэтыя абяцаньні? Можа, сапраўды ўлады знойдуць 10 млрд даляраў, што-небудзь прададуць і закрыюць дзіркі? Якія насамрэч пэрспэктывы выхаду з крызісу?».

Злотнікаў: «Пэрспэктывы ёсьць толькі на шляху рынкавых рэформаў. У зьвязку з дэвальвацыяй зьнізіўся кошт працоўнай сілы. І гэта прыцягальны чыньнік для інвэстараў. Можна прадаваць дзяржпрадпрыемствы.

Але замежныя інвэстары ня пойдуць сюды, пакуль ня будзе рынкавы абменны курс рубля ці пакуль у Нацбанку ня будзе дастаткова золатавалютных рэзэрваў, каб падтрымліваць стабільны курс, пакуль ня зьнізіцца інфляцыя. Але Лукашэнка заяўляе, што не адмовіцца ад беларускай сацыяльнай мадэлі. І гэта азначае, што пэрспэктывы змрочныя».

Крук: «Трэба ўдакладніць, што маецца на ўвазе пад словамі „выхад з крызісу“. Калі лічыць крызісам скарачэньне валавога ўнутранага прадукту, то гэтага няма.

Беларуская мадэль сутыкнулася з канцэптуальнымі цяжкасьцямі. Таму ёсьць вялікія сумневы, што мы хутка выйдзем з крызісу. Таму што ў гэтай мадэлі шмат стымулаў для нарошчваньня імпарту і мала — для росту экспарту, павышэньня канкурэнтаздольнасьці беларускай прадукцыі на зьнешніх рынках.

Калі мы прадамо „Беларуськалій“, знойдзем недзе 15 млрд даляраў, то сытуацыю можна закансэрваваць і казаць, што Беларусь — „тыгр“ Усходняй Эўропы. Таму бязь зьмены мадэлі пэрспэктывы выхаду з крызісу сумнеўныя».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG