Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгіёнах судзяць удзельнікаў акцыяў маўклівага пратэсту

абноўлена

Сёньня ля Ленінскага суду ў Горадні.
Сёньня ля Ленінскага суду ў Горадні.
У панядзелак у рэгіёнах пачаліся суды над затрыманымі 3-га ліпеня ўдзельнікамі акцыяў маўклівага пратэсту. Паводле зьвестак праваабаронцаў, агулам у абласных гарадах і райцэнтрах было затрымана 150 чалавек.

Падрабязнасьці пра брутальныя дзеяньні міліцыі й разгляд адміністрацыйных спраў у судах падаюць рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


У суд выклікалі карэспандэнта «Свабоды»

У Горадні сёньня пачаліся суды над тымі, каго затрымалі ўвечары 3 ліпеня. Позвы на 14 гадзінаў атрымалі 69 чалавек, пераважна моладзь. Сярод выкліканых у суд — і карэспандэнт «Свабоды» Міхась Карневіч. Яго пратрымалі ў судзе чатыры гадзіны, пасьля чаго выдалі новую позву — на 6 ліпеня.

Усяго ў Ленінскі раённы суд Горадні сёньня на 14 гадзінаў было выклікана 69 чалавек, каго затрымалі ў горадзе 3 ліпеня ўвечары. Большасьці далі новыя позвы менавіта на 6-га. Толькі двух аштрафавалі «за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці»: Максіма Белагубава — на 30 базавых адзінак і яшчэ аднаго з затрыманых — на 29 базавых.

Удзень у Горадні быў моцны дождж. Парасоны былі не ўва ўсіх, і большасьць выкліканых хавалася ад дажджу на ганку Ленінскага раённага суду. Калі суд адчыніўся пасьля абеду, зь дзьвярэй выйшаў міліцыянт і назваў першыя дзесяць прозьвішчаў. Потым сталі выклікаць іншых, гэтым наступным давалі новыя позвы.

Паведамляе Зьміцер Бандарчук: «І ўсе, акрамя дзесяцёх, выкліканыя паўторна — на шостага ліпеня, на сераду — зь дзевятай раніцы да паловы пятай, на розны час. А дзесяць чалавек, якія першыя зайшлі ў суд, — яны яшчэ там, то бок невядома, якія яшчэ прысуды будуць. І ў тым ліку сярод іх Карневіч, ён трапіў у першыя дзесяць чалавек, якіх выклікалі. Вынікаў мы пакуль ня ведаем».

Сярод моладзі, выкліканай у суд, вылучалася спадарыня, якую затрымалі за тое, што яна спрабавала фатаграфаваць хапун, учынены людзьмі ў цывільным. Адносна яе дзейнічалі даволі жорстка:
За ногі, за рукі ўзялі і занесьлі, таму што здымала камэрай.

«За ногі, за рукі ўзялі і занесьлі, таму што здымала камэрай. Аказваецца, нельга здымаць нават людзей у цывільным. Дзьве карткі памяці забралі. Ня ведаю, што цяпер будзе, вернуць іх мне ці не. Там шмат інфармацыі, здымкаў. Калі я прыйшла на сьвята, там стаяў чалавек і здымаў тых, хто прыходзіў. Гэта было і ў мінулую сераду, і 3-га ліпеня. Ці мелі яны права здымаць тых, хто прыйшоў на сьвята, органы ўлады? Я іх таксама сфільмавала за працай… Які ж страх? Гэта жах, што робіцца! Вось так — за рукі, за ногі. Хадзіць нельга? Але ёсьць Канстытуцыя, якая дазваляе хадзіць свабодна. Калі ўзяць усе гэтыя законы — усё было парушана».

ВІЦЕБШЧЫНА


Грашовыя штрафы за акцыю «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку»

Чатырох жыхароў Віцебску, затрыманых учора за тое, што фатаграфавалі акцыю маўклівага пратэсту, аштрафавалі на 70 тысяч кожнага.

Максім Дымаў, Віталь Грыгор’еў, Аляксандар Фадзееў і Васіль Коласаў былі затрыманыя 3 ліпеня праз дарогу ад плошчы Перамогі, на якой праходзіла акцыя «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку». Хлопцы казалі, што на акцыі не былі — толькі фатаграфавалі яе здалёк.

Казакі — падручныя міліцыянтаў

Міліцыянты, якія іх затрымлівалі, патлумачылі, што ім патэлефанавалі прадстаўнікі казацкай суполкі, якія нешта адзначалі ў вулічнай кавярні. У Першамайскім РАУС на кожнага склалі пратакол за лаянку матам у грамадзкім месцы, ноч хлопцы правялі ў пастарунку. Раніцай 4 ліпеня судзьдзя Першамайскага райсуду Валянціна Кісьмярошкіна прызнала ўсіх чатырох вінаватымі ў дробным хуліганстве.

Пяты ўдзельнік падзеяў, Валеры Раманенка, вырашыў аспрэчыць абвінавачаньне: запатрабаваў на суд адваката і казакоў у якасьці сьведак. Суд перанесьлі на няпэўны тэрмін.

На 7 ліпеня перанесены суд і над Алесем Галаванем — актыўным удзельнікам абмеркаваньняў на віцебскай старонцы «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку». Яго затрымалі прэвэнтыўна — яшчэ да пачатку акцыі маўклівага пратэсту на плошчы Перамогі:

«Мяне затрымалі ў 17:35. Я ішоў па праспэкце Чарняхоўскага, заўважыў трох міліцыянтаў. Яны, як мяне ўбачылі, адразу захваляваліся, рацыі схапілі. Усё, думаю, гэта па маю душу! Кажуць: „Пойдзем, паступіла тэлефанаваньне, што вы толькі што зьдзейсьнілі дробнае хуліганства“. І зьвяртаюцца да мяне „гаспадзін Галавань“. Я пытаюся: „Адкуль вы ведаеце, што я — Галавань?“. Кажуць: » А нам вас апісалі!«. Што, кажу, будзеце пісаць пратакол, што я лаяўся матам? Яны сказалі. «Паглядзім!».

У пратаколе запісана, што Алесь Галавань ня толькі лаяўся матам, ідучы ў адзіноце па вуліцы, але яшчэ й размахваў рукамі, чым абражаў іншых мінакоў. Хлопец запатрабаваў адваката, і судзьдзя Валянціна Кісьмярошкіна працэс перанесла.

Стандартнае міліцэйскае абвінавачваньне: «Брыдкасловіў і лузаў семкі»

Яшчэ аднаму затрыманаму, Алегу Сургану, загадалі чакаць позвы ў Кастрычніцкі райсуд. Яго таксама затрымалі 3 ліпеня каля плошчы Перамогі і склалі ў апорным пункце правапарадку на вуліцы Жасткова пратакол пра тое, што ён «лаяўся матам і лузаў семкі»:

«Падышоў да плошчы, а міліцыянты кажуць: „Прайдзёмце!“. Пытаюся: „Навошта?“. Кажуць: „А вы падобны да чалавека, які знаходзіцца ў вышуку!“. Прывялі і ў пратаколе напісалі, што я лаяўся матам — ішоў, мацюкаўся, а пры гэтым яшчэ лузаў семкі і пляваўся на плітку». Сказалі, каб чакаў позвы ў суд».

Алег Сурган — адзін з актывістаў, якія ў мінулым годзе некалькі разоў ладзілі акцыі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. 3 ліпеня загад на затрыманьне актывіста аддаў асабіста начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Кастрычніцкага РАУС Аляксандар Каліноўскі.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Да суду актывістаў трымалі ў ізалятары

Сёньня ў Цэнтральным і Чыгуначным судах Гомеля судзілі ўдзельнікаў «маўклівай» акцыі салідарнасьці, якая адбылася 3 ліпеня на прыпынку грамадзкага транспарту «Плошча Леніна». Падчас акцыі й пасьля яе схапілі звыш дзясятка мінакоў. Ноч яны правялі ў ізалятары. Трох актывістаў — Андруся Цянюту, Руслана Ўсьціменку, Паўла Прывалава — міліцыя прэвэнтыўна затрымала напярэдадні акцыі.

Асабліва жорстка судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Алена Цалкова пакарала рэгіянальнага прадстаўніка незарэгістраванага праваабарончага цэнтру «Вясна» Анатоля Паплаўнага — 15 сутак арышту. Спадар Паплаўны фатаграфаваў затрыманьне студэнта Гданьскага ўнівэрсытэту (Польшча) Зьмітра Сьцепанца. Міліцыянты схапілі і Анатоля, абвінаваціўшы яго ў лаянцы.

Міліцыянтам не спадабалася беларуская мова

У судзе спадар Паплаўны выказаў меркаваньне, што міліцыянтам не спадабалася ня толькі тое, што ён рабіў фотаздымкі, але й ягоная беларускамоўная гутарка.

Супраць праваабаронцы сьведчыў і камандзір узводу палку патрульна-паставой службы міліцыі, маёр Юры Грыцкоў.

Грыцкоў: «Дадзены грамадзянін выражаўся лаянкай у грамадзкім месцы».

Паплаўны: «Паглядзіце мне ў вочы! Як вам ня сорамна — ні перад Богам, ні перад судзьдзёй. Гэта ж трэба так хлусіць! Адкуль жа тады будзе давер да міліцыі?».

Судзьдзя: «Толькі лаяўся? Крычаў моцна?».

Грыцкоў: «Так. Там у рапарце ўсё напісана».

І хоць міліцыянты блыталіся ў сваіх сьведчаньнях, няўпэўнена казалі пра лаянку, судзьдзя Цалкова пакарала праваабаронцу шматдзённым арыштам.

Юрыст адной з грамадзкіх арганізацыяў спадар Назаранка, які сачыў за судовым працэсам, так пракамэнтаваў прысуд:
Было загадзя вядома, колькі каму дадуць.

«Ужо дакладна бачна, што загадзя было вядома, каму колькі даваць. Гэта пацьвярджаюць і супярэчлівыя паказаньні міліцыянтаў. Мне падаецца, што беларускамоўнаму Анатолю Ўладзімеравічу далі так шмат менавіта яшчэ й за тое, што ён беларускамоўны. Да яго неяк зьневажальна ставяцца, і асабліва міліцыянты».

Зьміцер Сьцепанец, як юрыст па першай адукацыі, вырашыў прызнаць віну ў лаянцы. Яго штурхнулі — ён вылаяўся. Прасіў як студэнта і сямейнага чалавека пакараць яго штрафам, каб мець магчымасьць быць з хворай дачкою. Аднак судзьдзя пастанавіла арыштаваць Сьцепанца на 2 сутак.

Таксама на 2 сутак арыштаваны й Валер Хамутоўскі, які заяўляў, што ніякага дачыненьня да акцыі ня мае. Ён ішоў да машыны зь вялікай сумай грошай — яго й схапілі.

Патрабаваў беларускую мову — выдалілі з судовай залі

Суд на Васілём Такарэнкам не адбыўся з прычыны яго адмовы размаўляць у судзе «на незразумелай яму расейскай мове». Ён патлумачыў судзьдзі, што не разумее, пра што яна пытаецца. Прасіў выклікаць перакладчыка. Судзьдзя загадала канвойным вывесьці Такарэнку з залі.

Галіну Стараселец судзьдзя Цалкова аштрафавала на 105 тысяч рублёў. Ёй таксама міліцыянты прыпісалі лаянку.

Рэгіянальны кіраўнік руху «За свабоду» Пятро Кузьняцоў, які бачыў учарашні хапун і прыйшоў у суд даведацца пра трох затрыманых сяброў руху, так выказаўся пра дзеяньні міліцыі супраць удзельнікаў «маўклівай» акцыі:

«Тое, што яны робяць, — гэта недапушчальна. Зачыніць прыпынак грамадзкага транспарту ў сьвяточны дзень, зачыніць цэнтральную плошчу ў сьвяточны дзень і проста караць тых людзей, якія фатаграфуюць, — гэта нейкае сярэднявечча, калі б у той час былі фотаапараты. Але зараз гэта такое сучаснае сярэднявечча».

За ўлёткі ў Жлобіне актывістаў арыштавалі на 15 сутак

І сёньня ж у Жлобінскім раённым судзе за раздачу 3 ліпеня ўлётак пра «маўклівую» акцыю салідарнасьці жорстка пакаралі актывістаў «Справядлівага сьвету» Валера Рыбчанку і Алега Кастусёва. Абодвух арыштавалі на 15 сутак.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Непаўналетні пра затрыманьне: «Спынілі, узялі пад рукі і пацягнулі»

Шаснаццацігадовы Сяргей Алексіевіч, другі адміністратар брэсцкай суполкі рэвалюцыі «ВКонтакте», зранку 3 ліпеня быў папярэджаны пра недапушчальнасьць удзелу ў акцыі. Да яго ў кватэру наведаліся міліцыянт і чалавек у цывільным. Аднак увечары яго затрымалі на галоўнай плошчы Брэста — плошчы Леніна.

Сяргей Алексіевіч: «У 10 гадзін я ішоў па плошчы Леніна на канцэрт. Да мяне падышлі два чалавекі ў цывільным. Адзін спытаўся: „Алексіевіч?“. Я сказаў: „Так“. Пасьля гэтага мяне заламалі, узялі пад рукі і пацягнулі. Чуў брыдкаслоўе ад супрацоўнікаў міліцыі. Чуў, што я ў нейкім сьпісе. Выклікалі інспэктара па справах непаўналетніх, і выявілася, што на мяне складзены рапарт, нібыта я ішоў па плошчы Леніна, мацярыўся і размахваў рукамі. Хоць я ішоў адзін, у мяне тэлефона не было з сабою. Я ніяк ня мог мацярыцца. Мяне пратрымалі крыху больш за тры гадзіны і адпусьцілі».

Увечары 3 ліпеня зьнялі назіраньне за кватэрай Яўгена Скрабца — актывіста Маладога фронту і адміністратара брэсцкай суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» «Вконтакте». На працягу дня пад ягоным пад’ездам дзяжурылі два аўтамабілі з асобамі ў цывільным і ў міліцэйскай форме.

Яўген Скрабец: «Карацей, учора, як мы і меркавалі з праваабаронцамі, пасьля заканчэньня акцыі ў 23:40 ад дома зьехаў „уазік“. Я спакойна, вольна прайшоўся цыгарэты сабе набываць. Як і падазравалі, мяне проста хацелі ізаляваць ад удзелу ў акцыі».

Пра тое, што сына 1 ліпеня затрымалі, бацькі даведаліся толькі 4-га
Бацька тэлефанаваў, нібыта ён зьнік. Але сёньня высьветлілася, што ён затрыманы, і яго даставілі ў суд.

Праваабаронца Раман Кісьляк паведамляе, што сёньня ў Берасьці адбываюцца суды над сеткавымі актывістамі. У пятніцу 1 ліпеня стала вядома, што затрымалі Івана Стасюка і Артура Анісімава. Аднак сёньня высьветлілася, што разам зь імі быў затрыманы яшчэ адзін актывіст.

Раман Кісьляк: «Быў затрыманы Чаркашын. Ягоны бацька тэлефанаваў, нібыта ён зьнік. Але сёньня высьветлілася, што ён затрыманы, і яго даставілі ў суд Маскоўскага раёну Берасьця.. Абвінавачваецца стандартна ў дробным хуліганстве. Гэта такі спосаб паддаць іх адвольнаму затрыманьню і адвольнаму арышту. Супрацоўнікі міліцыі сьведчаць супраць іх».

Артура Анісімава асудзілі на шэсьць сутак адміністрацыйнага арышту.

Апазыцыя выхоўвае міліцыю

Раней «Свабода» паведамляла пра дэмакратычнага актывіста Уладзіміра Гундара — інваліда другой групы, які пацярпеў, калі яго жорстка затрымлівалі на акцыі баранавіцкія міліцыянты. Пасьля яго публічнай скаргі Баранавіцкі ГАУС мусіў адмежаваць радавых й сяржантаў міліцыі ад затрыманьняў людзей на плошчы. Пра гэта сёньня «Свабодзе» паведаміў Уладзімір Гундар:

«Ужо 3 ліпеня ў нас на плошчы не было ніводнага шараговага міліцыянта. Сачылі за акцыяй толькі афіцэры. Ужо тут, відаць, не давяраюць шараговым. Бо такому што ні загадаюць, то ён ілбом сьценку разаб’е. Таму на апошняй акцыі радавыя й сяржанты сядзелі ў аўтобусе. А аўтобус быў адагнаны, як гаворыцца, на задворкі».

МЕНШЧЫНА


У панядзелак у Смалявічах судзілі 6 удзельнікаў акцыі пратэсту

Учора вечарам у Смалявічах на цэнтральнай плошчы затрымалі маладых людзей, сярод якіх былі Яўген Кутузаў, Яўген Саблеў, Віктар Баўман, Павал Трухановіч, Ягор Драгун.

«Спадар Уладзімер Чайчыц трапіў у міліцыю разам з паўтарагадовым унукам Янам Чайчыцам», паведаміў «Свабодзе» Міхась Хвядчэня.

Па словах суразмоўцы, маладыя людзі — актывісты грамадзкай ініцыятывы «За новыя Смалявічы». 3 ліпеня яны былі на акцыі ў Менску, а вечарам прыйшлі на цэнтральную плошчу райцэнтру, дзе іх і затрымалі.

Сёньня адбыўся суд. Пра яго рашэньне — Міхась Хвядчэня:

«Рашэньне суду — стандартнае: актывісты абвінавачаныя ў непадпарадкаваньні міліцыі. Кожны з затрыманых пакараны грашовым штрафам у памеры 20 базавых велічыняў, альбо 800.000 рублёў. Спадар Уладзімер Чайчыц запатрабаваў адваката. Таму разгляд яго справы перанесены на пасьля».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG