Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 ліпеня ў менскіх судах пачаліся працэсы над затрыманымі падчас акцыі маўклівага пратэсту на Прывакзальнай плошчы ўвечары 3 ліпеня. Усяго, паводле праваабаронцаў, учора ў Менску было затрымана больш за 200 чалавек.

Алену Дробаву судзіў судзьдзя Маскоўскага раённага суду Юры Сезін. Да гэтага ён асудзіў на 5 сутак затрыманага на Прывакзальнай плошчы Андрэя Галоўкіна. Галоўкін прызнаў перад судзьдзём сваю віну — што размахваў рукамі і брыдкасловіў, хоць у перапынку сказаў журналісту, што нічога гэтага не рабіў, але яму паабяцалі, што тады пакараньне будзе ня 10 сутак, а ўдвая меншае.

Алена Дробава віны не прызнала. Дзяўчына да апошняга казала, што толькі стаяла непадалёк ад крамы «Аксіс» на плошчы і што гэтаму ёсьць сьведкі — яе сяброўкі. Пра свой першы дзень на Акрэсьціна Алена пасьпела распавесьці:

«Нас затрымалі і абвінавачваюць паводле артыкула 17.1 аб нецэнзурнай лаянцы ў грамадзкім месцы. Дык вось увесь час нашага знаходжаньня ў міліцыі і на Акрэсьціна мы чуем гэта ад міліцыянтаў».

Алене Дробавай прыйдзецца прабыць на Акрэсьціна пад арыштам яшчэ 9 сутак.

За некалькі хвілін да абеду ў Маскоўскі суд прывезьлі 15 затрыманых. Суды пачаліся адразу пасьля абеду, калі сьпісы яшчэ не былі вывешаныя і сваякі ня ведалі, дзе і які судзьдзя будзе судзіць іх родных. Але нават калі ўжо стала вядома, які судзьдзя і каго будзе судзіць, трапіць на працэсы ўдавалася ня ўсім. Ганну Бязрукаву судзіла судзьдзя Алена Шылько. Сваякам і журналістам судзьдзя сказала пачакаць, а сама пайшла праводзіць працэс. Праваабаронцы лічаць, што гэта быў працэс фактычна за зачыненымі дзьвярыма. Прысуд Ганьне Бязрукавай невядомы.
Валянцін Стэфановіч: Інакш як такімі жорсткімі пакараньнямі ўлада, відаць, ня можа зьбіць хвалю пратэстаў.

Затрымалі яе, дарэчы, на прыпынку гарадзкога транспарту на вуліцы Кірава. Ганна Бязрукава заступілася за Мікіту Мазурэнку, якога міліцыянты ў цывільным зьбівалі і цягнулі ў аўтазак. «Яна ехала дамоў, ня мела ніякага дачыненьня да акцыі», — кажа Ганьнін муж Юры.

«Забралі, як кажуць, да кучы. Едзе, як звычайна, з працы праз вакзал. А тут якраз хапун пачаўся. Забралі. Сама потым пазваніла. А больш нічога ня ведалі».

Шмат хто з тых, хто з раніцы чакаў каля Маскоўскага суду, ня ўбачыў прозьвішчаў сваіх сваякоў і знаёмых у сьпісе. Не знайшлося ў сьпісе Паўла Шараміцкага, Кацярыны Мікіценкі, Жымойдзіка ды іншых. На Акрэсьціна, дзе трымалі гэтых людзей, сваякам адказвалі, што іх вывезьлі, але ў судзе гэтага не пацьвярджалі. Праваабаронцы не выключаюць, што суды над тымі, каго не асудзілі «ў першай хвалі», пройдуць 5 ліпеня ці будуць перанесеныя на невядомы тэрмін, як было 30 чэрвеня.

Праваабаронца зь «Вясны» Валянцін Стэфановіч: «Ужо вядома пра сама меней 14 прысудаў у розных судах, і ўсе — адміністрацыйныя арышты. Гэта сьведчыць пра тое, што ўлады ўсё больш жорстка рэагуюць на акцыі маўклівага пратэсту. Пачыналі проста з затрыманьняў, потым перайшлі да штрафаў. Цяпер караюць арыштам. Прычым на Акрэсьціна „пераначавалі“ ўжо 140 чалавек, і няма падстаў думаць, што іх чакаюць іншыя прысуды. Інакш як такімі жорсткімі пакараньнямі ўлада, відаць, ня можа зьбіць хвалю пратэстаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG