Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сеткавую рэвалюцыю» абмяжоўваюць міліцыя і адміністратары з сэрвісу «Вконтакте»


Прыхільнікі кампаніі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» заклікалі сёньня правесьці ў Менску тры маўклівыя акцыі пратэсту супраць дзейнага рэжыму, а таксама наладзіць аналягічныя акцыі ў іншых гарадах Беларусі. Улады ўсяляк імкнуліся сарваць гэтыя пляны.

Увечары 1 ліпеня кампанія «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» распаўсюдзіла «стратэгію на 3 ліпеня». Але 2 ліпеня старонка групы была заблякаваная. Даступнай для карыстальнікаў застаецца толькі так званая сьцяна абмеркаваньня. Зьвязацца з адміністратарамі сеткавага праекту, якія знаходзяцца ў Санкт-Пецярбургу, цягам выходных не ўдалося.

Па задуме аўтараў, першы этап маўклівага пратэсту плянавалася правесьці падчас параду. Удзельнікі павінны былі падыйсьці як мага бліжэй да трыбуны, і калі Лукашэнка пачне прамаўляць, пачаць актыўна пляскаць у ладкі.

У сацыяльных сетках падчас параду зьяўляліся паведамленьні, што некалькі маладых людзей, як толькі яны пачалі пляскаць, затрымалі людзі ў цывільным. Але масавых апладысмэнтаў не было.

Адзін з ініцыятараў, Вячаслаў Дзіянаў, прызнае:

«Мы лічым, што першы этап па нашым сцэнары не пайшоў, нам яго спынілі. Але эфэкт быў: людзі пасьля выступу Лукашэнкі ня сталі пляскаць. Іх так усіх запалохалі — і БРСМаўцаў, і курсантаў — што яны ня сталі сустракаць прамову Аляксандра Лукашэнкі авацыямі».

Спэцыяліст па сацыяльных сетках Аляксей Лявончык даў такую ацэнку сёньняшняй акцыі:

«Гэта першыя, па сутнасьці, прыклады такіх акцый у Беларусі, таму я і не чакаў ад пачатку, што гэта будзе вельмі масавай зьявай».

Карэспандэнтка: «Але вось гэтыя блякаваньні груп усё ж такі ўплываюць? Або карыстальнікі сацсетак — людзі прасунутыя і здолеюць абысьці блякаваньне?».
На дадзены момант, мне так падаецца, пакуль няма такой матывацыі, вялікага арганізацыйнага пачыну.

«Прасунутых людзей сярод карыстальнікаў сацыяльных сетак ня так ужо і шмат, можа, адзін адсотак. Скажам так: калі людзей шмат і яны ўсе матываваныя, то можна паствараць купку дадатковых груп, можна падстрахавацца, можна адразу перанакіроўваць людзей на альтэрнатыўныя групы. На дадзены момант, мне так падаецца, пакуль няма такой матывацыі, вялікага арганізацыйнага пачыну — заблякавалі гэтую групу, і каб хуценька скаардынаваць дзейнасьць і перанакіраваць, патрэбны час. Каб было шмат актыўных людзей, то такое перанакіраваньне адбылося б хутчэй. Ну, а на дадзены момант у нас усё толькі пачынаецца, і на гэта патрэбны час».

Працяг стратэгіі прадугледжваў, што нязгодныя з уладамі ва ўсіх гарадах Беларусі зьбяруцца на прывакзальных плошчах.

Вячаслаў Дыянаў працягвае: «У 19:00 у нас сустрэча на Прывакзальнай плошчы — наступны этап акцыі».

Карэспандэнтка: «Спадзеяцеся, што больш шматлюдна і больш актыўна яна пройдзе?».

«Ну, па-першае, маса будзе больш аднародная, чым тая — расчлененая. І Прывакзальную плошчу складаней перакрыць».

Вячаслаў Дыянаў спадзяецца, што блякаваньне часовае. Да таго ж ініцыятары будуць шукаць альтэрнатыву:

«Я спадзяюся, што нас разблякуюць хутка. Таму што ў выходныя адміністратар „Вконтакте“ не працуе. Мы ўзьнялі СМІ. Мы ж закон не парушалі. Па-другое, канечне ж, мы шукаем альтэрнатыўныя шляхі. Створана альтэрнатыўная група „Вконтакте“. Будзем асвойваць іншыя сацыяльныя сеткі, на якія нельга такім чынам паўплываць. Будзем далей працаваць — узмоцнена і не спыняючыся, здавацца мы не зьбіраемся».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG