Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новага мыта яшчэ няма, а аўтарынак ужо заціх


За тыдзень да ўвядзеньня новага мыта на легкавікі, якія ўвозяцца з-за мяжы, аўтамабільны рынак фактычна «лёг». Самі гандляры тлумачаць гэта тым, што бальшыня як беларусаў, так і пакупнікоў з Расеі ды Казахстану ня сталі цягнуць да апошняга і абнавілі пэрсанальны аўтапарк загадзя. Зь іншага боку, экспэрты прагназуюць зьніжэньне коштаў ужываных машын да восені, бо па цяперашніх цэнах рэалізаваць увезеную вялікую колькасьць аўтамабіляў унутры Беларусі будзе праблематычна.

Пасьля аўтамабільнага «хапуна», які цягнуўся колькі месяцаў, сёньня на аўтарынку «Малінаўка» пануе цішыня. Адзін зь перагоншчыкаў кажа, што людзі ўжо набраліся звыш меры і цяпер проста чакаюць, у які бок будуць разгортвацца падзеі:

«Практычна ніхто нічога не купляе. Машыны стаяць, але руху амаль няма. Народ пераважна прыцэньваецца. Па-першае, выбар зараз не такі і вялікі, бо застаўся, як кажуць, неліквід. Па-другое, цэны ўсё ж „задраныя“, бо арыентаваныя на ажыятаж. Як на мой погляд, то людзі ходзяць пераважна дзеля таго, каб толькі прыкінуць цану. Іншымі словамі, паглядзець, што па чым — перад тым як залезьці ў інтэрнэт і пачытаць, што дзе прадаецца. То бок ідуць на рынак і проста глядзяць цэньнік. Я, прыкладам, ня ведаю нікога са сваіх знаёмых, хто б за апошні час набыў машыну на аўтарынку».

Іншы прадпрымальнік лічыць, што яшчэ ёсьць час, каб забясьпечыць сабе беспраблемнае існаваньне як мінімум да 2013 году, калі расейскія межы адкрыюцца для ўвозу аўтамабіляў, завезеных у Беларусь да канца мінулага году:
Сёньня ў выніку ажыятажу не прайграў ніхто.

«Сёньня ў выніку ажыятажу не прайграў ніхто, бо, паезьдзіўшы, як гэта і было раней, год-два, людзі змогуць абсалютна беспраблемна гэты аўтамабіль прадаць на другасным расейскім рынку. І адназначна, што гэты аўтамабіль не патаньнее — я маю на ўвазе глябальна, не якуюсьці канкрэтную мадэль. Адпаведна, тыя, хто паддаўся ажыятажу і своечасова памяняў аўтамабіль, абсалютна не прагадалі».

Актыўнасьць назіраецца хіба што на рынку аўтазапчастак. Аднак цэны тут, на думку пакупнікоў, неадэкватна завышаныя. Гандляры ж кажуць, што мусяць закладаць у цэньнік выдаткі на набыцьцё валюты, якой разьлічваюцца за імпартныя пастаўкі. Аўтааматары, у сваю чаргу, кажуць, што не абавязаныя аплачваць вынікі рызыкоўнай дзяржаўнай палітыкі:

«Запчасткі на аўтарынку каштуюць шалёных грошай. Калі, прыкладам, расплачваесься беларускімі рублямі, то гандляры пералічваюць за даляр па 10 тысяч. То бок калі за беларускія хочаш нешта набыць, то аўтаматычна яна даражэе амаль удвая. Калі запчастка каштуе 50 даляраў, яны яе пералічваюць па 10 тысяч, у выніку кавалак мэталу каштуе як заробак выхавацелькі ў дзіцячым садку».

Экспэрт у аўтамабільнай галіне Аляксей Бабайцаў перакананы, што ўлады зрабілі вялікую памылку, забраўшы ў беларусаў магчымасьць езьдзіць на даступных замежных аўто. І гэта пры тым, што верагоднасьць арганізацыі зборачнай вытворчасьці легкавых аўтамабіляў у Беларусі зьведзеная да мінімуму:

«Зразумела, што гэта фактычна зьніжэньне ўзроўню жыцьця, бо гэта немагчымасьць набыць аўтамабіль адпаведнай якасьці і па адпаведным кошце ў нейкай акрэсьленай пэрспэктыве. Самае галоўнае, што пэрспэктыва ніяк не абазначана ні ўрадам, ні ўвогуле кіраўніцтвам краіны. То бок, як будзе вырашацца ў далейшым пытаньне з узроўнем мыта, якое тут рэальнае бачаньне, наколькі доўгатэрміновае гэтае рашэньне — пакуль што адказаў на гэтыя пытаньні мы ня маем. Разам з тым, калі і можна абстрактна казаць, што з падняцьцем узроўню мыта магчымасьці ці патэнцыял для стварэньня нейкіх уласных вытворчасьцяў у Беларусі ўзмацняецца, узрастае прывабнасьць для стварэньня нейкіх пляцовак, то ў тых рэальных умовах, якія мы бачым, гэтыя пэрспэктывы больш чым туманныя. Хутчэй, прагноз можна даць нэгатыўны, што ў бліжэйшыя некалькі гадоў у Беларусі будуць створаныя нейкія новыя вытворчасьці легкавых аўтамабіляў».

Між тым прыток аўтамабіляў у Беларусь працягваецца. На беларуска-польскай і беларуска-літоўскай межах чэргі на ўезд вымяраюцца суткамі і больш. За тыдзень перад рэзкім падвышэньнем кошту «растаможкі» беларусы намагаюцца скарыстаць апошнюю магчымасьць увезьці аўто па прымальных мытных тарыфах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG