Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ford» будзе раздаваць паліва за веданьне беларускай мовы


Кампанія «Ford» будзе заахвочваць знаўцаў беларускай мовы бясплатным бэнзінам. Эўрапейскі вытворца аўтамабіляў і «Новае радыё» Менск 98.4 FM анансавалі сумесны праект «Добры Форд».

Пяць хвілін штодня, з 17.45 до 17.50, слухачам будуць задаваць пытаньні на веданьне беларускай мовы. Пераможца, які першы патэлефануе ў жывым эфіры з правільным адказам, атрымае 35 літраў аўтамабільнага паліва на выбар. Прызавое паліва будзе разыгрывацца на хвалях «Новага радыё» 98.4 FM у будзённыя дні з 22 чэрвеня па 12 ліпеня.

Кіраўнік аддзелу маркетынгу кампаніі «Атлант М Вест» (афіцыйнага імпартэра «Ford» у Беларусі) Сяргей Скляраў распавёў Радыё Свабода:
Я зьвярнуў увагу на той трэнд, што колькасьць беларускамоўных кліентаў у нас павялічваецца..

«Першая наша мэта — крыху адарвацца ад канкурэнтаў і паспрабаваць размаўляць зь людзьмі інакш, чым іншыя. Гэта чыста з маркетынгавага пункту гледжаньня. Дарэчы, я зьвярнуў увагу на той трэнд, што колькасьць беларускамоўных кліентаў у нас павялічваецца. Менавіта таму мы вырашылі зрабіць нашы камунікацыі з патэнцыйнымі кліентамі на беларускай мове. Хачу падкрэсьліць, што мы не былі піянэрамі ў гэтым, і раней многія вядомыя міжнародныя кампаніі пасьпяхова запускалі рэкляму на беларускай мове.

Што тычыцца гэтага праекту, лінгвістаў, філёлягаў адмыслова мы не запрашалі. Улічваючы фармат перадачы, тое, што кіроўцы будуць тэлефанаваць у рэдакцыю, знаходзячыся за рулём, пытаньні будуць дастаткова простыя. Акцэнт будзе рабіцца на ўвагу чалавека, а не на паглыбленае веданьне беларускай мовы».

Зараз кампанія «Ford» у Беларусі робіць першыя крокі — білборды, слоганы, рэклямныя ролікі на радыё, якія таксама загучаць па-беларуску. Ратацыя беларускамоўных рэклямных ролікаў кампаніі пачнецца на радыё адначасова са стартам праекту «Добры Ford».

«Мы гатовыя бясплатна заправіць беларусаў. Галоўнае, каб яны любілі сваю краіну, сваю мову і якасны сэрвіс «Ford», — кажа кіраўнік аддзелу маркетынгу Сяргей Скляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG