Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтамабіль зноў стане раскошай


Ад 1 ліпеня танныя патрыманыя іншамаркі для многіх беларусаў стануць недаступнымі: новае мыта ў разы перакрые цану машыны, купля будзе ўжо бессэнсоўнай. У зьвязку з новымі правіламі на аўтамабільным рынку незалежныя эканамісты, фінансавыя аналітыкі, прадпрымальнікі наладзілі круглы стол, падчас якога акцэнтаваліся на двух пытаньнях: чые інтарэсы адлюстроўвае падвышэньне мыта і якія наступствы гэта будзе мець для ўнутранага рынку?

Многія экспэрты перакананыя: ажыятаж на аўтамабільным рынку, які кіраўніцтва Беларусі намагаецца выставіць першапрычынай валютнага дэфіцыту, спарадзілі самі ж улады. Дакладней, памылкова пралічаная выгода ад нібыта танных расейскіх энэргарэсурсаў узамен на ахвяраваньне аўтаімпартам. Як кажа фінансавы кансультант Сяргей Чалы, Масква ўжо папярэдзіла Менск, што нафты па ўнутрырасейскіх коштах ня будзе, таму ад чаканай эканоміі ў 3,5—4 мільярды даляраў застаюцца 1,5 мільярда. І гэта пры тым, што аналягічную суму бюджэт мае ад "растаможкі" іншамарак. У выніку, як кажа спадар Чалы, бюджэт нічога не атрымае, а насельніцтва перасадзяць на сумнеўную прадукцыю расейскага аўтапраму:

"Што тычыцца наступстваў, то відавочна прайграе насельніцтва. Не сакрэт, што да нядаўняга часу па тым узроўні жыцьця, як кажуць, дакрызіснага, аўтамабіль у нас мог сабе дазволіць сабе практычна кожны. Прычым аўтамабіль досыць прыстойны, які мог бы без праблемаў праезьдзіць 2—3 гады. То бок замежная машына ў межах 4—5 тысяч даляраў для беларусаў стала абсалютна даступнай. Цяпер жа гаворка ідзе пра тое, што кошт такіх легкавікоў аўтаматычны вырастае як мінімум удвая, і зразумела, што пры скарачэньні прыбыткаў раза ў паўтара гэта, вядома ж, паказьнік далейшых пэрспэктываў у гэтай сфэры. То бок паказьнік даступнасьці аўтамабіляў падае да мінімуму. Машына зноў робіцца раскошай, а ня сродкам перасоўваньня".

Экспэрт Чалы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:17 0:00



Маркетоляг, аналітык у галіне аўтамабільнага бізнэсу Аляксей Бабайцаў згодны з тым, што крайнімі застануцца шараговыя беларускія спажыўцы. Асабліва гэта будзе заўважна ва ўмовах рэзкага падзеньня заробкаў, а таксама немагчымасьці канвэртацыі абясцэненага рубля:

"У найгоршым становішчы, вядома, спажывец. Гэты бок прайграў у чыстым выглядзе, а з улікам крызісу рынак фактычна пазбаўляецца гэткага дэмпфэру ў выглядзе другаснага аўтарынку, які вельмі гнутка рэагаваў у цэнавых адносінах на ўзровень прыбыткаў. Зараз гэтага ня будзе, бо рынак новых аўтамабіляў нашмат менш гнуткі. Адпаведна, з таго, што даступна, застаецца толькі другасны рынак расейскіх аўтамабіляў — дакладней, краінаў Мытнай прасторы. Таму, з майго гледзішча, беларускі спажывец — той бок, які прайграў цалкам, і на сёньня нельга нават сказаць, што ён у роўных умовах з расейскім спажыўцом, бо, калі гаварыць у сярэднім, доля выдаткаў хатніх гаспадарак, якая можа траціцца на аўтамабілі, у нас ніжэйшая, чым у Расеі. А ва ўмовах крызісу яна яшчэ больш рэзка зьніжаецца".

Экспэрт Бабайцаў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:22 0:00



Менскі прадпрымальнік Аляксандар Іваноў патлумачыў, што страчваюць беларусы пасьля ўвядзеньня новага мыта, уніфікаванага з расейскім:

"Скажам, аўтамабіль за мяжой каштуе 2 тысячы эўра, накладныя выдаткі па дастаўцы і заробак перагоншчыка — 1 тысяча эўра, мытныя плацяжы — яшчэ 1 тысяча. На выхадзе для спажыўца атрымліваем 4 тысячы эўра. Пасьля 1 ліпеня, калі пакінем тыя ж 2 тысячы эўра, тую ж тысячу на транспартныя выдаткі, але дадамо мінімальную "растаможку" ў памеры 4 тысячы эўра, то для спажыўца гэтая сума стане ўжо 7 тысяч. І нават калі кошт машыны зьменшыцца, то ад 2 тысяч да колькі? У мінус жа ён ня зьменшыцца ў любым выпадку. Мыта фактычна робіць машыну ўдвая даражэйшай. Калі аб'ём рухавіка 2—2,5 літра, то плацяжы даходзяць да 10—15 тысяч эўра. То бок каштуе яна, да прыкладу, 5 тысяч эўра, транспартныя выдаткі складуць тую ж тысячу, а мытныя плацяжы — 15 тысяч. Гэта значыць, машына вырасьце з 5 тысяч да 21 тысячы ў любым выпадку".

Экспэрт Іваноў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:22 0:00



Летась шэраг грамадзкіх дзеячаў і палітыкаў ініцыявалі правядзеньне агульнанацыянальнага рэфэрэндуму супраць падвышэньня мыта на замежныя аўтамабілі. Непапулярнае рашэньне тады адтэрмінавалі на год. Кіраўнік ініцыятыўнай групы Ігар Лялькоў кажа, што за прамінулы пэрыяд ніякіх новых падставаў для ўвядзеньня такога мыта не зьявілася:

"Няма супярэчнасьцяў паміж удзельнікамі круглага стала, што галоўны бэнэфіцыяр гэтай меры — Расея, то бок зьнешні гулец. Што тычыцца балянсу інтарэсаў унутрыбеларускіх, то ён абсалютна ня вытрыманы. Тыя групы, пра якія можна ўмоўна лічыць, што яны ў чымсьці выйграюць — напрыклад, дылеры, юрыдычныя асобы, якія прадаюць аўтамабілі, страхавыя кампаніі ці банкі — гэта ўсё ж маленькі працэнт ад усяго беларускага насельніцтва. Пераважная большасьць жыхароў Беларусі ад гэтага прайграе. І ў тым ліку выглядае, што, хутчэй за ўсё, прайграе і дзяржава. Хоць яна і харахорыцца, што будзе ад гэтага выгада, але незалежныя эканамічныя разьлікі паказваюць: прайграе і беларуская дзяржава, беларускі бюджэт. Таму рашэньне выглядае як навязанае зьнешняй сілай, у інтарэсах гэтай жа зьнешняй сілы, і для Беларусі ніякіх пазытываў, ніякіх плюсоў у гэтым няма".

Экспэрты кажуць, што на хвалі ажыятажу беларусы на шмат гадоў забясьпечылі ўнутраны рынак патрыманымі аўто. Пасьля 1 ліпеня прадаць у Расею машыны зь беларускай рэгістрацыяй, увезеныя пасьля 1 студзеня 2011 году, будзе немагчыма. А пры ўсё меншай колькасьці платаздольных пакупнікоў унутры краіны аналітыкі ўжо да восені прадказваюць істотнае зьніжэньне коштаў на замежныя аўтамабілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG