Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі Натальлі Радзінай: «У нашай дачкі ўсё ў парадку»


Натальля Радзіна з мамай Надзеяй Максімаўнай, архіўнае фота.
Натальля Радзіна з мамай Надзеяй Максімаўнай, архіўнае фота.
Бацькі журналісткі Натальлі Радзінай Валянцін Дзьмітрыевіч і Надзея Максімаўна кажуць, што Натальля тэлефануе нячаста. Размовы даволі кароткія, але галоўнае, што з дачкой усё ў парадку. Натальля Радзіна больш за месяц правяла ў СІЗА КДБ як зьвінавачаная ў арганізацыі «масавых беспарадкаў» 19 сьнежня летась. Пазьней журналістку выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе, яна жыла ў Кобрыне. 31 сакавіка Натальля ўцякла за мяжу.

Валянцін Дзьмітрыевіч кажа, што Натальля тэлефануе, але мала распавядае пра сябе. У размове галоўным чынам падтрымлівае бацькоў, просіць не хвалявацца, сачыць за сваім здароўем:

«Нічога практычна не сказала нам пра тое, дзе яна, ці працуе, дзе знаходзіцца. Маці задала ёй гэтае пытаньне, але Натальля так нічога і не адказала. Таму мы пазьней перасталі гэтае пытаньне агучваць. Галоўнае, што пераканаліся, што ў яе ўсё ў парадку».
«Натальля пакуль не сказала нам, дзе яна».

Паводле бацькі журналісткі, Натальля ведае пра падзеі ў краіне, абураецца прысудамі кандыдатам у прэзыдэнты. З боку міліцыянтаў і КДБ у адносінах да бацькоў няма нейкіх правакацый ці перасьледу:

«Цяпер усё ў парадку. Калі Натальля была, дык сачылі. А пасьля таго як яна зьехала, дык былі праблемы. Але цяпер не прыходзяць ды не тэлефануюць нам».

Надзея Максімаўна Радзіна кажа, што пасьля ад’езду Натальлі моцна перажывала. Але шмат хто зь неабыякавых людзей тэлефанаваў, выказваў сваю падтрымку:

«Са здароўем шмат праблем. Але, як мне падаецца, цяпер няма цалкам здаровых людзей. Даводзіцца ўжываць лекі. Працы шмат. Вядома, сямейныя праблемы цяжка адбіваюцца. Сачу за навінамі. Жах, што цяпер адбываецца ў краіне. У нас зараз няма кампутара. Але мы глядзім тэлеканал „Белсат“. Набываем газэты, пакуль яны яшчэ прадаюцца».

Быць абыякавым да цяперашняй сытуацыі немагчыма, кажа маці журналісткі:

«Цяпер усё ідзе да поўнага развалу. Гэта проста жах. Людзі ўжо на мяжы цярпеньня. Увогуле так склалася, што зьнікла Натальля, потым выбух у мэтро адбыўся. Я жыла на адных леках. А яшчэ такія сны цяжкія сьніліся. Страшна было».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG