Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Радзіна ў лягеры ўцекачоў у адной з эўрапейскіх краінаў


Натальля Радзіна, архіўнае фота
Натальля Радзіна, архіўнае фота
Журналістка Натальля Радзіна выйшла на сувязь з рэдакцыяй сайта charter97.org. Яна ў лягеры для уцекачоў. Краіну пакуль не называе.

Наташа, як табе удалося выйсьці з-пад «апекі» КДБ і выехаць з Беларусі?

Я б не хацела раскрываць падрабязнасьці, гэта можа нашкодзіць тым людзям, якія мне дапамаглі. Магу сказаць, што гэта было не спантаннае рашэньне, падставай стаў выклік на допыт у КДБ, адкуль я магла дадому ужо не вярнуцца. Я удзячная усім, хто дапамог мне выехаць, з іх боку гэта быў сапраўдны подзьвіг.

Дзе ты цяпер, і калі будзеш гатовая пагаварыць з прэсай?

Пакуль усё няпроста, але галоўнае, я больш магу не думаць пра праслухоўку, ціхароў і допыты. Гэта былі не самыя простыя дні у жыцьці. Пасьля таго, як усё скончылася, я суткі спала, толькі сёньня пачынаю прыходзіць у сябе. Цяпер мне трэба прайсьці усе фармальнасьці і атрымаць дакумэнты. Спадзяюся, усе гэтыя працэдуры скончацца хутка, і я змагу зноў працаваць, сустрэцца з сябрамі. Не буду пакуль называць краіну, скажу толькі, што гэта лягер уцекачоў.

Ці патрэбна табе нейкая дапамога?

Дзякуй усім, хто перажываў, хваляваўся за мяне. Перш за усё я зайшла на сайт і прачытала камэнтары. Гэта неверагодная падтрымка! Я хачу хутчэй скончыць з усімі неабходнымі працэдурамі і зноў займацца сваёй працай. Я перакананая — разам мы пераможам!

Рэдактарку сайту «Хартыя’97» Натальлю Радзіну абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня і ў іх арганізацыі. Паводле абвінавачаньня журналістцы пагражае да 15 гадоў зьняволеньня. На 31 сакавіка Радзіну выклікаў на допыт у КДБ сьледчы. Напярэдадні журналістка не выключала, што ёй выставяць канчатковае абвінавачаньне.

Натальля Радзіна стала другой уцякачкай за мяжу зь ліку тых, каму выставілі абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня і ў іх арганізацыі. 13 сакавіка стала вядома пра тое, што зь Беларусі ўцёк экс-кандыдат на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч. За некалькі дзён да ўцёкаў палітык распавёў журналістам пра катаваньні, якія ўжывалі адносна яго ды іншых вязьняў у СІЗА КДБ «амэрыканка». Натальля Радзіна, якую таксама трымалі ў «амэрыканцы» больш за месяц, сказала на гэта, што ў яе ёсьць падставы давяраць словам Алеся Міхалевіча пра катаваньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG