Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лічыце тэму неактуальнай? Мушу нагадаць, што ў сумным рэйтынгу самазабойстваў Беларусь адна з лідэраў. Змрочнай, недатычнай да вас асабіста? Тады — вы непапраўны аптыміст. А аптымісту журба ды змрок тым болей не зашкодзяць. Наадварот гэтыя выдатныя творы дапамогуць вам зразумець, як пераканаць пэсымістаў зрабіць выбар на карысьць жыцьця.


Эліза Ажэшка. Хам.

Менск. «Мастацкая літаратура». 2007


Надзвычай сучасная аповесьць, хаця і напісаная больш за стагодзьдзе таму. Бо галоўнае ў ёй — чалавечая трагедыя галоўных герояў, а зусім не жыцьцё беларускай вёскі, як пазначана ў анатацыі. Такія выпадкі сустракаліся не толькі ў глухой вёсцы дзевятнаццатага стагодзьдзя, а тут і цяпер, зусім побач, прычым даволі часта.Усюдыісны лёзунг «Зрабі сябе сам» хлусіць. Скокнуць вышэй за сябе мала каму ўдаецца, тым больш у сёньняшняй Беларусі. Сьляпое імкненьне да зьнешніх праяваў высокага сацыяльнага статусу выклікае татальную незадаволенасьць усім навокал: дабрабытам, ладам жыцьця, атачэньнем, стасункамі. У выніку — чалавек адчувае сябе не на сваім месцы дзе б ня быў, атручвае жыцьцё сваім блізкім. Калі ж да ўсяго гэтага дадаецца псыхічная неўраўнаважанасьць, пачуцьцё віны?.. Карацей самагубца Франка у жаночым і мужчынскім абліччы ёсьць у кожным мікрараёне. Толькі вось Паўлы сустракаюцца ў наш час радзей.

Васіль Быкаў. У тумане.

Менск. «Мастацкая літаратура», 1989


У цэнтры ўвагі суіцыд і шлях да яго ў экстрэмальных для існаваньня асобы ўмовах. «Ягоная вольная воля — можа, тое адзінае, што засталося непадлеглым нікому. Усё ж ён памрэ на свой выбар. Хай хоць гэта суцешыць яго ў яго горкай долі. Іншага суцяшэньня ён сабе не знаходзіў».

Ці можна лічыць учынак галоўнага героя Сушчэні самагубствам наогул, альбо яго забілі яго ўласнымі рукамі іншыя? Адны сацыёлягі сьцьвярджаюць, што пад час ваенных дзеяньняў, катастроф колькасьць самагубстваў зьніжаецца. Іншыя, што не, проста гэтыя лічбы хаваюцца за агульнымі людзкімі стратамі, а самагубцы сьвядома шукаюць сьмерці, не імкнуцца ўратавацца. Хто мае рацыю?

Аповесьць падалася мне папярэджаньнем нам сёньняшнім.Абвінавачваючы кагосьці ў здрадзе, адкіньце катэгарычнасьць. Заўтра здрада можа апынуцца ўяўнай, але будзе позна.

Вось такія развагі апанавалі мяне. Магчыма, прачытаўшы твор, вы зь імі не пагодзіцеся, ці падумаеце пра нешта іншае.

Сьвятлана Алексіевіч. Зачараваныя сьмерцю.

Менск, «Беларусь», 1993


У кнізе сабраны дакумэнтальныя аповеды, сьведчаньні тых, хто заканчвае жыцьцё самагубствам, а тыя, каго пасьпелі выратаваць, гавораць самі пра сябе, пра тых, каго ўжо няма, расказваюць родныя, сябры. Прадмет дасьледаваньня аўтара, людзі, што вырасьлі ў СССР, ягоным паветры, у той культуры і ня вынесьлі яе крушэньня.

«Нас вучылі паміраць. Мы добра навучыліся паміраць. Куды лепш, чым жыць». Цяжка не пагадзіцца.

Мне імпануе тое, што твор вельмі блізкі да сацыялягічнай працы, разам з тым у ягоных героях пазнаеш родных, блізкіх, сябе.

Уладзіслаў Рубанаў. Грэцкі арэх. Аповесьць. Цёплы пух адуванчыкаў. Аповесьці і апавяданьні.

Менск, «Мастацкая літаратура», 1987


Аповесьць пакідае аб сабе адчуваньне шчымлівага суму па страчаным, падштурхоўвае да роздуму, што лепей: жыць цяперашнім, рэальным жыцьцём, хаця й ня надта ўдалым, ці тужыць па няспраўджаным шчасьці. Тэма самагубства не з’яўляецца асноўнай у творы, а толькі закранаецца. Але сутнасьць гэтай з’явы у звычайным мірным жыцьці на прыкладзе лёсу аднаго з герояў Сьцяпана Кузьміча, немаладога ўжо чалавека, лесьніка з маленькай вёскі перададзена дакладна. Што з таго, што сьвет шырокі, калі боты цесныя, — кажа каўказская прымаўка. Наўрад ці сталы чалавек наважыцца па ўласнай волі разьвітацца з жыцьцём з прычыны глябальнай недасканаласьці сусьвету. Непаразуменьні ў сям’і, непрыемнасьці на працы, пачуцьцё адзіноты, незапатрабаванасьці нарастае, а адзіны, хто можа выслухаць і зразумець, сабака — і такі крок робіцца больш верагодным.

Сваё, асабістае турбуе болей нават у краіне квітнеючага сацыялізму, што жыве зь верай у сьветлае заўтра. У нібыта шчасьлівым грамадзтве ёсьць няшчасныя людзі. Чалавек мае права на асабістыя перажываньні, незадаволенасьць жыцьцём незалежна ад генэральнай лініі партыі і вынікаў бітвы за ўраджай. Ужо нават толькі само прызнаньне гэтага факту ў тыя часы на старонках кнігі выклікае павагу да твора і аўтара.

Георгій Марчук. Кветкі правінцыі.

Менск, «Мастацкая літаратура», 1988


Раман закранае ня толькі праблему суіцыду. Але на прыкладзе аднаго лёсу паказвае, як уплывае факт самагубства на роднага чалавека, і падказвае, як жыць далей. У Адама Долі маці скончыла жыцьцё самагубствам, калі яму было толькі сем гадоў. У юнацтве ён спрабуе знайсьці адказ на пытаньне, чаму яна так зрабіла. Дакладнага адказу так і не знаходзіць. Але гэтыя пошукі дапамагаюць яму ўсьвядоміць вартасьць жыцьця, навучыцца пераносіць жыцьцёвыя нягоды, якіх было шмат, навучыцца прымаць гора і радасьць.

«Сваю тайну маці панесла з сабою, і дарэшты мне яе ніколі не разгадаць Я доўгі час лічыў, што я адзін сіроцтвую, гатовы быў стартаваць адзін у сваім сіроцтве і хваробе. Кожны чалавек мусіць цярпліва змагацца за жыцьцё, усьведамляць адказнасьць за яго, за дзяцей, за род свой».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG