Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандр Фядута – пра кнігі, якіх яму не хапала ў “амэрыканцы”


Аляксандар Фядута

Аляксандар Фядута

Перадаваць кнігі зьняволеным удзельнікам Плошчы-2010 забаронена. Палітвязьням прапануюць чытаць агітпрос з турэмных бібліятэкаў, у каталёгах якіх і блізка няма тых твораў, якіх жадае свабодалюбная душа і дапытлівы розум. Выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе з турмы КДБ, вядомай як “амэрыканка”, Аляксандр Фядута – пра кнігі, якіх нельга прачытаць палітвязьням.


Аляксандр Стагановіч. Успаміны пасла.

Менск, “Лімарыус”, 2011

Гэта першая кніга новай сэрыі “Беларуская мэмуарная бібліятэка”, якую мы прыдумалі з Натальляй Гардзіенкай за некалькі месяцаў да сьнежаньскіх падзеяў. Выйшла яна якраз у той час, калі я грэў нары ў “амэрыканцы”. Калі мне паведамілі пра гэта, зразумела, я засумаваў: адна справа, калі ты чытаеш тэкст у наборы, зусім іншая – калі ты бярэш у рукі выдадзеную кнігу, разглядваеш у ёй старыя фотаздымкі, адчуваеш шчыльнасьць яе пераплёту. Але прачытаць Стагановіча ў друкаваным варыянце мне, чалавеку эпохі Гутэнбэрга, удалося ўжо толькі дома. А кніга вельмі добрая: аўтар яе – дэпутат польскага міжваеннага сэйму ад Беларускай Грамады. І – бліскучая камэнтатарская праца, што я заўсёды цаню.


Уладзімер Някляеў. Кон.

Менск, “Лімарыус”, 2010

Мы з жонкай у лісьце дамовіліся: па вечарах чытаем адзін адному ўслых вершы адных і тых жа паэтаў – Мандэльштама, Забалоцкага, Цьвятаеву, Блока. Толькі яна чытае іх дома, а я – у камэры. Хацелі пачытаць і вершы Някляева, але… Кнігі не было пад рукой. А было б цудоўна: Уладзімер Пракопавіч на самай справе вельмі вялікі паэт, і асацыяцыі яго тэксты выклікаюць у мяне вельмі яркія.




Уладзімер Караткевіч. Ладзьдзя Роспачы.

Менск, “Медысонт”, 2010

Я – чалавек эмацыйны і лёгка ўпадаю ў дэпрэсію. А Гервасій Выліваха – такі наш нацыянальны сымбаль аптымізму, чалавек, які ўсё пераадолее. Нават Сьмерць пераможа. Таму калі мне стала асабліва журботна, я ўзгадаў пра яго і пачаў сам сабе пераказваць Караткевіча. Але тут нічога не перакажаш – тут чытаць трэба.





Алесь Наварыч. Літоўскі воўк.

Менск, “Мастацкая літаратура”, 2005

Гэта раман пра паразу паўстаньня. Пра тое, што адбываецца пасьля геройскіх подзьвігаў нешанцоўных змагароў за свабоду. Раман цьвярозы, жорсткі, напісаны цудоўнай мовай, з пачуцьцём горкага гумару. Гэта – адна з маіх любімых беларускіх кніг. Фактычна – прадказаньне таго, што з намі і здарылася 19-20 сьнежня. Паразу таксама трэба ўмець прызнаваць і перажываць, таму што жыцьцё пасьля яе працягваецца. Вось і цяпер: нам трэба здолець працягваць жыць – гэта важна.



Аляксей Карпюк. Вершалінскі рай.

Менск, “Мастацкая літаратура”, 1974

Гэта гісторыя ілжэпрарока, які павёў за сабой народ у сьветлую будучыню, ня здолеў яе забясьпечыць і згінуў – што можа быць больш надзённым?
Толькі кожны ўспрыме гэты раман па-свойму: Някляеў і Якубовіч, напрыклад, зробяць сёньня зь яго розныя высновы і правядуць розныя паралелі. А змрочная кніга майго земляка, Аляксея Карпюка, стане добраю перасьцярогаю для ўсіх, хто спрабуе будаваць рай зямны.
XS
SM
MD
LG