Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аксана Спрынчан — пра велікодныя творы ў беларускай літаратуры



Вялікдзень — адно з найвялікшых сьвятаў беларусаў — сьвята ўваскрэсеньня ўкрыжаванага Хрыста. Ня дзіўна, што яно сымбалічна параўноўваецца зь лёсам «укрыжаванай» Беларусі, надае сілы ў ейнае ўваскрэсеньне і адраджэньне.

Аксана Спрынчан — пра велікодныя творы ў беларускай літаратуры.



Сяргей Палуян. Хрыстос уваскрос!

Лісты ў будучыню: Проза. Публіцыстыка. Крытыка.
«Мастацкая літаратура», 1986

Знакавым ува ўспрыманьні Вялікадня ў беларускай літаратуры стаўся верш у прозе «Хрыстос уваскрос!» Сяргея Палуяна. Ён быў надрукаваны ў 1910 годзе газэтай «Наша Ніва» пасьля сьмерці аўтара і па-мастацку абудзіў веру ў будучае ўваскрэсеньне Беларусі. Вялікдзень (асабліва ў паэзіі) набыў ня толькі рэлігійны, але і адраджэнскі сэнс.

Што гавораць табе званы, Беларускі Народ? Ці не віншуюць яны цябе і з тваім уласным вялікім сьвятам?..

Цябе катавалі. Ты цярпеў мукі, але ня ўмёр. Глыбока, глыбока ты захаваў сваю душу.

Хрыстос быў з табой у тваіх муках; і Ён разам з табой цярпеў іх. Колькі разоў расьпіналі Яго разам з табой! Больш разоў, чым ёсьць пясчынак на дне мора! Але кожнага году па ўсёй Беларускай зямлі разносіцца кліч:

— Хрыстос уваскрос!

Твор Сяргея Палуяна заканчваецца словамі віншаваньня:

—Зь вялікім сьвятам віншую! Зь вялікім сьвятам, Вялікі Беларускі Народ!

— Хрыстос уваскрос!

І як тут не адказаць:

— Сапраўды ўваскрос! Сапраўды Вялікі Беларускі Народ!

Казімір Сваяк. На гадавіны незалежнай Беларусі. Выбраныя творы. «Беларускі кнігазбор», 2010

Пасьля Сяргея Палуяна многія творцы працягвалі супастаўляць уваскрэсеньне Хрыста і адраджэньне роднага краю. Але, як мне падаецца, варта вылучыць у гэтым шэрагу верш Казіміра Сваяка «На гадавіны незалежнай Беларусі». Ён быў зьмешчаны ў зборніку «Мая ліра», які выйшаў у 1924 годзе ў Вільні. Цікавы гэты верш ня толькі тым, што ягоны аўтар сьвятар і паэт, але і тым, што выкліканы сымбалічным супадзеньнем: угодкі абвяшчэньня незалежнай Беларусі супалі зь Вялікаднем. Казімір Сваяк сувымярае пакуты Хрыста і пакуты беларускага народу, ды зьвяртаецца да Бога з малітвай пра ўваскрэсеньне Беларусі:

Зьмілуйся ж, Божа, Ты над ёю,
Ня дай у гробе век ляжаці,
Пазволь да жыцьця ёй устаці:
У гэты час, на трэці дзень.


Васіль Быкаў. Велікоднае яйка.

«Полымя». 2001. № 1

З даўніх часоў падчас сьвята Вялікадня мы даруем адзін аднаму фарбаваныя яйкі як сымбаль несьмяротнасьці жыцьця і крыжовых пакут Хрыста дзеля нашага ўратаваньня і сьветла прамаўляем: «Хрыстос уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!» Як гэта сугучна і нашым сьветлым словам: «Жыве Беларусь!» — «Жыве!»

Але ж былі ў Беларусі часы, калі рэлігія ўважалася за «опіюм для народа» і сьвяткаваць Вялікдзень забаранялася. Вусьцішнае апавяданьне Васіля Быкава «Велікоднае яйка» пра Вялікдзень у вёсцы пасьля Другой сусьветнай вайны. Былы начасобадзьдзелу ў партызанскім атрадзе, а цяпер парторг у калгасе Выпаўзак прызначае на Вялікдзень вывазку гною на калгаснае поле. Пабачыўшы, што ніхто не выходзіць на працу, ён дамагаецца свайго з дапамогай нагана і загадам — «Вялікадне адмяняецца!» Адна з жанчын частуе галодных дзетак ягонай жонкі Ганкі чырвонымі яйкамі. Выпаўзак разьбівае яйкі аб сьцяну хлява, а Ганка віламі, якімі выкідвала гной, забівае зьвера-парторга…

Гэтая трагічная гісторыя нагадвае пра тое, што ня толькі сьвяткаваньне Калядаў у беларускай літаратуры вельмі часта крочыць поруч з сумам, расстаньнем, сьмерцю. Гэткімі ж настроямі ў нас часта адзначаны й Вялікдзень.


Уладзімер Някляеў (Пад псэўданімам Уладзімір Магер). Вялікдзень.

«Беларусь Сегодня». 2009, 18 красавіка

Часы зьмяняюцца, рэлігія даўно ўжо не «опіюм для народа», але… Але адзін з найлепшых паэтаў Беларусі Уладзімер Някляеў ня можа надрукаваць паэму «Вялікдзень» і віншаваньне сваёй цётцы Алене Магер, «першай верніцы ў Крэве», у галоўнай дзяржаўнай газэце. «А дзе надрукаваць? У якой газэце, каб тую газэту поп дазволіў у царкву занесці? У „Народнай волі“? Дык разам з „Народнай воляй“ поп і верніцу з царквы папрэ.» — разважае паэт.

Выйсьце знаходзіцца ў тым, што паэма выходзіць пад псэўданімам Уладзімер Магер.

Паэма-паданьне пра часы ўсталяваньня хрысьціянства ў паганскім Крэве прысьвечаная Крэўскай Сьвята-Аляксандра-Неўскай царкве, у якой хрысьцiлiся i адпявалiся бацькi, дзяды i прадзеды Уладзіміра Някляева. Кату наканавана адсекчы галаву сястры, якая верыць у Ісуса Хрыста.

Пасьля ён галаву сястры
Падняў, пацалаваў у губы
I крыкнуў:
«Госпадзi!..»

Часы зьмяняюцца, але на Вялікдзень 2011 у многіх беларусаў няма магчымасьці сказаць Уладзімеру Някляеву, які знаходзіцца пад хатнім арыштам, «Хрыстос уваскрос!» і пачуць ад яго «Сапраўды ўваскрос!» Ёсьць магчымасьць прачытаць «Вялікдзень».


Зьмітрок Бядуля. Велікодныя яйкі.

Выбранае. «Мастацкая літаратура», 1973

Твор мастацтва пра мастацтва, квінтэсэнцыя жыцьцяздольнасьці беларусаў, надзея і вера — усё гэта пра апавяданьне «Велікодныя яйкі» Зьмітрака Бядулі, створанае ў 1913 годзе. Галоўны герой — пакутнік ад мастацтва, маленькі хлопчык Сьцяпанка, за любоў да маляваньня празваны Пяцкун. «Амаль ня ўсе сьцены і платы ў вёсцы размаляваны яго рукой. Там можна бачыць конікаў, людзей, сабачак, хаткі, лясы, крыжы і іншыя штучкі. Калі часам хто з гаспадароў лавіў яго пры гэтай рабоце, дык дзёр яго за вушы не шкадуючы». У школе за размаляваныя кнігі яго пакаралі так, што ён хварэў некалькі тыдняў. «Усе ў вёсцы лічылі Сьцяпанку дурным», не разумее хлопчыка і маці, марыць пра «людзкага сына». Адзін раз на год, на Вялікдзень, Сьцяпанку шчасьціла — яму дазвалялі фарбаваць яйкі. Але надыходзіць сьвята, а ў хлопчыка адбіраюць і гэтую адзіную радасьць — прыходзіць вестка з фронту пра сьмерць бацькі і Сьцяпанку не даюць грошы на фарбы.

Маленькі-вялікі мастак расфарбоўвае яйкі сваёй крывёй. Яны — як сымбаль несьмяротнасьці маленькага-Вялікага Беларускага Народа.

Хрыстос Уваскрос!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG