Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працэс Севярынца, Халіп, Марцэлева. Дзень другі


12 траўня ў судзе Заводзкага раёну Менску працягваецца працэс над трыма ўдзельнікамі падзеў 19 сьнежня. Тут судзяць сустаршыню аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" і кіраўніка перадвыбарчага штабу былога кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага Паўла Севярынца, журналістку, жонку былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ірыну Халіп і кіраўніка перадвыбарчага штабу былога кандыдата Міколы Статкевіча Сяргея Марцэлева.

Судзьдзя Жана Брысіна.

Яны абвінавачваюцца ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (частка 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу).


16.50
У канцы выступу ў Бабруйску на відэазапісе чуваць, як Севярынец заклікаў: Жыве Беларусь. У адказ на гэта ў судовай залі заапладзіравалі. Суд вярнуўся да пісьмовых матэрыялаў справы: пратаколаў ператрусаў, канфіскацыі перадавыбарчых улётак. Аб'яўлены перапынак да 10 гадзінаў 13 траўня

16.25
Севярынец на стужцы кажа, што МФ і БХД пойдуць на Плошчу ад вакзала, а калі перагародзяць, то ў Менску багата месцаў, дзе можна правесьці мітынг. У Бабруйску Севярынец казаў, што на Плошчу прыйдзе, паводле ягоных падлікаў, 15-20 тысяч чалавек і дэманстраваў легальна апублікаваныя ўлёткі, выдадзеныя за сродкі ЦВК, з заклікам на Плошчу.

16.15
Суд аглядае запісаны КДБ перадвыбарчы выступ Паўла Севярынца ў якасьці даверанай асобы кандыдата на прэзыдэнта Рымашэўскага ў Бабруйску. Зь відэа можна пачуць, што Севярынец сапраўды 19 сьнежня "запрашае людзей на Плошчу". Запрашае хлопцаў, прапануе ўзяць з сабою жменю роднай зямлі або солі. А дзяўчат і жанчын просіць заставацца дома і маліцца.

15.50
Пракурор чытае вельмі падрабязныя справаздачы КДБ аб перадвыбарчых выступах Севярынца, "зробленыя на беларускай мове", а таксама заявы грамадзян, якія былі на ягоных сустрэчах у Магілёўскай вобласьці і сьведчылі, што ён заклікаў у Менск на Плошчу.

15.40
Наладзілі кампутар. Працягваецца дэманстрацыя відэа, паказваецца запіс з Кастрычніцкай плошчы, выступы кандыдатаў на мітынгу. Сярод іншага бачна, як Севярынец крычыць у мэгафон: "Верым! Можам! Пераможам!" У матэрыялах справы -- відэазапіс перадвыбарчага выступу Севярынца, у якім ён заклікае на Плошчу, ягонае пасьведчаньне даверанай асобы кандыдата на прэзыдэнта, улёткі Рымашэўскага.

15.20
Відэа змантаванае з розных камэр, якія паказваюць падзеі з розных ракурсаў, таму падаецца, што самі падзеі зь біцьцём шыбаў цягнуліся даўжэй. Хранамэтражу на відэа няма. Адвакатка Халіп пытае пра відэа: "Што вы гэтым самым дэманструеце?" Пракурор адказаў: "Мірную дэманстрацыю". Ірына Халіп заўважае, што яе толькі адзін раз паказалі на відэа, калі з Кастрычніцкай плошчы людзі выйшлі на праспэкт. Абаронца Халіп заявіла, што наступнае відэа пра падзеі на плошчы Незалежнасьці няма сэнсу глядзець, бо яны не ўваходзяць у прад'яўленае абвінавачваньне. Наступны відэаролік працягласьцю 33 хвіліны вырашылі паглядзець выбарачна, толькі там дзе фігуруюць абвінавачваныя.

З кампутарам узьніклі тэхнічныя праблемы, прагляд відэа прыпынены. Пракурор далей чытае пісьмовыя матэрыялы справы.

15.05
Відэа паказваюць на малым маніторы кампутару 16 цаляў па дыяганалі. У відэа перамяжоўваюцца кадры то з Кастрычніцкай плошчы, то з Незалежнасьці. Нарэзка не вытрыманая ў храналягічным парадку. Некалькі разоў паказваюць Кастусёва, які кажа: "Разам і бацьку лягчэй біць. І весялей". Відэа з плошчы Незалежнасьці паказваюць, нягледзячы на тое, што падзеі на плошчы Незалежнасьці не ўвайшлі ў абвінавачваньне Марцэлеву, Севярынцу і Халіп.

14.55
У якасьці відэа ў судзе аглядаецца журналісткі рэпартаж ОНТ з падзеяў 19 сьнежня, які ўтрымлівае шмат непраўдзівай перадузятай інфармацыі. Тое, што аўтобус Някляева вёз выбухоўку, апаратуру і г.д. Хаця ў працэсе Някляева ўжо былі агучаныя паказаньні аб тым, што там была толькі гукаўзмацняльная апаратура. Аглядаецца не відэахроніка ці апэратыўныя здымкі, а рэпартаж журналістаў. Пракурор удакладніў, што гэты дыск быў далучаны да справы рашэньнем сьледзтва. Далей паказваюць зманціраваную хроніку мітынгу на Плошчы незалежнасьці -- вельмі нізкай якасьці, кадр увесь час зрываецца. На кадрах няма даты і часу.

14.40
Суд прыступіў да прагляду прапагандысцкага сюжэту Беларускага тэлебачаньня, які трансьляваўся адразу пасьля падзей на плошчы Незалежнасьці. Закадравы голас абвінавачвае Саньнікава і Статкевіча ў арганізацыі штурму. Такім чынам у якасьці доказаў па справе суд выкарыстоўвае прапаганду БТ, хоць многія заявы БТ былі ўжо абвергнутыя ў судах, у прыватнасьці тое, што ў машыне з гукаўзмацняльнай апаратурай ад штаба Някляева везьлі выбуховыя рэчывы.

14.20
Агучваюцца даведкі аб затрымках у выкананьні рэйсаў аўтатранспарту, даведка пра "шкоду" Макдональдса 8 мільёнаў рублёў і іншыя вядомыя па ранейшых працэсах падобныя дакумэнты. Агучваецца таксама пазоўная заява Менсктрансу аб спагнаньні стратаў на суму 159 тысяч рублёў, ужо аплачаная Зьмітром Бандарэнкам. Адвакатка Ірыны Халіп зьвяртае ўвагу на даведку з менскага мэтро, што ніякіх стратаў ад падзеяў не панесла, і аналягічную даведку з Абсалютбанку: "Прычыненай шкоды няма". Зачытваецца другі том, у ім характарыстыкі на падсудных.

14.00
Працэс адноўлены. Пачалося вывучэньне матэрыялаў справы. Пракурор зачытвае першы том. Пастановы аб завядзеньні крымінальнай справы, аб зьмене артыкула абвінавачваньня для Халіп, Севярынца і Саннікава, тры пратаколы агляду месца падзеяў на Плошчы незалежнасьці...

12.15
Допыт сьведкаў на сёньня скончаны. Суд вырашыў перайсьці да вывучэньня матэрыялаў справы. Адвакат Халіп хадайнічае запатрабаваць з менскага гарвыканкаму матэрыялы пра перадвыбарчыя мітынгі 9 і 16 сьнежня. Судзьдзя адклала разгляд хадайніцтва на час пасьля абеду. Перапынак да 14.00

12.00
Некалькі сьведкаў, супрацоўнікаў ДАІ даюць дастаткова аднатыпныя паказаньні. Наступны сьведка – супрацоўнік ДАІ Іван Сульжыц. Быў 19 сьнежня ў ланцугу ДАІ на Кастрычніцкай плошчы. Кажа, што людзі выйшлі на праезную частку за 10-15 сэкундаў. Ён разварочваў транспарт ад шэсьця.

11.40
Наступны сьведка – таксама супрацоўнік ДАІ Андрэй Стаўроўскі. Таксама быў 19 сьнежня ў ланцугу на Кастрычніцкай плошчы. Чуў, што людзі выказвалі сваё нездавальненьне выбарамі.

11.15
Адвакат: Колькі грамадзян вы пакаралі за парушэньне правіл дарожнага руху? Сьведка Данянкоў: Я ня склаў ніводнага пратаколу. Адвакат: Ці непасрэдна вы папярэджвалі каго-небудзь за парушэньне ПДД? Сьведка: Нешта гаварылі іншыя. Начальнік ДАІ Карзюк, у прыватнасьці. Вы размаўлялі з Халіп? Сьведка: не.

11.00
Наступны сьведка Анатоль Данянкоў, супрацоўнік ДАІ. Сьведка распавядае пра тое, як 19-га дэманстранты "прарвалі ланцуг і выйшлі на праезную частку". Сьведка распавядае вядомы ўжо эпізод, калі кандыдаты на прэзыдэнта прасілі начальніка менскай ДАІ зьняць ланцуг і прапусьціць людзей. Хто што канкрэтна казаў, сьведка не памятае, але запомніў, што Карзюку абяцалі генэральскае званьне. Даненкоў запомніў у тым эпізодзе Халіп, кажа, што тая шмат нешта казала, але што -- не памятае. "Далей людзі абышлі наш ланцуг па баках, і паступіла каманда зьняць ланцуг". Сьведка кажа, што ён не ўпэўнены, што бачыў у калёне Марцалева. Халіп сказала ДАІшніку: "Вы сказалі, што бачылі там жанчыну Халіп. Гэта я. Мне таксама ваш твар знаёмы. Гэта не вы часам летась вымагалі ў мяне хабар за перавышэньне хуткасьці?" Пытаньне выклікала сьмех, але судзьдзя яго зьняла.

10.50
Наступны сьведка -- Дзяніс Кіслоў, супрацоўнік гарадзкой міліцыі. Таксама працаваў з гукаўзмацняльнай апаратурай. Як і папярэднія сьведкі, Кіслоў ужо выступаў сьведкай у працэсе Саньнікава. Ягоная машына рухалася па праспэкту за калёнай і ён вяшчаў, што шэсьце забароненае. Больш за гадзіну сьведка знаходзіўся на Кастрычніцкай плошчы, з 20.00, але ніякіх тэкстаў там не чытаў. Ён сам не вырашае, калі пачынаць чытаць, патрэбная каманда.

10.40
Сьведка Чарнабай згадаў Вуса, Саньнікава і Статкевіча, якія прасілі начальніка ДАІ Карзюка прапусьціць людзей на праспэкт. Сьведка кажа, што людзі проста абышлі міліцыянтаў. З усіх падсудных ён пазнаў Паўла Севярынца. Потым сьведка зь іншымі супрацоўнікамі ДАІ пераехалі на Плошчу незалежнасьці: "Убачыць як б'юць шкло, было немагчыма, мы стаялі ў баку". "Кастрычніцкая плошча была цалкам запоўненая, там было 10-15 тысяч людзей. Яны маглі б пайсьці па тратуары, і тады б да іх з боку ДАІ прэтэнзій не было б". Агрэсіўных дзеяньняў з боку дэманстрантаў сьведка ня бачыў, толькі крычалі, скандавалі, сьвісьцелі.

10.20
Наступны сьведка Міхаіл Чарнабай, галоўны мэханік з кампаніі Белінвэстсэрвіс. 19 сьнежня ён быў камандзірам узводу ДАІ. Чарнабай кажа, што ўдзельнічаў у атачэньні праезнай часткі праспэкту Незалежнасьці. "Людзі ішлі з мэтро ў кірунку Кастрычніцкай плошчы. Калі асноўная маса людзей прыйшла на Плошчу, наш ланцуг перамясьціўся ў раён нулявога кілямэтру і знаходзіўся там. Нас там ніхто не чапаў, але ў пэўны момант натоўп людзей прарваў наш ланцуг і выйшаў на праезную частку".

10.15
Першы сьведка Юры Каралькоў, старшы інспэктар ГУУС Менску. Сьведка Каралькоў паведаміў, што ён ахоўваў парадак у складзе тлумачальнай групы ў машыне з гукаўзмацняльнай апаратурай. З 19 гадзін быў з машынай ля дома ўраду. Сьведка ўжо выступаў на працэсе Саньнікава. Сьведка кажа, што ён папярэджваў грамадзян на плошчы Незалежнасьці, што іх мітынг несанкцыянаваны і прасіў разысьціся.Пасьпеў некалькі разоў прачытаць тэкст, цягам 5-7 хвілін, потым загадалі зьяжджаць.

Маці Севярынца Тацяна прынесла Паўлу лекі -- у Паўла баліць сьпіна і ён вымушаны стаяць цягам усяго працэсу. Але лекі для Паўла пакуль не прынялі.

10.00
Працэс адноўлены. У залі дыпляматы, родныя падсудных, актывісты БХД, палітыкі, каля 20 БРСМаўцаў. Севярынца і Марцалева прывялі ў кайданках, Севярынец прынёс з сабою Біблію. Ірыну Халіп прывялі два ахоўніка ў цывільным. Сёньня будуць дапытаныя сьведкі: Каралькоў, Кіслаў, Карзюк, Дуброўскі і Сульжыцкі ды іншыя.

Першы сьведка Юры Каралькоў, старшы інспэктар ГУУС Менска.


Суды за Плошчу

Працэс Севярынца, Халіп, Марцалева. Першы дзень
Сяргей Марцэлеў
Нарадзіўся 29 красавіка 1977 года ў Менску ў сям’і патомных навукоўцаў. Унук Станіслава Марцэлева, кіраўніка Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Акадэміі навук. Таксама ўнук акадэміка-філёзафа Леаніда Яўменава.

Пасьля заканчэньня сярэдняй школы вучыўся на факультэце міжнародных адносін БДУ, але быў адлічаны за палітычную дзейнасьць пры рэктару А.Казуліну. Тым ня менш пасьля пераходу таго ў апазыцыю працаваў зь ім разам.

У сярэдзіне 1990-х быў абраны старшынём "Маладой Грамады" (моладзевай арганізацыі пры БСДП М.Статкевіча), дзеля гэтай дзейнасьці адмовіўся ад вучобы ў Маскве. Потым зьехаў вучыцца ў Польшчу і скончыў Познанскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці "паліталёгія".

На прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. кіраваў перадвыбарчым штабам Міколы Статкевіча. 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці амаль не прысутнічаў. Уначы 23 сьнежня быў зьняты зь цягніка, на якім ехаў у Варшаву на здымкі перадачы тэлеканала "Белсат". Арыштаваны, зьмешчаны ў СІЗА КДБ, абвінавачваўся ў арганізацыі масавых беспарадкаў. 4 красавіка абвінавачаньне зьменена на арт. 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.
Павал Севярынец
Нарадзіўся 30 сьнежня 1976 г. у Воршы. Скончыў з залатым мэдалём віцебскую школу № 25 (з мастацкім ухілам). Пачатак цікавасьці да палітыкі — абраньне ў 10 клясе школы ў Дзіцячы рэспубліканскі парлямэнт. Захапляўся геаграфіяй і геалёгіяй. Скончыў геафак БДУ. У 1994—1999 гг. працаваў журналістам у шэрагу недзяржаўных выданьняў. З 1998 г. друкуецца ў незалежнай прэсе як публіцыст. Ляўрэат літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча і прэміі імя Васіля Быкава "За свабоду думкі".

У 1999—2003 гг. быў намесьнікам старшыні Партыі БНФ. З 1999 да 2004 гг. — старшынём "Маладога Фронту", цяпер — сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя". У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў актывістам штабу кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага. Быў арыштаваны 20 сьнежня і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня яму прад’яўлена абвінавачаньне па крымінальнай справе, узбуджанай сьледчым упраўленьнем папярэдняга расьсьледаваньня ГУУС Менгарвыканкаму па чч. 1 і 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). 4 красавіка замест гэтага прад'яўлена іншае абвінавачаньне (арт. 342 КК — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Ірына Халіп
Нарадзілася 12 лістапада 1967 г. у Менску. Уласны карэспандэнт расейскай "Новой газеты" па Беларусі.

Працавала намесьніцай галоўнага рэдактара "Белорусской деловой газеты" і галоўным рэдактарам штотыднёвіка "Имя", якія спынілі выхад. Неаднаразова зазнавала крымінальны перасьлед за прафэсійную дзейнасьць, атрымлівала папярэджаньні ад пракуратуры.

У красавіку 1997 г. разам з бацькам, драматургам і кінадакумэнталістам Уладзімерам Халіпам была жорстка зьбітая ў часе вулічнага мітынгу 2 красавіка. У канцы 2009 году ёй пагражалі забойствам невядомыя. Ляўрэатка прэміі Дзьмітрыя Завадзкага (2003), прэміі Генры Нанэна (2005), прэміі "Герой Эўропы" ў намінацыі "Мужнае сэрца" (2005), прэміі "За мужнасьць у журналістыцы" (2009).

19 сьнежня 2010 года, у дзень прэзыдэнцкіх выбараў, яе сілавым чынам затрымалі па дарозе з плошчы Незалежнасьці і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня ёй было прад’яўлена абвінавачаньне па крымінальнай справе, узбуджанай сьледчым упраўленьнем папярэдняга расьсьледаваньня ГУУС Менгарвыканкаму па чч. 1 і 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (масавыя беспарадкі). Пагражае зьняволеньне да 15 гадоў. Падчас яе знаходжаньня ў СІЗА КДБ улады спрабавалі забраць зь сям'і трохгадовага сына — Даніка Саньнікава. 29 сьнежня меру стрыманьня зьмянілі на падпіску аб нявыезьдзе з хатнім арыштам.

У лютым 2011 г., ужо пад арыштам, атрымала журналісцкую прэмію "Залатое пяро Расеі". Жонка палітыка Андрэя Саньнікава, які таксама абвінавачваецца па справе аб масавых беспарадках. 4 красавіка абвінавачаньне было перакваліфікавана на арт. 342 КК — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG