Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аксана Спрынчан — пра творы, героі якіх зьведалі вязьніцу


Аксана Спрынчан

Аксана Спрынчан

Літаратура і турма ідуць у беларускай гісторыі поруч ва ўсе часы, не забываючыся адна пра адну, а каб і хацелі пісьменьнікі забыцца пра вязьніцу, то то вязьніца надагае ім, хто насамрэч, валадарыць тут душамі творцаў. Але й сюжэты падкідвае. Аксана Спрынчан — пра творы, героі якіх зьведалі вязьніцу.





ФРАНЦІШАК БАГУШЭВІЧ. КЕПСКА БУДЗЕ! У кн. ТВОРЫ. МЕНСК, «МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА», 1998


«На ўсю Беларусь мільён пракурораў // І толькі адзін, толькі ён адвакат». Гэтыя крылатыя радкі Рыгора Сэмашкевіча пра пісьменьніка і адваката Францішка Багушэвіча. Ён стаўся адным зь першых сярод тых, чый герой трапляе ў вязьніцу. Ён стаўся адным зь першых, хто падрабязна апісаў жахлівыя парадкі гэтае ўстановы. Герой паэмы «Кепска будзе!», якая выйшла ў кнізе «Дудка беларуская» ў 1891 годзе, сірата Аліндарка, незаслужана трапляе ў вязьніцу. Разам з Аліндаркам чытач праходзіць па камэрах-колах пекла.

У турме, як у тым гробе,
Ў адну твар усіх паробе!

Гэтыя радкі паэмы выклікаюць вусьціш. І адначасна Францішак Багушэвіч паказвае, што сапраўдная чалавечнасьць невыкараняльная. Яна і ў Аліндарку, якому падаецца, што на волі яму б і есьці не хацелася, і ў ягоным айчыме, які «трэйчы Вільню, сэм раз Ліду» адведаў, каб вызваліць хлапца. Дзень Волі для героя паэмы надыходзіць у сакавіку, у гэты ж дзень яго калісьці хрысьцілі. «Хрост на Свабоду» — звычайная з’ява ў літаратуры і жыцьці Беларусі і па сёньня.

ВАСІЛЬ БЫКАЎ. СЬЦЯНА. МЕНСК, «НАША НІВА», 1997


Імкнецца атрымаць «хрост на Свабоду» і герой апавяданьня Васіля Быкава «Сьцяна», прысьвечанага Рыгору Барадуліну. Дзеяньне адбываецца ў краіне, дзе дыктатары «не выводзіліся ніколі» і нават «паміралі нячаста, бо мелі жалезнае здароўе, як і наогул усе дыктатары». Як заўжды ў Быкава, герой трапляе ў экстрэмальныя варункі — гэтым разам у вязьніцу. Шмат гадоў герой апавяданьня мяняе адзіночныя і агульныя камэры, і вось чарговая падзея — новая вязьніца, у якой ёсьць новая сьцяна. Вось гэты мур, які адзьдзяляе героя ад волі і падаецца яму не такім моцным, як астатнія сьцены, ён і пачынае па драбочку разьбіраць.

Праз колькі гадоў упартай зьнясільвальнай працы вязень выкапвае сабе лёх і вылазіць… не, не на волю, а ўва ўнутраны двор турмы. «Надзея, што вяла яго гэтулькі часу, увачавідкі змарнела і раптам сканала». Герой «яшчэ жыў, але толькі нейкаю часткаю сваёй істоты». Чытачу адно застаецца ўваскрасіць Надзею і пачаць упарта разьбіраць сьцяну ўласнага жаху.

МАКСІМ БАГДАНОВІЧ. МУЗЫКА. У кн. ЗБОР ТВОРАЎ У 2 Т. Т. 2. МЕНСК, «НАВУКА І ТЭХНІКА», 1968


У вязьніцы гіне і герой першага апавяданьня Максіма Багдановіча «Музыка». «Злыя і сільныя людзі кінулі яго ў турму, і там скончылася жыцьцё яго…» — гэта адзін сказ у апавяданьні, які тычыцца вязьніцы. Зразумела, кінулі музыку за краты не таму, што граў папсовыя мэлёдыі, а таму, што абуджаў сваёй скрыпкаю ад сну і клікаў народ да змаганьня. «І тыя, што загубілі музыку, узялі яго скрыпку і пачалі самі граць на ёй народу». Толькі ня верыў такому граньню народ. І скрыпка праз колькі гадоў разьбілася.

Але, як сьцьвярджае Максім Багдановіч, не загінула памяць пра музыку. «І з-паміж таго народу, катораму ён калісь граў, выйдуць дзясяткі новых музыкаў і граньнем сваім будуць будзіць людзей к сьвету, праўдзе, брацтву і свабодзе…» Пакуль усё гэтак і адбываецца: выходзяць новыя музыкі, выходзяць новыя паэты. Адно што і новыя «злыя і сільныя» вылазяць і вылазяць…

НАТАЛКА БАБІНА. РЫБІН ГОРАД. ВІЛЬНЯ, ІНСТЫТУТ БЕЛАРУСІСТЫКІ, 2007


Стагодзьдзі за стагодзьдзямі, але ня толькі горшыя, а і найлепшыя людзі Беларусі даведваюцца, што такое беларускія вязьніцы. Даведваюцца, ня толькі чытаючы кнігі, але і на ўласнай скуры. Даведваюцца, і калі самі ня пішуць «турэмных дзёньнікаў», дык натхняюць на новыя творы братоў і сясьцёр. І гэтак адбываецца ня толькі ў пераносным сэнсе. Менавіта незаслужанае зьняволеньне брата натхніла Наталку Бабіну на напісаньне раману «Рыбін горад».

У гэтым творы вязьніцу зьведвае галоўная гераіня. Пры гэтым неаднойчы. У самім слове «горад» спалучаны гора і радасьць. Паліндромнае слова «горад», калі ідзеш налева, пераўтвараецца ў «дарог». Усе дарогі ў горадзе вядуць да Плошчы. Плошча вядзе да вязьніцы найлепшых. Але гэта пачатак. Апошнімі Плошча прывядзе ў вязьніцу найгоршых.

УЛАДЗІМЕР КАРАТКЕВІЧ. ХРЫСТОС ПРЫЗЯМЛІЎСЯ Ў ГАРОДНІ. У кн. ЗБОР ТВОРАЎ У 8 Т. Т. 6. МЕНСК, «МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА», 1990


Сёньня ты — просты беларус, а заўтра — Ісус Хрыстос. Рамантыка, вартая рамана. Рамантыка, вартая Караткевіча, які ня только змог сьцьвердзіць, што «на Беларусі Бог жыве», але і ўпэўніць беларусаў у такой велічы іх духу, калі пад сілу нават роля Хрыста. Хрыста, які робіць цуды, і Хрыста, які гатовы дзеля людзей у вязьніцу і на прэнг.

Сустрэўшыся з Валянцінам Акудовічам на кніжным кірмашы, падзялілася з ім тым, што пасьля сьнежаньска-студзеньскага перачытваньня раману «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» можна згубіць веру ў Бога, а застанецца адно вера ў Караткевіча. Акудовіч сказаў, што ён таксама схільны верыць у людзей.

У людзей, якія запаўнялі гарадзенскую і менскую Плошчы, раўно вязьніцы (ня важна ў 16 альбо 21 стагодзьдзі), немагчыма ня верыць. Яны заслугоўваюць шчасьця. Прынамсы з героямі Ўладзімера Караткевіча гэтак ужо сталася.

А пакуль «ня трэба нам забываць: мы — людзі. Вось сякуць камусьці за праўду галаву. Калі ня можаш памагчы — не схіляй сваёй галавы ніжэй за ягоную плаху. Сорамна!» (Хрыстос—Караткевіч).
XS
SM
MD
LG