Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яраш Малішэўскі – пра кнігі, якія варта прачытаць, выбіраючы свабоду


Яраш Малішэўскі

Яраш Малішэўскі

У выніку сытуацыі, якая паўстала ў краіне пасьля 19 сьнежня, пытаньні, што здаўна гучаць у беларускай літаратуры, сёньня актуальныя, як ніколі. І як ніколі варта мець – калі не з сабою, дык у багажы прачытанага кнігі, якія дапамогуць, часам больш за што іншае. У тым ліку й таму, хто апынаецца ў абмежаванай турэмнай камэрай прасторы. Яраш Малішэўскі – пра пяць кніг, якія трэба прачытаць на свабодзе.

СЯРГЕЙ ДУБАВЕЦ. ЯК? АЗБУКА ПАВОДЗІНАЎ.

Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2009

Пытаньняў у сёньняшнім беларускім грамадзстве стае, і вось маючы гэтую “Азбуку паводзінаў”, можна й даведацца, “як бараніцца і галасаваць, дараваць і любіць, сябраваць і хітраваць”. Чытаючы зьмест кнігі, сяму-таму можа падацца, што тутака парады ці не на ўсе выпадкі жыцьця – бяры ды выконвай. Але ж нібыта ёсьць пытаньні і адказы, ды кожны мусіць адказаць на іх сам. Бо меркаваньне аўтара – усяго толькі ягонае меркаваньне. У сумоўі, да якога заклікаюць чытача гэтай “энцыкляпэдыі парадаў” - ключык.

“Калі гэта камусьці патрэбна, я магу толькі цешыцца: значыць, не дарэмна я час траціў і сілы” – сказаў Дубавец. І дадае: “Рэч у тым, ці бераце вы на сябе адказнасьць за тое, быць ці ня быць вам і вашым дзецям беларусамі. Калі так, у вас ёсьць шанец паўдзельнічаць у лёсе сваёй нацыі і культуры. Калі не, ваш лёс і тое, кім вам быць, вырашыць нехта іншы, бяз вас”. Словы, як той казаў, у яблычак цаляюць.


ЯНКА КУПАЛА. А ХТО ТАМ ІДЗЕ?

Збор твораў у 9 тамах. Менск, “Мастацкая літаратура”, 1997

А хто там iдзе, а хто там iдзе
У агромнiстай такой грамадзе?
- Беларусы.

Верш, які так ці іначай, на сьвядомым-падсьвядомым узроўні вядомы ці ня ўсім нам. Дый месца, што займае ён у творчасьці песьняра і наагул у беларускай літаратуры – адметнае. Верш называлі беларускім гімнам. Гімнам ён і сапраўды нейкі час пабыў – шчэ сто гадоў таму быў пакладзены кампазытарам Л. Рагоўскім на музыку і як нефіцыйны гімн выконваўся ў Заходняй Беларусі да трыццаць дзевятага.

Папулярнасьць спрычынілася і да перакладаў. І тут рэкордаў безьліч. Варта узгадаць унікальную кнігу аднаго верша, што была выдадзеная да стагодзьдзя нараджэньня клясыка. Ды наверсе адразу ж пабачылі крамолу – расейскі пераклад, зроблены Максімам Горкім, ішоў, натуральна, як і рэшта, у альфабэтным парадку. Праз гэта ў наступным годзе такое самае выданьне ўжо зьмяшчала пераклад адразу за аўтэнтыкам, парушаючы ўсе “правілы”. Ды правілы гульні, што накідваюць прыхадні, беларусы ламаць прызвычаіліся.

А чаго ж, чаго захацелась iм,
Пагарджаным век, iм, сьляпым, глухiм?
- Людзьмi звацца.

Вось сёньня ад кожнага з нас і залежыць, выцягне сябе нацыя з гэтай вусьцішы, ці агромністая грамада станецца статкам.

УЛАДЗІМЕР КАРАТКЕВІЧ. ДЗЕ МОЙ КРАЙ? (БЕЛАРУСКАЯ ПЕСЬНЯ)

Збор твораў у 8 тамах. Том 1. Менск, “Мастацкая літаратура”, 1990

Караткевіч адказаў на пытаньне, а дзякуючы яму – і мы. А пытаньне для нашага народу – знакавае.

Дзе мой край? Там, дзе вечную песьню пяе Белавежа,
Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,
Дзе на узвышшах Наваградзкіх дрэмлюць суровыя вежы.

Нейкая дзівосная музычнасьць закладзеная ў гэтым вершы. Такія абавязкова становяцца песьнямі, маніфэстам. Клятвай.

Там, дзе сэрца маё зь першым крокам, як молат, заб'ецца,
Калі б нават сьляпым і глухім я прыйшоў да цябе.

Дзякуючы Уладзімеру Караткевічу згаданых тут людзей з дэфэктамі ў Беларусі значна паменшала. Праўда, як увесь час высьвятляецца, у нас заўжды стае тых, хто з усяе моцы і насуперак здароваму сэнсу намагаецца ператварыць нацыю ў натоўп сьлепаглуханямых.

ЯКУБ КОЛАС. ЧЫЯ ПРАЎДА?

Збор твораў у 20 тамах. Том 7. Менск, “Мастацкая літаратура”, 2009

Колькі беларусаў спрадвеку ламаюць галаву над гэтым пытаньнем!.. У адрозьненьне ад дубоў-герояў, якія нічога практычнага зрабіць у сытуацыі, калі набліжаецца гібель, ня могуць, чалавек здольны на большае. Надта ж актуальна гучаць словы старога дуба:

“Вось вы прыцiхлi, заспакоiлiся, i шчасьлiвыя мары зрабiлi вас як бы малымi дзецьмi... Толькi ж мушу сказаць вам… лепш быць няшчасным, але вiдушчым, чымся шчасьлiвым, ды сьляпым”.

Сьляпым Колас ня быў. Лёс змусіў яго быць відушчым, тым, хто назіраў, ува што ператваралася Беларусь за колькі крывавых дзесяцігодзьдзяў. А ягоныя казачна-алегарычныя творы – квінтэсэнцыя роздуму пра краіну, бо надта ж часта прамовіць адкрыта тое, што хацелася, магчымасьці за савецкім часам папросту не было. А ў створанай цяперат атмасфэры страху падобных праблем – з коптурам. Чытайце Коласа – ён дапаможа стаць відушчым.

МАКСІМ ГАРЭЦКІ. У ЧЫМ ЯГО КРЫЎДА?

Выбраныя творы ў 4 тамах. Том 3. Менск, “Мастацкая літаратура”, 1984

У аповесьці Гарэцкі выкарыстаў тэкст ранейшых апавяданьняў, насычаючы ўсё гэта новымі колерамі, ствараючы эпічнасьць і новую глыбіню. Нібы ранейшы эскіз, накід, стаўся цяпер маштабным палатном. Зьмянілася многае. Зьмяніўся сам пісьменьнік, час, героі.

«Беларусь, Беларусь! Што ты цяпер ёсьць? І што з табою будзе?”.

Гэтая аповесьць разам з двума “суседнімі” – “Мэлянхоліяй” і “Запіскамі…” складае своеасаблівую трылёгію, што прысьвечана беларускай інтэлігенцыі конадні рэвалюцыі. А ў ейным героі Лявону Задуме можна знайсьці багата агульнага з самім аўтарам. Тут і безнадзейнасьць, расчараваньне ў людзях, скепсіс у поглядах на пэрспэктывы адраджэньня Беларусі, але ж і прага зрабіць гэта:

“А так хацелася зараз узяцца, зараз пачаць будаваць усё на іншы лад, зараз нешта рабіць! Але што рабіць, за што ухапіцца, адкуль пачынаць?..»

Прайшоўшы гэткі самы шлях, Гарэцкі геніяльна давёў, як пачынаць і што рабіць. Працягнем?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG