Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліна Масьлянкова – пра літаратурных гераінь нашага часу


Паліна Масьлянкова
Паліна Масьлянкова

Беларуская літаратура да апошняй пары была не такая ужо багатая на жаночыя вобразы. Эўфрасіньня Полацкая, Барбара Радзівіл, Паўлінка… А жыцьцё нам падкідвае новыя вобраз, і хто ведае, можа, ужо рыхтуюцца да публікацыі творы пра сапраўдных гераінь нашага часу – Ірыну Халіп, Натальлю Радзіну, Насту Палажанку. А пакуль тое выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Паліна Масьлянкова прапануе кнігі пра іншых літаратурных гераінь нашага часу.


Наталка Бабіна. Рыбін горад.

Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2007

Найбольш актуальнай на сёньня кнігай ёсьць раман Наталкі Бабінай “Рыбін горад”, другая рэдакцыя якога была страчана падчас нядаўняга ператрусу ў офісе тыднёвіка “Наша Ніва”. Застаецца спадзявацца, што зараз яго вельмі уважліва чытаюць супрацоўнікі КДБ.

Гераіня рамана “Рыбін горад” – жанчына пад пяцьдзясят пасьля разводу і лячэньня ад наркатычнай залежнасьці жыве ў памежнай вёсцы Дабрацічы са сваёй бабуляй, па начох выбірае бульбу і патроху выпівае. А як толькі на яе звальваецца загадкавая сьмерць бабулі, нечаканы напад сяброўкі, сястрын удзел у перадвыбарчай кампаніі, зьняволеньне й забойства, гераіня раптам распраўляе плечы і праяўляе надзвычайную рашучасьць і імпэт. У жанравым кактэйлі з прыгодніцкага, дэтэктыўнага і вострасацыяльнага раману менавіта жаночы складнік выступае дамінантай і дадае своеасаблівы прысмак мэнструальнай крыві ў мэйнстрым сучаснай беларускай літаратуры. Дарэчы, ня толькі беларускай, бо раман Наталкі Бабінай надоечы выйшаў у польскім і ўкраінскім перакладах.


Алена Брава. Камэнданцкі час для ластавак.

Менск: Мастацкая літаратура, сэрыя «Дэбют», 2004

У аўтабіяграфічнай аповесьці Алены Брава “Камэнданцкі час для ластавак” апісана гісторыя беларускі з правінцыі, эмігранткі, якая паехала ўсьлед за мужам на яго радзіму, на Кубу. Вось дзе ўжо дае сабе волю жаночая сэксуальнасьць! На фоне буйства лацінаамэрыканскага тэмпэрамэнту беларускія жанчыны падаюцца халоднымі і стрыманымі, зануранымі ў свае праблемы ды комплексы. Звыклыя турботы па гаспадарцы тут нічога ня значаць, тут іх па просту няма: гаворка ў чэргах па прадукты вядзецца не пра баршчы ды хваробы, а пра эратычныя прыгоды на пляжы. Толькі кантраст дазваляе беларусцы спазнаць сваю самасьць.


Алена Масла. Першая Прыгажуня: казкі. Мастак Тамара Шэлест.

Менск: ЛіМ, 2010

Супольны праект казачніцы Алены Масла і мастачкі Тамары Шэлест стаў ляўрэатам конкурсу “Мастацтва кнігі 2010”, і нават прэзэнтацыя гэтай кнігі праходзіла ў фармаце конкурсу прыгажосьці. Сучаснае жыцьцё ставіць усіх ва ўмовы канкурэнцыі, дзе вочкі, вусны, ножкі ды грудзі – ці ня самая дзейсная зброя. Але ня ўсякія жаночыя хітрыкі, накшталт тынкоўкі на твары ды пігулак для пахуданьня, прыводзяць жанчыну да жаданай мэты. Алена Масла з маленства вучыць дзяўчат не падпадаць пад уплыў гэтых стандартаў, а дасягаць усяго сапраўднай шчырасьцю і дабрынёй. І тады Прынц на белым кані не праміне пагрукаць у вашыя дзьверы!


Людміла Рублеўская. Сутарэньні Ромула.

“Дзеяслоў”, №№ 47-49, 2010)

Людміла Рублеўская стварыла ўжо цэлю галярэю жаночых вобразаў інтэлігентак-інтэлектуалак, схільных да творчасьці і розных гістарычных загадак. Асабліва вылучаецца партрэт гераіні, у якой я пазнала сябе і яшчэ шэраг каляжанак, якія маюць вышэйшую філялягічную адукацыю, чытаюць беларускія кніжкі і спрабуюць знайсьці сваё шчасьце. У апошнім рамане “Сутарэньні Ромула”, які кагадзе выйшаў у часопісе “Дзеяслоў”, аўтарка, ацугляўшы ўлюбёны жанр паралельнага раману, паяднала найбольш смачныя, з прысмакам горычы, і такія падобныя часы – 1930-я гады і сучаснасьць. У творы паўстаюць сьвежыя для беларускай літаратуры тэмы камсамольскага каханьня, гісторыка-філялягічных спрэчак, здрады і рэпрэсій, родавай нянавісьці, ад якой да каханьня, як вядома, адзін крок.



Альгерд Бахарэвіч. Сарока на шыбеніцы.

Менск: І. П. Логвінаў, 2009

Але жаночая літаратура і творы пра жанчын не заўжды ствараюцца менавіта жанчынамі. Да апошняга часу было ўсё якраз наадварот. Усё-ткі найбольш яскравы і супярэчлівы вобраз гераіні нашага часу, на мой погляд, належыць пяру Альгерда Бахарэвіча, а менавіта Вераніцы з рамана “Сарока на шыбеніцы”. Галоўная гераіня працуе ва ўпраўленьні ВКЛ (Віртуальных Канцэнтрацыйных Лягераў), адмысловым гета для нацыяналістаў, жыве ў прыгарадзе і рэгулярна выконвае свае працоўныя абавязкі – адным словам, звычайная чыноўніца, вінцік сыстэмы, якіх сярод нас процьма. Пісьменьнік ладзіць падарожжа па целе Веранікі, распавядаючы яе жыцьцё праз гісторыю частак цела – валасоў, вушэй, языка, шыі… Першая стрыжка, завушніцы, страта цнатлівасьці, сьмерць… І нават віртуальнае, здавалася б, бесьцялеснае існаваньне Веранікі-Улады напоена цялеснасьцю, без якой жанчыну ўявіць немагчыма. Зусім нядаўна, дарэчы, раман выйшаў па-нямецку і ўжо, штурмуе замежныя кніжныя рынкі і розумы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG