Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўропа для іх заканчваецца пад Берасьцем і Ашмянамі


Дэмакратычная супольнасьць у беларускіх рэгіёнах станоўча ацэньвае захады, якія зрабіў Эўразьвяз, забараніўшы ўезд на сваю тэрыторыю тым беларускім чыноўнікам, якія мелі дачыненьне да фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


«Хто стварыў гэтую сыстэму, той і павінен несьці адказнасьць»

Зь Берасьцейшчыны ў сьпіс Эўразьвязу трапілі Ігар Бусько — старшыня абласной управы КДБ, Сяргей Хмарук — пракурор Берасьцейскай вобласьці, Анатоль Кісялёў — старшыня тэрытарыяльнай выбарчай камісіі, Аляксандар Каляда — старшыня абласной выбарчай камісіі. Самі гэтыя чыноўнікі адмаўляюцца прызнаваць, што яны парушалі заканадаўства.

Кіраўніку галоўнай управы арганізацыйна-кадравай працы Берасьцейскага аблвыканкаму Аляксандру Калядзе Рада Эўразьвязу забараніла ўезд у краіны Эўропы. Сам чыноўнік, які падчас выбараў быў чальцом Цэнтравыбаркаму і кіраваў абласной выбарчай камісіяй, кажа, што не разумее такіх крокаў, бо ён не парушаў заканадаўства, а наадварот, адстойваў правы людзей падчас апошніх прэзыдэнцкіх выбараў:
Я й раней там практычна ня быў, проста таму, што мне нецікава.

«Ня ведаю, хто ў сьпісе і хто парушаў правы чалавека, але я магу казаць за сябе. І я не парушаў, а толькі наадварот, імкнуўся абараніць правы выбарцаў. Таму мне няма тут чаго камэнтаваць».

Чыноўнік мяркуе, што гэтыя крокі не прынясуць ніякага плёну, што такія меры не сучасныя. Аляксандар Каляда кажа, што і дагэтуль практычна ніколі ня быў на Захадзе:

«Я не імкнуся па эўрапейскіх краінах падарожнічаць. На жаль, я й раней там практычна ня быў, проста таму, што мне нецікава. Шкада, вядома, але нічога жахлівага не адбылося».

Валянцін Лазарэнкаў, намесьнік старшыні Берасьцейскай абласной арганізацыі БСДП, лічыць, што чыноўніка ўключылі ў сьпіс заслужана. Назіральнікі, прадстаўнікі апазыцыі накіравалі шэраг скаргаў на парушэньні выбарчага кодэксу падчас выбараў. Але абласная камісія, якую ўзначальваў Аляксандар Каляда, адказвала, што ніякіх парушэньняў не было:

«Хто стварыў гэтую сыстэму, хто прыняў гэтую сыстэму, той і павінен за гэта несьці адказнасьць. Ёсьць жа шэраг заяваў у пракуратуру, зваротаў у камісію. Прычым Каляда адказваў, што выбары праводзіліся без парушэньняў. Але гэта ня так, бо мы маем вялізарную колькасьць сьведкаў і дакладную фактуру».

Алесь Мех з Кобрыня мяркуе, што сьпіс неўязных чыноўнікаў варта пашыраць. Вышэйшыя чыноўнікі аддавалі загады чыноўнікам ніжэйшага ўзроўню, і менавіта на месцах гэтыя каманды выконваліся:

«Павінны быць у сьпісе чыноўнікі гар- і райвыканкамаў. Абавязкова павінны санкцыі тычыцца і намесьнікаў гэтых чыноўнікаў. Далей у пашыраным сьпісе павінны быць і кіраўнікі ідэалягічных аддзелаў. Прычым ня толькі з рай- ці гарвыканкамаў, але і тых, якія працуюць на прадпрыемствах».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Беларускія чыноўнікі ігнаруюць эўрапейскія каштоўнасьці. Навошта ім тады Эўропа?»

У сьпіс чыноўнікаў, якім забаронена наведваць краіны Эўразьвязу, трапілі старшыня абласной выбарчай камісіі Мікалай Стош, пракурор Валянцін Шаеў, начальнік УКДБ Іван Ляскоўскі, чалец Цэнтральнай выбарчай камісіі Сьвятлана Кацуба.

Старшыня Гомельскай абласной выбарчай камісіі, дырэктар філіялу Белдзяржстраху Мікалай Стош так адрэагаваў на ўключэньне яго ў новы сьпіс неўязных беларускіх чыноўнікаў пад нумарам 20:

Дваццаты? Так? Ну, дык гэта для мяне такі добры гонар.
«Дваццаты? Так? Ну, дык гэта для мяне такі добры гонар. Пад нумарам 20 — гэта ж у першых шэрагах. Дзякуй за інфармацыю — яна для мяне стала навіной, бо я ня ведаў пра гэта. Але ў нейкай меры я думаў, што так і можа адбыцца».

Гомельскі палітык, старшыня абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі й назіральнік на выбарах Васіль Палякоў лічыць, што спадар Стош невыпадкова апынуўся ў сьпісе беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу:

«Усё, што робіцца падчас выбараў у межах вобласьці, зацьвярджаецца абласной камісіяй. Безумоўна, бяз подпісу, бяз згоды старшыні гэтыя вынікі так званых выбараў не атрымліваюць афіцыйнага пацьверджаньня.

Уключэньне старшыні абласной камісіі ў лік невыязных — гэта, безумоўна, правільная мера.

Што да астатніх прозьвішчаў — і пракурора вобласьці , і іншых, — то яны ўсе ў большай ці меншай ступені зьвязаныя альбо з фальсыфікацыямі, альбо з тым перасьледам актывістаў, які меў месца і падчас выбарчай кампаніі, і пасьля яе заканчэньня».

Кастусь Жукоўскі
, актыўны ўдзельнік кампаніі Ўладзімера Някляева і грамадзкі актывіст, які быў пакараны і штрафам, і арыштам, мяркуе, што ў сьпісе неўязных чыноўнікаў шмат каго нестае:

«Я чалавек ня помсьлівы, але думаю, каб гэтыя санкцыі мелі сэнс, у Гомельскай вобласьці трэба тысяч пяць чыноўнікаў уключыць у сьпіс. Гэта — усе судзьдзі, усе чальцы выбарчых камісіяў, усе кадэбісты, кожны міліцыянт, які ілжэсьведчыў, павінны быць там. І ўся чынавенская „вэртыкаль“. Пра гэта я пісаў і зараз крычу — тады будзе плён. А што там 158 асобаў — ну, паедуць яны ў Эгіпет ці яшчэ куды.

Ёсьць эўрапейскія каштоўнасьці! І калі чалавек гэтыя каштоўнасьці не падтрымлівае, то якое ён мае права езьдзіць у Эўропу?! Калі яму тут добра, то хай тут і сядзіць — ілжэсьведчыць на судзе, піша ілжывыя даносы, выносіць выракі на падставе апэратыўных сьледчых мерапрыемстваў КДБ, якія па-за законам. Калі гэта ім падабаецца, няхай сядзяць тут — і кропка. Па-іншаму ня можа быць!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG