Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Неўязны лекар Сірэнка: "Спадар Някляеў цудоўна ведае, куды ён трапіў"


Эўрапейскі Зьвяз апублікаваў сьпіс беларускіх чыноўнікаў на чале з кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЭЗ.

У яго ўвайшлі каля 160 высокапастаўленых асобаў, сяброў Цэнтравыбаркаму, судзьдзяў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, КДБ і журналістаў. Уводзячы санкцыі, Эўразьвяз спадзяецца, што афіцыйны Менск вызваліць з турмаў экс-кандыдатаў у прэзыдэнты і іх прыхільнікаў. Як рэагуюць на візавыя санкцыі тыя, каму забаронены ўезд у ЭЗ?

Камэнтуючы пашыраны сьпіс неўязных чыноўнікаў, прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных сказаў карэспандэнту "Свабоды":

Андрэй Савіных
"Цяпер нашы экспэрты вельмі ўважліва аналізуюць і ацэньваюць зьмест мераў, прынятых ЭЗ і ЗША. На гэтай аснове прадумваюцца магчымыя крокі ў адказ. Яны будуць зробленыя з выразным разуменьнем таго, што Беларусь ня хоча рухацца шляхам нэгатыўных і канфрантацыйных сцэнараў. Мы найперш выступаем за дыялёг і супрацоўніцтва. Аднак зьнешняя палітыка Беларусі зьяўляецца незалежнай і базуецца на ўнівэрсальным прынцыпе ўзаемнасьці. Менавіта гэтая лёгіка і будзе ляжаць у аснове нашых магчымых мераў у адказ".

Уезд у Эўразьвяз забаронены Аляксандру Лукашэнку і двум яго сынам Віктару і Дзьмітрыю, кіраўніку прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімеру Макею, дзяржсакратару Савету бясьпекі Леаніду Мальцаву, генпракурору Рыгору Васілевічу, кіраўніку Міністэрства ўнутраных спраў Анатолю Куляшову, старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву, міністру абароны Юрыю Жадобіну, а таксама ўсім сябрам Цэнтравыбаркаму на чале зь Лідзіяй Ярмошынай.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік лічыць, што яму павінны былі "даць прэмію за разьвіцьцё дэмакратыі", а ў сьпіс неўязных уключыць апазыцыянэраў. Ён кажа, што і не зьбіраўся ехаць у Эўропу.

Мікалай Лазавік
"Калі па неабходнасьці трэба, то еду. Я думаю, калі запросіць АБСЭ, дык тут і санкцыі гэтыя асабліва дзейнічаць ня будуць. Бо на міжнародныя форумы запрашае міжнародная арганізацыя, яна ж забясьпечвае выдачу візы. У мінулым годзе, напрыклад, двойчы пабываў у Вене на канфэрэнцыях АБСЭ. Асабістых плянаў на Куршавэль у мяне няма. У мяне ня горшы ёсьць курорт — Тулёнка ў Стаўпецкім раёне".

Галоўны лекар гарадзкой клінічнай лякарні хуткай мэддапамогі Віктар Сірэнка, які таксама трапіў у сьпіс неўязных, сказаў, што "гэта нейкае глупства і ня можа паўплываць на яго працоўную сытуацыю".
У мяне няма там ні грашовых сродкаў, ні ўкладаў, дзелавых зносін ...

"У мяне няма там ні грашовых сродкаў, ні ўкладаў, дзелавых зносін. Сустрэчы адбываюцца тут на месцы, бо мы рэдка выяжджаем для дзелавых зносінаў з эўрапейцамі. Яны прыяжджаюць часьцей да нас.Таму ў нас пляны ёсьць, ня буду называць, а то яшчэ людзей спужаеце. І з Польшчы, і зь Нямеччыны і Італіі. Гэтыя сустрэчы ў нас будуць на наступным тыдні".

Менавіта ў гэтую лякарню 19 сьнежня быў дастаўлены зьбіты кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў. Менавіта Сірэнка тады сказаў, што ў Някляева няма траўмаў, несумяшчальных з жыцьцём, і прапанаваў пакінуць лякарню.
Ён сваё жаданьне выканаў, таму гэта на яго сумленьні ...

"Спадар Някляеў цудоўна ведае, куды ён трапіў. Калі паводле гэтага прынцыпу меркаваць, то можна пачынаць ад кіроўцы хуткай дапамогі, які яго да нас прывёз. Таксама яго за гэта не пусьціць у ЭЗ. І спадар Някляеў ведае, што яму было прапанавана застацца, нягледзячы на яго жаданьне пайсьці зь лякарні. Ён сваё жаданьне выканаў, таму гэта на яго сумленьні. А пры чым тут мой уезд ці няўезд у ЭЗ? Калі ёсьць прэтэнзіі па лячэньні, абсьледаваньні любога чалавека, ёсьць пэўныя працэдуры. Няхай зьвяртаецца ён, сваякі па факце аказаньня мэддапамогі: аказвалася ці не, у поўнай меры ці не".

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян назваў санкцыі "дзікунствам гадоў сярэднявечча". Ён кажа, што і падчас візавых абмежаваньняў езьдзіў у славянскія краіны і нават не плаціў за візы.

Сяргей Касьцян
"Гэта мяне ня вельмі хвалюе. Але гэтыя неўязныя — гэта палітычнае дзікунства сярэднявечча. І як гэта паўплывае на Лукашэнку? Аніяк. І Лукашэнка быў у гэтых сьпісах, ну і што? Мы як жылі, так і жыць будзем. Як рабілася, так і будзе рабіцца".

Старшыня камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Ігар Карпенка сказаў, што ў яго няма рахункаў у Эўразьвязе, а ў эўрапейскіх краінах ён ужо быў. А цяпер будуць езьдзіць яго намесьнікі ці дэпутаты.

Ігар Карпенка
"Апроч Эўразьвязу ёсьць многа іншых цікавых краінаў. Ну ня хочуць яны выдаваць візы. Мы ўжо былі ў гэтай сытуацыі, калі нам не выдавалі візы за дзьве гадзіны да вылету самалёта. Гэта ж у іх падвойныя стандарты. Некаторых да парасячага віску радуе тое, што ўвялі нейкія санкцыі адносна Беларусі. Ажно ўвесь інтэрнэт захлынаецца. Любы дыялёг, які б ён ні быў, вялацякучы, слабы, няважна які, але палітычны дыялёг у любым выпадку лепшы, чым нейкія абмежаваньні кантактаў".



У сьпіс неўязных 40 асобаў патрапілі са старога сьпісу, які дзейнічаў з 2006 году. Тады Эўразьвяз увёў забарону на выдачу візаў Аляксандру Лукашэнку і яшчэ прыблізна 30 беларускім чыноўнікам, адказным за зьнікненьні чатырох апанэнтаў улады, фальсыфікацыю выбараў і перасьлед мірных дэманстрантаў. Таксама Эўразьвяз замарозіў іх рахункі і маёмасьць. Апошнія некалькі гадоў візавыя санкцыі былі замарожаныя. Пасьля падзеяў 19 сьнежня мінулага году Эўразьвяз аднавіў стары сьпіс і дадаў да яго новы, у якім яшчэ 117 чыноўнікаў, адказных за фальсыфікацыю выбараў і перасьлед апазыцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG