Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Увечары 30 студзеня ў Менску ля цэнтральнага ўваходу ў будынак КДБ адбылася акцыя салідарнасьці з палітзьняволенымі. Міліцыянты затрымалі семярых удзельнікаў акцыі. Сёньня адміністрацыйныя справы затрыманых будуць разгледжаныя ў судзе Цэнтральнага раёну Менску.

Некалькі ўдзельнікаў акцыі салідарнасьці былі затрыманыя адразу пасьля таго, як разгарнулі партрэты зьняволеных у СІЗА КДБ экс-кандыдатаў у прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і Міколы Статкевіча. Яны скандавалі "Свабоду палітвязьням!". Адзін з удзельнікаў трымаў плякат "Свабоду Андрэю Саньнікаву".


Міліцыянты ў цывільным пачалі вырываць партрэты, а потым падагналі аўтазак і закінулі туды семярых удзельнікаў акцыі, сярод якіх Максім Вінярскі, Леанід Кулакоў, Паліна Кур'яновіч, Кацярына Людвіг ды іншыя. Падчас затрыманьня спадар Кулакоў казаў міліцыянтам:

"Я прыйшоў сюды для таго, каб падтрымаць людзей. Я не ўваходжу ні ў якую партыю, але пасьля гэтага моманту я ўступлю ў любую партыю. Я прыйшоў сюды, каб абвергнуць тое, што вы робіце. Вы абараняеце дыктатара".



Астатнія грамадзяне працягвалі стаяць каля будынку. Якраз у гэты час трактар пачаў прыбіраць ходнік, і ўдзельнікам акцыі даводзілася некалькі разоў адыходзіць убок.


Маці зьняволенага ў жодзінскай турме 20-гадовага Мікіты Ліхавіда Алена разгарнула партрэт свайго сына, аднак міліцыянты, пагражаючы затрыманьнем, прымусілі яе згарнуць партрэт. Спадарыня Алена сказала, што паўтара месяца ня бачыла свайго сына:

"Я прашу адпусьціць майго сына. Ён ні ў чым не вінаваты. Ён пайшоў абараняць тое, што любіць, тое, што цэніць. І што ён атрымаў?!"

Некаторыя ўдзельнікі акцыі спрабавалі запальваць зьнічы, аднак міліцыянты іх гасілі. Пасьля акцыі каля будынку КДБ каля двух дзясяткаў удзельнікаў акцыі накіраваліся да Чырвонага касьцёлу. Там ля помніка "Арханёл Міхал перамагае злога" паставілі запаленыя зьнічы, прымацавалі бел-чырвона-белую стужку да помніка і трымалі партрэты зьняволеных Насты Палажанкі, Зьмітра Бандарэнкі, Аляксандра Фядуты, Эдуарда Лобава ды іншых. Два міліцыянты назіралі за акцыяй, але не перашкаджалі.

Пасьля акцыі салідарнасьці адзін зь яе ўдзельнікаў Юры Хадыка расказаў карэспандэнту "Свабоды", чаму ён прыйшоў да будынку КДБ, нягледзячы на тое, што ў яго ў гіпсе зламаная рука:

"Любая акцыя мае сэнс, бо яна сымбалізуе, што супраціўленьне ня здушанае. Лукашэнка ж робіць усё, каб растаптаць апазыцыю, зьнішчыць яе канчаткова. Хаця акцыя нешматлюдная – прыкладна пароўну было агентаў у чорным, журналістаў і тых, хто прыйшоў падтрымаць нашых арыштаваных змагароў. За нас рэжым робіць адбор, хто для яго найбольш небясьпечны: сядзіць Саньнікаў, сядзіць Статкевіч, сядзіць Лябедзька. Так што падтрымліваць было каго".

Сёньня Рада Эўразьвязу павінна вырашыць пытаньне адносна санкцыяў да афіцыйнага Менску. Юры Хадыка лічыць санкцыі неабходнымі:

"Ад Эўропы былі патрэбныя самыя жорсткія эканамічныя санкцыі. Усё гэта дэмагогія, што народ пацярпіць. Народ больш цярпіць ад рэжыму, ад безвыходнасьці, ад тупіковага шляху разьвіцьця, па якім цяпер ідзе Беларусь. Гэта значна большае зло. Калі б забаранілі нафтапрадуктамі гандляваць, то ён праз год лёг бы".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG