Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цапф назвала паранояй абвінавачваньні Лукашэнкі


У нямецкім бундэстагу прайшлі дэбаты па Беларусі. Дэпутаты ўсіх фракцый рэзка скрытыкавалі дзеяньні беларускіх уладаў пасьля выбараў і запатрабавалі ўвядзеньня санкцый супраць афіцыйнага Менску і вызваленьня палітвязьняў.

Яны мелі назву "Беларусь: спыніць рэпрэсіі, увесьці санкцыі за парушэньне правоў чалавека, падтрымаць грамадзянскую супольнасьць".

Ініцыявала дэбаты дэпутат ад партыі "зялёных" Марылюіза Бэк.
Дыскусія пачалася выступам дэпутата ад Свабоднай дэмакратычнай партыі Міхаэля Лінка, перадае "Нямецкая хваля".

Ён адзначыў, што быў шакаваны падзеямі 19 сьнежня ў Менску.

"Карціны празьмерна жорсткага прымяненьня гвалту з боку міліцыі да мірных дэманстрантаў проста шакавалі. Гэта была чыстая самаўпраўнасьць разьюшанай службы бясьпекі на ўзроўні, які немагчыма ўдявіць нідзе больш у Эўропе".

Ён таксама выказаў глыбокую павагу і салідарнасьць са зьняволенымі кандыдатамі ў прэзыдэнты, журналістамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці. Неабходна зрабіць усё, каб аказаць ім неабходную прававую і мэдычную дапамогу, адзначыў дэпутат.

Ута Цапф
Паводле дэпутата ад сацыял-дэмакратычнай партыі Уты Цапф, тое, што зараз адбываецца ў Беларусі - ператрусы, арышты, звальненьні з працы, пагрозы ў адрас родных і блізкіх апазыцыянэраў - зьяўляецца "прамым ударам па курсу на збліжэньне з Эўропай" .

Цапф прызнала, што ранейшая палітыка бізуна і перніка адносна Беларусі не прынесла выніку: "У нас больш няма пугі, а пернікі яны не хочуць браць, таму мы сёньня знаходзімся ў разгубленасьці".

Цапф заявіла, што ад Беларусі зараз трэба найперш запатрабаваць вызваленьня затрыманых і зьняцьця зь іх абвінавачваньняў. Яна падтрымала аднаўленьне візавых санкцый для беларускіх чыноўнікаў.

Цапф выказала сумнеў у магчымасьці супрацоўніцтва з Расеяй адносна дэмакратызацыі Беларусі, а таксама назвала паранояй абвінавачваньні Лукашэнкі ў адрас Нямеччыны і Польшчы, якія нібыта рыхтавалі дзяржаўны пераварот у Беларусі.

Карл-Георг Вельман
, дэпутат ад блёку ХДС/ХСС, адзначыў, што санкцыі ні ў якім выпадку не павінны закрануць насельніцтва краіны.
Ён зьвярнуўся да нямецкага ўрада з просьбай зрабіць усё, каб зьняць бар'еры, якія перашкаджаюць аблягчэньню візавага рэжыму для беларусаў.

"Давайце крыху шырэй прыадчынім дзверы, гэта добра і для нас, і для Ўсходняй Эўропы".

Марылюіза Бэк
Дэпутат Марылюіза Бэк нагадала, што ў дакладзе Рады Эўропы, некалькі гадоў таму падрыхтаваным Хрыстасам Пургурыдэсам, гаворыцца аб магчымай датычнасьці беларускіх уладаў да зьнікненьня вядомых апазыцыйных палітыкаў. "Таму мы павінны разумець, з кім маем справу", - адзначыла Бэк.

Паводле Бэк, адказнасьць за тое, што адбываецца ў Беларусі нясе "дыктатар, на якога немагчыма ўплываць і які больш не можа быць нашым партнэрам". Гаворка ідзе пра ізаляцыю рэжыму, але не людзей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG