Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Хваля допытаў не спыняецца


Дэмакратычных актывістаў у рэгіёнах краіны працягваюць выклікаць у аддзелы КДБ і міліцыі на допыты ў рамках крымінальнай справы аб падзеях на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня.

ВІЦЕБШЧЫНА


Допыты ў Аршанскім аддзеле КДБ

На Віцебшчыне працягваюцца допыты дэмакратычных актывістаў. 17 студзеня ў Аршанскі гарадзкі аддзел КДБ выклікалі старшыню мясцовай суполкі партыі БНФ і актывіста кампаніі «Гавары праўду» Алеся Шутава.

Сьледчы Канстанцін Бычык тэлефанаваў актывісту яшчэ ў пятніцу, аднак Алесь Шутаў быў пільна заняты на працы, і візыт давялося перанесьці на панядзелак:

«А палове на 9-ю ён мне ўжо патэлефанаваў, і аб 11-й гадзіне я пайшоў у аддзел КДБ, які ў нас у Воршы месьціцца на вуліцы Пушкіна. Са мной сустрэўся той самы Бычык — ён назваўся сьледчым КДБ па Віцебскай вобласьці. Ён апытаў мяне пра падзеі 19–20 сьнежня: пытаўся, ці быў я ў Менску, ці ведаў, што там будзе акцыя… Але, паколькі я ў той дзень быў у Воршы, то і размаўляць нам асабліва не было пра што. Недзе хвілін за 40 уся размова й была скончана».

За 17-га студзеня гэта быў першы, але не апошні допыт у Аршанскім КДБ. Позву атрымаў і яшчэ адзін мясцовы актывіст Руслан Канавалаў:

«Ну вось толькі што прынёс лейтэнант, па прозьвішчы, здаецца, Жукаў, позву на 17 гадзін у Аршанскі гарадзкі аддзел КДБ. Выклікаюць, там напісана, у якасьці сьведкі. Я перапытаў: у якасьці сьведкі па якой справе? Міліцыянт сказаў, што проста ў якасьці сьведкі, а па якой справе, так і не паведаміў. Я ўдакладніў яшчэ, ці законны гэта такі выклік — без указаньня, па якой справе. Ён адказаў: «Так».

Выкліку ў Віцебскую абласную ўправу КДБ чакае і актывістка Алена Фаміна. У час выбарчай кампаніі яна была даверанай асобай Дзьмітрыя Вуса.

13 студзеня чацьвёра супрацоўнікаў КДБ правялі ператрус у яе кватэры ды забралі з сабой сыстэмны блёк кампутара, ноўтбук, некалькі «флэшак» і дыскаў. Тады ж ёй паведамілі, што актывістка мусіць зьявіцца на гутарку ў абласную ўправу КДБ, але час выкліку не ўдакладнілі — сказалі, што пра гэта патэлефануюць дадаткова. Дагэтуль тэлефанаваньня не было, і Алена Фаміна не выключае, што ў КДБ давядзецца ісьці самой — але не на допыт, а з заявай, каб вярнулі забраную аргтэхніку. Спадарыня Фаміна вучыцца завочна, а сын-школьнік — на хатнім навучаньні, таму кампутар у сям’і — гэта прадмет першай неабходнасьці.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Зноў раздавалі ўлёткі ля будынка аблвыканкаму

Тыдзень у Берасьці пачаўся з затрыманьняў. Трох сябраў БХД затрымалі міліцыянты каля аблвыканкаму.

Міліцыянты канфіскавалі ў Юркі Бакура, Вікторыі Грышанавай і Івана Стасюка друкаваныя матэрыялы, якія тыя раздавалі на плошчы каля будынка абласнога выканаўчага камітэту. Пратакол на затрыманых не складалі, праз тры гадзіны іх выпусьцілі, кажа каардынатар БХД па Берасьці Зьміцер Шурхай:

«Мы зь Юркам Бакурам ведалі пра затрыманьне. Тым ня менш Юрка ўсё роўна пажадаў раздаваць і надалей інфармацыйныя матэрыялы пра вязьняў Плошчы. Але літаральна празь пяць хвілін, як ён зьявіўся каля аблвыканкаму, адтуль выйшлі міліцыянты і затрымалі яго».
Цяпер не начую дома, а ў розных месцах...

Увогуле ў Берасьці, як кажа Зьміцер Шурхай, пасьля ператрусаў некаторыя актывісты апазыцыйных партый перайшлі на паўпадпольны лад жыцьця:

«Стараюся мінімальна весьці размовы праз мабільны тэлефон. Увогуле намагаюся, каб як мага радзей яго ўключаць. Цягам апошніх дзён уключаю свой мабільны тэлефон толькі некалькі разоў за дзень, у розных месцах гораду. Акрамя гэтага, зараз не начую дома, а ў розных месцах».

Былы міліцыянт расказвае, як у турме прымушаюць гаварыць патрэбнае перад камэрай БТ

Станіслаў Халадовіч, сябра АГП з Івацэвічаў, да гэтага часу не атрымаў неабходныя дакумэнты з Жодзінскай турмы. Актывіст адзначае, што супрацоўнікі КДБ даволі моцна ціснулі на затрыманых на Плошчы. Асабліва на студэнтаў і моладзь:

«Са мной у камэры быў малады чалавек, які, акрамя іншага, быў і пэрсанажам фільму „Плошча. Жалезам па шкле“. Справа ў тым, што яго ў турме выклікалі на допыт супрацоўнікі КДБ. Пасьля допыту ён быў ніякі, нават моўныя функцыі ў юнака былі парушаныя. Пазьней ён распавёў, што яму паставілі ўмову: або ён скажа тое, што патрэбна перад камерай БТ, або застанецца на доўгі тэрмін у турме».

Станіслаў Халадовіч кажа, што супрацоўнікі спэцслужбаў выкарыстоўваюць людзей, папярэдне іх запалохаўшы. Сам былы міліцыянт з Івацэвічаў уражаны, як пераступаюць закон тыя, хто павінен яго ахоўваць:

«Гэтаму юнаку, які быў са мной у камэры, супрацоўнікі КДБ сказалі, што падрыхтуюць яму тэкст, які ён агучыць перад камэрай. Яму абяцалі, што схаваюць яго твар, зьменяць голас. Але на самой справе яго твар ніхто не хаваў. Мала таго, у кадры па тэлебачаньні нават прозьвішча і імя напісалі. У нас даўно супрацоўнікамі сілавых органаў растаптаны ўсе правы чалавека».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


"Атрымалі загад зьнішчыць апазыцыю"

Пасьля ператрусаў і выклікаў на допыты некаторыя актывісты на Гарадзеншчыне страцілі працу.

Валянціну Бусько, адваката Гарадзенскай абласной калегіі адвакатаў, пазбавілі працы празь некалькі дзён пасьля падзей на Плошчы, дзе яна была разам з сынам. У яе адабралі адвакацкую ліцэнзію.

Сёньня яна распавяла, што рыхтуе скаргу на незаконнае звальненьне, але сама кажа, што надзеі аднавіцца няма. Як жыць і дзе шукаць працу, папросту ня ведае:

“Мне ўжо многія казалі, што знайсьці працу ў Горадні будзе складана, бо ўдзельнікаў Плошчы пазвальнялі нават з прыватных кампаній. Таму нейкіх канкрэтных месцаў, дзе можна было б знайсьці працу, у мяне папросту няма".

У Астраўцы Іван Жыліцкі рабіў мэханікам у аўтакалёне, падчас выбараў браў удзел у незалежным назіраньні. Як сам расказвае, нават скаргаў не пісаў на ўчастку, бо ўсё адбывалася спакойна.

Але пасьля выбараў мусіў сам напісаць заяву на звальненьне:

“Яны ўжо даўно мяне хацелі адтуль прыбраць. Я працаваў на аўтабазе мэханікам па выпуску аўтамабіляў. Там патрэбныя "свае людзі", а такія, як я, ім не падабаюцца”.

Карэспандэнт: "Ці знайшлі вы іншую працу ў Астраўцы?"

Жыліцкі: "Аказалася праблематычна, шукаю ўжо амаль месяц, паўсюль кажуць, што няма вольных вакансій".

Сяргей Трафімчык, актывіст зь Бярозаўкі, падчас выбарчай кампаніі займаўся незалежным назіраньнем. Днямі атрымаў пісьмовае паведамленьне, што ягоны кантракт з шклозаводам "Нёман" канчаецца 26 студзеня сёлета, гэта значыць — праз тыдзень:

“Я ведаў, што так будзе, бо нездарма мяне сілком прымушалі заключаць гэты кантракт. Людзі тады з канторы мне перадавалі, што дырэктар загадаў заключыць са мной кантракт і праз год звольніць”.

На мінулым тыдні ў Горадні КДБ ператрос усе партыйныя офісы, забраўшы кампутары і ўсю аргтэхніку. Віктар Сазонаў, які каардынаваў працу назіральнікаў, апавядаў, што асабліва жорстка ператрус рабілі ў іхнім офісе: сканфіскавалі нават адказы на скаргі з судоў:
Запускаецца апарат самазьнішчэньня, потым жа машына будзе працаваць, і ёй патрэбныя будуць новыя ахвяры...


“Складаецца такая абсурдная сытуацыя, што, на мой погляд, многія людзі ў тых самых органах глядзяць і думаюць — што будзе далей. Калі дадуць каманду, то апазыцыю могуць зьнішчыць за тыдзень, а што потым?.. Гэта ж запускаецца апарат самазьнішчэньня, потым жа машына будзе працаваць, і ёй патрэбныя будуць новыя ахвяры. А дзе браць новыя ахвяры? Яны стануць імі самі…”

МАГІЛЁЎШЧЫНА


"Чаго шукаюць — самі ня ведаюць"

На Магілёўшчыне супрацоўнікі КДБ правялі чатыры ператрусы ў кватэрах чальцоў ініцыятыўных груп кандыдатаў у прэзыдэнты. Камітэтчыкі забіралі сыстэмныя блёкі кампутараў, электронныя носьбіты інфармацыі, друкаваную прадукцыю, шукалі грошы.

Усе ператрусы адбываліся ў межах расьсьледаваньня крымінальнай справы аб масавых непарадках у Менску 19—20 сьнежня. У пастановах аб іх правядзеньні адзначалася, што па месцы жыхарства актывістаў могуць знаходзіцца дакумэнты, якія тычацца арганізацыі і правядзеньня несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў.

Ператрус у кватэры кіраўніка абласной структуры партыі БНФ Зьмітра Салаўёва праводзіўся без гаспадара. У двары былі жонка й малалетняя дачка. Візытэры на просьбу жанчыны прыйсьці, калі муж будзе дома, увагі не зьвярнулі. Настойліва запатрабавалі адчыніць дзьверы.

“Перагледзелі ўсе шафы й папкі. Забралі два бел-чырвона-белыя сьцягі, сыстэмнік кампутара, відэакамэры з запісам падзеяў на плошчы. Калі я запатрабавала: пакіньце мне копію пастановы, яны сказалі: "Нам не дазволена". Ператрус праводзілі сьледчыя КДБ Махуноў і Ромскі. З сабой яны прывялі дваіх панятых. Санкцыя на ператрус была выпісаная пракурорам Менскай пракуратуры Куліком", – апавядае пра ператрус Надзея Салаўёва.

Панятых супрацоўнікі КДБ мелі сваіх. Праваабаронцу Аляксею Колчыну, які жадаў стаць панятым, адмовілі.

Алена Мядзьведзева, каардынатарка бабруйскага штабу ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева, чакала ператрусу. І то слушна:

"3G-мадэм у мяне канфіскавалі. Крыху дыскаў, сшыткаў з запісамі. Шукалі запісы пра грошы. Забралі кнігу Карбалевіча – вось гэтую новую. У мяне заставаліся блянкі пасьведчаньняў сяброў ініцыятыўных груп. 16 штук забралі. Іх было чацьвёра і двое панятых".
Шукалі тое, чаго самі ня ведалі. Проста далі каманду "фас"...


Адбыўся ператрус і ў бялыніцкага сябра ініцыятыўнай групы Някляева Мікалая Мяцеліцы. Ён брат даверанай асобы кандыдата ў прэзыдэнты Алега Мяцеліцы. Па актывіста камітэтчыкі прыехалі на працу. Заявілі, што калі той адмовіцца ехаць зь імі, яны выкарыстаюць сілу. Што забралі візытэры і што шукалі, пытаюся ў спадара Мяцеліцы:

"Сыстэмны блёк забралі і ўсе носьбіты інфармацыі. Наагул у пастанове была фраза пра пошук грошай. Карацей, шукалі тое, чаго самі ня ведалі. Проста далі каманду "фас".

Ператрус адбыўся і ў кватэры даверанай асобы Віталя Рымашэўскага Таісы Кабанчук. Канфіскаваны агітацыйныя ўлёткі былога кандыдата ў прэзыдэнты, а таксама электронныя носьбіты інфармацыі ды нататкі.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Ператрус. Суд. Галадоўка

Гомельскія актывісты руху "За свабоду" наводзілі 17 студзеня парадак у офісе пасьля ператрусу, які ўчынілі супрацоўнікі мясцовай управы КДБ напярэдадні выходных.

Гаворыць рэгіянальны кіраўнік руху Пётар Кузьняцоў:

"Цяпер у нас тут "суботнік" — мы наводзім парадак у офісе. Потым будзем думаць, як кампэнсаваць страты й будаваць нашу працу нанава".

Падчас ператрусу чэкісты забралі ў "рухаўцаў" 2 сыстэмныя блёкі са стацыянарных кампутараў, якія выкарыстоўвала й рэдакцыя інтэрнэт-сайту "Сильные новости".

Ператрус, які на мінулым тыдні ўчынілі мясцовыя супрацоўнікі КДБ у кватэры актывіста "Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі" Дзяніса Дашкевіча з Рагачова, надзвычай ускладніў працу Дзяніса як індывідуальнага прадпрымальніка:

"Галоўнае, што яны канфіскавалі два мае сыстэмныя блёкі. А гэтыя кампутары ў мяне — працоўныя. Я займаюся фота- і відэаздымкамі вясельляў. І забралі ў мяне яшчэ ўсе запісныя кніжкі, блякноты, календары. І пачысьцілі кантакты ў мабільным тэлефоне".

Яшчэ адзін прадстаўнік беларускай хрысьціянскай дэмакратыі — Кастусь Жукоўскі з Гомелю — адбывае цяпер 8-суткавае пакараньне арыштам у ізалятары часовага ўтрыманьня абласнога цэнтру. Ён трымае галадоўку, таму паплечнікі кожны дзень наведваюць ізалятар, каб перадаць галадоўніку ваду, сокі й сьвежыя газэты.

Апавядае гомельскі грамадзкі актывіст Андрэй Толчын:

"Ён абвясьціў галадоўку, і, каб яму дапамагчы, мы перадаем яму ваду, сокі. Перадалі цёплыя рэчы, гігіенічныя прыналежнасьці. Кнігі таксама былі перададзеныя, у тым ліку Біблія. Кожны дзень носім ваду, сокі й газэты. І сёньня ідуць, і заўтра — кожны дзень хтосьці будзе".

Нагадаем, што Кастусь Жукоўскі 13 студзеня рабіў відэаздымкі ля абласной управы КДБ, куды выклікалі мясцовых актывістаў і студэнтаў на допыты й гутаркі — каго за паездку ў Менск 19 сьнежня, а каго й за ўдзел у агітацыйнай кампаніі апазыцыйных кандыдатаў. Здымаў Жукоўскі таксама й будынак УКДБ, помнік Фэліксу Дзяржынскаму.

Спадара Жукоўскага ўрэшце затрымалі нібыта за лаянку й праз Цэнтральны суд пакаралі арыштам.

Перад гэтым яго дапыталі ў КДБ як сьведку ў крымінальнай справе пра масавыя непарадкі ў Менску, а ў ягоным доме чэкісты правялі ператрус.
XS
SM
MD
LG