Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампутары забралі раней. Цяпер прыходзяць па дыскі і флэшкі


Хваля ператрусаў і допытаў, якія праводзяць КДБ і міліцыя, не спыняецца ні на дзень. Супрацоўнікі спэцслужбаў запалохваюць як удзельнікаў акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня, так і іх родных, у тым ліку дзяцей.

ВІЦЕБШЧЫНА


Ператрусы ў Віцебску, Наваполацку і Гарадку

Пасьля ператрусу ў кватэры Паўла Севярынца, які прайшоў 28 сьнежня, на Віцебшчыне было зацішна — супрацоўнікі КДБ нікога не турбавалі. А вось 13 студзеня ў вобласьці прайшла цэлая хваля ператрусаў — у Віцебску, у Наваполацку, у Гарадку.

Алена Фаміна
Віцебская актывістка Алена Фаміна, якая падчас выбарчай кампаніі была даверанай асобай Дзьмітрыя Вуса, распавяла, што яе супрацоўнікі КДБ падпільнавалі на вуліцы:

«Мяне каля пад’езду падпільнавалі. Гукнуў нейкі мужчына: „Алена Аляксандраўна!“ Так, кажу, я… Ён кажа: „Зараз мы разам пойдзем“. І падыходзіць яшчэ натоўп цэлы — пяцёра чалавек. Кажуць, у нас пастанова на ператрус. „Во! Чаго раптам?“ — пытаюся… Ну, зь імі адразу двое панятых прыйшлі. Падняліся ў кватэру, паказалі мне пастанову на ператрус».

У пастанове было напісана, што ператрус праводзіцца ў межах крымінальнай справы па факце масавых беспарадкаў у Менску 19 сьнежня. Але, кажа актывістка, нязваныя госьці былі добра інфармаваныя, што 19 сьнежня яна была назіральніцай на выбарах на адным зь віцебскіх участкаў, а ў Менску не была:

«Якраз той чалавек, які мяне спыняў на вуліцы, потым сказаў, што выкліча мяне даць паказаньні. Але ён сказаў: „Мы ведаем, дзе вы былі“. Ведаў ён і тое, што ў мяне быў канфлікт са старшынёй выбарчай камісіі, і што ў мяне былі папярэджаньні…»

Верагодна, мяркуе Алена Фаміна, усе зьвесткі пра яе супрацоўнікі КДБ знайшлі ў інтэрнэце: у дзень выбараў яна распавядала незалежным журналістам пра заўважаныя парушэньні. Цяпер у самой актывісткі мажлівасьцяў трапіць у інтэрнэт няма: зь яе кватэры забралі сыстэмны блёк кампутара, ноўтбук, а таксама некалькі флэшак і дыскаў.

Сяргей Парсюкевіч
Сыстэмны блёк і некалькі ўлётак супрацоўнікі КДБ забралі і пасьля ператрусу ў віцебскага актывіста кампаніі «Гавары праўду» Сяргея Парсюкевіча. Ён таксама ня быў 19 сьнежня ў Менску. Тады разам зь непаўналетнім сынам Дзянісам актывіста затрымалі на аўтавакзале і заявілі, што ён затрыманы па падазрэньні ў забойстве. Пазьней у той жа дзень яго затрымалі ўжо на ўласнай машыне, і разбор у міліцыі зацягнуўся амаль да паўночы.

Не даехаў да Менску 19 сьнежня і Леанід Аўтухоў, прыхільнік Уладзімера Някляева з райцэнтру Гарадок. Тым ня менш і да яго прыйшлі зь ператрусам:

«Яны ведалі, што ў менскіх падзеях я ня ўдзельнічаў. Так і казалі: „Мы ведаем. Але ў нас сьпіс, спушчаны зь Менску, і мы мусім выконваць свае службовыя абавязкі“. Але я не хаваўся — казаў, што дужа туды хацеў, дужа хацеў! Ну, і правялі ператрус. Абшукалі ўсё: і хату, і гаспадарчыя пабудовы — лазьню, хлеў, аўтамабіль. Прагледзелі, як выбары праходзілі на маім участку — паглядзелі той сшытак. Але нічога гэтага не забралі — і партыйныя паперы не забралі…»

Леанід Аўтухоў
Старшыня раённай суполкі партыі БНФ Леанід Аўтухоў 19 сьнежня быў назіральнікам. І яшчэ 18-га ўвечары ён заўважыў, што яго перасоўваньні на ўласнай машыне пільна адсочваюцца. Ён нават патэлефанаваў у міліцыю, паскардзіўшыся на незаконны перасьлед, але гэта не дапамагло.

Пасьля ператрусу ў гарадоцкага актывіста забралі толькі два дзясяткі дыскаў і дзьве флэшкі. Кампутара ў Леаніда Аўтухова ўжо месяц як няма — яго сканфіскавалі ў кошт штрафаў, накладзеных на яго за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях.

14 студзеня актывіста выклікаў старшыня раённага суду Аляксандар Ляшкевіч, які папярэдзіў, што за затрымку з выплатай штрафаў спадара Аўтухова могуць дадаткова асудзіць на «суткі». Бо яму трэба сплаціць яшчэ 1 мільён 66 тысяч рублёў, а выплаты па 10 тысяч у месяц, якія пералічвае ў даход дзяржавы беспрацоўны апазыцыянэр, суд не задавальняюць.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Ён кандыдатаў арыштаваў, а цяпер бярэцца запалохваць простых беларусаў»

Ігар Каваленка
На Магілёўшчыне ад допытаў актывістаў справа дайшла й да ператрусаў. Першай у рэгіёне зьведала вобыск сям’я Ігара Каваленкі — даверанай асобы Ўладзімера Някляева.

Самога Каваленкі падчас ператрусу не было. Ад 19 сьнежня ён у замежжы. У кватэры былі жонка Алена й старэйшы сын. Дзьверы адчыніла гаспадыня пасьля пагрозаў, што іх зламаюць. У адвакаце адмовілі. Тэлефоны на час вобыску забралі. Дваіх сьведак прывезьлі з сабою. Кіраваў працэдурай чалавек у цывільным, які назваўся палкоўнікам, кажа Алена Каваленка:

«Прад’явілі пастанову, у якой было пазначана, што мой муж нібыта браў удзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня. У асноўным яны шукалі банкаўскія дакумэнты, якія пацьвярджаюць грашовыя абароты. Усе такія паперкі яны забіралі. Крэдытныя карткі, візыткі забіралі. Першае пытаньне было: „Дзе ваш муж і ці тэлефануе вам?“.

Міхаіл Кавалькоў
Тым часам допыты актывістаў у КДБ не перапыняюцца. Прафсаюзны актывіст Міхаіл Кавалькоў, які за Плошчу адседзеў дзесяць сутак арышту, наведаў камітэтчыкаў адным з апошніх. Яму паведамілі, што ён на прафіляктычным уліку:

„Чаго паехаў?“ — выпытвалі. Паводле сваіх перакананьняў паехаў. І ён запісаў нават, што апошнія чэсныя выбары ў нас былі ў 1994 годзе. „А калі прынялі рашэньне?“ — пытаецца. — „Калі Аляксандар Рыгоравіч заявіў, што на Плошчы ня будзе ніводнага чалавека, вось тады й прыняў канчатковае рашэньне ехаць“. Ён на камэру здымаў, як мяне папярэджвалі пра тое, каб я больш ні ў чым падобным ня ўдзельнічаў».

Уладальнікаў мабільных тэлефонаў таксама выклікаюць на допыт. Актывіст стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Аляксандар Дзямідаў — адзін з такіх:

«Мне патэлефанавалі зь Менску. Сьледчы. Сказаў: ваша сім-карта была заўважаная ў раёне вуліцы Кальварыйскай, мы вас запрашаем як сьведку па масавых беспарадках. Я ім адказаў, што ня ведаю, хто вы — ці то „мент“, ці то бандыт. Там жа была поўная плошча людзей. Як можна ўсіх выклікаць? Усіх кандыдатаў пасадзіў, цяпер бярэцца запалохваць простых беларусаў, каб нас вярнуць у стойла, як раней».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


«Чакаецца, што ў КДБ будуць дапытаныя ўсе актывісты апазыцыі»

На Берасьцейшчыне на допыты ў КДБ было выклікана сем чалавек. Прадстаўнікі апазыцыі кажуць, што гэта толькі пачатак перасьледу і ціску.

Старшыня Берасьцейскага абласнога Свабоднага прафсаюзу Беларускага Валянцін Лазарэнкаў паведаміў Радыё Свабода, што мае інфармацыю пра тое, што зь Берасьця на допыт у КДБ будзе выклікана агулам каля 30 чалавек:

«На самой справе маю такую інфармацыю, ці, дакладней сказаць, нават папярэджаньне. Чакаецца, што будуць дапытаныя амаль усе актывісты, у тым ліку і тыя, якія не былі на Плошчы. Санкцыі ж на ператрусы былі падпісаныя шостага студзеня, але прайшлі яны толькі адзінаццатага. Магчыма, што проста далі адзначыць сьвяты. Таму цяпер чакаем наступнай хвалі перасьледу».

Падчас допыту ў КДБ супрацоўнікі спэцслужбаў патрабуюць ад сьведак падпіскі пра неразгалошваньне ходу допыту. Зінаіда Міхнюк, старшыня берасьцейскага РЭП, дала такую падпіску. Допыт у абласной управе КДБ цягнуўся больш за тры гадзіны:
Адным з пытаньняў было, ці бачыла я, як зьбіваюць міліцыянтаў? Я ня вытрымала і сьведчыла, што — пабойцеся Бога, на самой справе я была сьведкай, як зьбіваюць моладзь.

«Яны задавалі пытаньні кшталту — чаго я паехала на Плошчу, навошта, што бачыла? Адным з пытаньняў было, ці бачыла я, як зьбіваюць міліцыянтаў? Я ня вытрымала і сьведчыла, што — пабойцеся Бога, на самой справе я была сьведкай, як зьбіваюць моладзь».

Зінаіда Міхнюк кажа, што супрацоўнікі КДБ пачалі ціснуць і на яе сям’ю:

«Зараз пачаўся ціск на майго сына. Напачатку яму патэлефанавалі з КДБ. Ён пасьля гэтых слоў спалохаўся і выключыў тэлефон. Тады камітэтчыкі прыехалі ў дэканат яго ўнівэрсытэту. І праз дэкана спрабавалі паразмаўляць з маім сынам».

Зінаіда Міхнюк лічыць, што спэцслужбоўцы помсьцяць ёй такім чынам за яе подпіс пад зваротам аб вызваленьні арыштаваных у Беларусі да Эўрапарлямэнту:

«Мой сын зьдзіўлены такой увагай з боку КДБ, бо практычна не прымае ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцьці. Але яму, магчыма, будзе вынесена вымова ў ВНУ».

Некаторыя прадстаўнікі дэмакратычных арганізацый зьехалі зь Берасьця за мяжу.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Да крымінальнай справы па Плошчы ўжо «шыюць» мясцовыя пратаколы

Актывісты апазыцыі з Наваградка ўжо тройчы адмовіліся прыходзіць па выкліку ў КДБ і міліцыю. Свой пратэст яны аргумэнтуюць заявамі, што ні ў чым не вінаватыя.

Першыя выклікі Уладзімера Качагура, Дар’і Бахар і Сяргея Ваўчка пачаліся пасьля падзей на Плошчы. Уладзімер Качагур адмовіўся зьяўляцца ў КДБ бяз позвы. Дар’і Бахар прыносілі пісьмовае паведамленьне на працу, але яна, параіўшыся зь юрыстам, высьветліла, што паведамленьне — гэта не юрыдычная папера, і таксама адмовілася ісьці ў КДБ.

Вось што казаў праз тэлефон супрацоўніку КДБ Уладзімер Качагур:

Уладзімер Качагур
«Уявіце, звоніць праз тэлефон, ні позвы, нічога, і пытаецца — дзе я знаходжуся, маўляў, вас турбуе КДБ. Я кажу — а якая вам розьніца, дзе я знаходжуся. Ён кажа, што хоча за мной пагаварыць. Тады я пытаюся — колькі вас працуе ў КДБ? Ён адказвае, што дастаткова шмат. І тады я яму кажу: значыцца, у вас там ёсьць з кім размаўляць, то вы і размаўляйце».

Пасьля няўдалых выклікаў у КДБ да актывістаў пайшлі міліцыянты, але актывісты на гэта зноў не адрэагавалі. Урэшце трэці раз да Ўладзімера Качагура і Дар’і Бахар наведаўся ўчастковы міліцыянт разам з двума панятымі.

Гэтым разам ён прынёс два пратаколы, адзін — за адмову зьявіцца па выкліку ў органы правапарадку, а другі — за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце падчас выбарчай кампаніі.

Дар’я Бахар кажа, што ўлады ўжо ня ведаюць, як да іх дабрацца, але ім вельмі хочацца пакараць іх за тое, што яны езьдзілі на Плошчу. Вось таму, маўляў, напісалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце, хаця, зь яе слоў, калі яны раздавалі ўлёткі кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага і іх папярэдзіў міліцыянт, каб яны прыбралі плякат, які вісеў на падстаўцы, — яны адразу адрэагавалі на заўвагу.

Бахар: «Яны тады здымалі нас на камэру і цяпер склалі пратакол аб адміністрацыйнай адказнасьці за тое, што ў неўстаноўленым парадку праводзілі пікет без уведамленьня райвыканкаму, гэтым самым парушылі арт. 23.34 АК».

Уладзімер Качагур таксама лічыць, што галоўнае, за што іх хочуць пакараць улады, — гэта за Плошчу, паколькі пратакол аб удзеле ў несанкцыянаваным пікеце склалі амаль празь месяц пасьля таго, як пікет адбыўся. Вось што сёньня спадар Качагур адказваў участковаму міліцыянту, які прынёс яму адміністрацыйныя пратаколы.

Качагур: «Нам было вынесена папярэджаньне — гэта і ёсьць пакараньне, і мы болей ні ў чым не вінаватыя, закон не парушалі, таму і не зьбіраемся туды ісьці. Яны проста „шыюць справу“. Я, дарэчы, сёньня і сказаў міліцыянту, што вы краўцы — шыеце справы, і я да вас не пайду і ні буду ні пра што размаўляць».
XS
SM
MD
LG