Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Публікацыя ў «СБ» — гэта палітычнае фэнтэзі


Газэта Адміністрацыі прэзыдэнта «Советская Белоруссия» 14 студзеня апублікавала артыкул «За кулісамі адной змовы», у якім, як заяўляе рэдакцыя, друкуюцца «некаторыя рассакрэчаныя дакумэнты пра падзеі 19 сьнежня». Як можа адрэагаваць звычайны выбаршчык на гэтую публікацыю, наколькі пераканаўча яна выглядае? Пра што сьведчаць тыя антызаходнія тэзісы, якія гучаць у гэтым артыкуле? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць палітоляг Уладзімер Падгол і палітычны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі.


Паўлюк Быкоўскі
Уладзімер Падгол
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Гэты нумар «СБ» я купіў у шапіку а 12 гадзіне — не выглядала, што людзі кінуліся раскупляць сэнсацыйны матэрыял. Па-вашаму, як адрэагуюць шырокія масы насельніцтва на гэтую публікацыю, ці зьяўляецца яна пераканаўчай для звычайнага грамадзяніна?

«Гэты тэкст зроблены не для таго, каб яго чыталі».
Падгол: Ніяк не адрэагуюць, і яна не зьяўляецца пераканаўчай. Гэта калі адказаць коратка.

У публікацыі няма нічога такога, што можа пераканаць, гэта самы горшы варыянт прапагандысцкага дакумэнту. У анонсе сказана, што будуць апублікаваныя сакрэтныя дакумэнты. Але на самой справе гэта нейкі публіцыстычны твор, куды ўстаўленыя ксэракопіі нейкіх незразумелых паперак. Па сутнасьці, гэта вінэгрэт, які вельмі цяжка чытаць. Пачынаецца ў адным стылі, потым ідзе нейкая перабіўка. Таму, мяркую, просты, не палітызаваны чытач прачытае загаловак і максымум — уводзіны.

Быкоўскі: Выглядае, што гэты тэкст зроблены не для таго, каб яго чыталі ад пачатку да канца. Ён напісаны дзеля таго, каб уразіць людзей, каб можна было прачытаць загаловак і ўбачыць, што там ёсьць нейкія дакумэнты.

У тэорыі піяру ўжываецца такая форма, калі для самавітасьці нейкай тэмы робяць наўмысна вялікі тэкст. Тут таксама стаяла задача нагнаць аб’ём, паказаць, што тут ёсьць нейкія факты. Але ніякай канкрэтыкі ў такія дакумэнты не ўкладаецца. Прапаганда можа працаваць і такім чынам.

Цыганкоў: Якія галоўныя прапагандысцкія мэты перасьледуе гэтая публікацыя, на каго яна накіраваная?

Быкоўскі: Публікацыя, найхутчэй, зроблена для таго, каб людзі ўбачылі загаловак і прачыталі самы яе пачатак, дзе выкладаецца, што замежныя цэнтры фінансуюць апазыцыю. Больш не патрабавалася. Калі б яны хацелі падрыхтаваць нешта вельмі сур’ёзнае, то там не было б нестыковак — накшталт няправільнага курсу злотага або калі пра чалавека, які даўно выйшаў на пэнсію, гаворыцца, што ён дасюль працуе. Нават такія дробязі ня здолелі выправіць.

Магчыма, сёньня ня вельмі папулярна цытаваць Яраслава Раманчука, але ён сказаў, што там працуюць двоечнікі. І мэта зьяўленьня тэксту — каб ён быў вялікі. Магчыма, ён нават наўмысна нечытабэльны для шырокіх колаў. Мне здаецца, што нават карэктура і стыльрэдактура рэдакцыі ня ўдзельнічала ў падрыхтоўцы гэтага тэксту.

Цыганкоў: Чаму так адбылося? Ці ня справіліся з задачай, якую паставіў Лукашэнка (апублікаваць праўду пра дзеяньні апазыцыі), ці не было чаго даваць?

«Трэба ставіцца да яго як да мастацкага твору».
Падгол: Адзначу, што напрыканцы гэтага тэксту напісана — «працяг будзе».

Па сутнасьці, у публікацыі зьмяшчаюцца вытрымкі з допытаў, з усялякіх грантавых справаздачаў. Але гэты тэкст далі нейкім публіцыстам, якія паміж гэтых дакумэнтаў (калі гэта сапраўды дакумэнты) устаўляюць свае меркаваньні. Трэба ж было гэта разьвесьці, факт аддзяліць ад меркаваньняў.

Цыганкоў: Лукашэнка за некалькі дзён да выбараў гаварыў, што Саньнікаў і Някляеў фінансуюцца з Расеі. Але з гэтай публікацыі вынікае, што «Гавары праўду» і «Хартыю» фінансаваў Захад. Хто ж падманвае?

Падгол: Нагадаю, напісана — «працяг будзе». І я думаю, што ў наступным нумары мы можам прачытаць, што гэта менавіта расейскія алігархі запампавалі грошы ў заходнія фонды, а тыя былі толькі рэтрансьлятарамі. Тут поле для фантазіяў бязьмежнае. Увогуле, гэтую публікацыю можна назваць палітычным фэнтэзі. І, адпаведна, ставіцца да яго як да мастацкага твору.

Калі б яны проста далі копіі дакумэнтаў, як на сайце «Вікілікс», тады б гэта чыталася.

«У гэтым тэксьце ўжо закладзены ідэалягічны падмурак высылкі амбасадараў».
Цыганкоў: Антызаходнія тэзісы даволі моцна гучаць у гэтай публікацыі. Ці дае гэта падставы меркаваць, што Менск гатовы ісьці на даволі рашучы канфлікт з Захадам, у прыватнасьці зь Нямеччынай і Польшчай, асноўнымі мішэнямі гэтай публікацыі? Або гэта толькі звычайная прапагандысцкая шуміха, якой, аднак, даўно не было ў беларускіх СМІ?

Быкоўскі: Нельга сказаць, што тут ёсьць дакладная мэтавая група, супраць якой краіны дзейнічаць. На гэты момант (да меркаванага працягу) публікацыя, сапраўды, абвяргае словы Лукашэнкі, што кандыдаты фінансаваліся Расеяй. Увогуле з гэтай мяшанкі складана нешта выбраць, і ў дадзеным выпадку не задумвалася, што чытач будзе чытаць увесь тэкст. Быў створаны вялікі тэкст, проста каб ён больш «важыў». Задача была — пераконваць грамадзтва, а ня Захад ці нейкіх палітычна ангажаваных людзей, для якіх усё выглядае даволі сьмешна.

Падгол: У гэтым артыкуле ўжо закладзена ідэалягічная падрыхтоўка да адказу на эўрапейскія санкцыі.

Мадэль можа быць наступная: Лукашэнку далі ўльтыматум — вызваліць усіх палітвязьняў. Калі ён гэтага ня робіць, то за палітычнымі санкцыямі заплянаваныя эканамічныя. Тыя мільярды, якія Беларусь мела ад продажу нафтапрадуктаў, зьнікаюць. Як толькі гэтыя санкцыі ўводзяцца, Лукашэнка адразу адклікае беларускіх амбасадараў з усіх краінаў Эўразьвязу «для кансультацыяў», і прапануецца амбасадарам краінаў Эўразьвязу пакінуць Беларусь. Гэта Дразды-2.

І ў гэтым тэксьце ўжо закладзены ідэалягічны падмурак высылкі амбасадараў. Наступны крок — гэта закрыцьцё консульстваў. Хочаце атрымаць бясплатную эўрапейскую візу? Добра, але ў консульстве Масквы. І падлічыце, колькі туды ехаць. Таму гэтыя антынямецкія і антыпольскія заявы, якія ёсьць у гэтым тэксьце, ужо рыхтуюць падмурак для працягу канфлікту з Эўразьвязам.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG