Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве адзначаюць 20-годзьдзе падзеяў 13 студзеня


13 студзеня 1991 году. Літоўцы спрабуюць спыніць савецкія танкі
13 студзеня 1991 году. Літоўцы спрабуюць спыніць савецкія танкі

13 студзеня ў Літве адзначаюць Дзень абаронцаў Свабоды. Літва рыхтуецца адзначыць 20-годзьдзе падзеяў 13 студзеня 1991 году. Тады спэцвойскі захапілі тэлевежу Вільні, былі забітыя 14 чалавек, і сотні тысяч людзей выйшлі падтрымаць Вярхоўны Савет Літвы, які перад гэтым абвясьціў незалежнасьць Літвы. У Вільні знаходзіцца карэспандэнт “Свабоды” Сяргей Навумчык, былы дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня, які 20 гадоў таму прыехаў у Вільню падтрымаць літоўцаў у іх памкненьні да незалежнасьці.


Сяргей Навумчык
: У Літву прыбываюць даволі прадстаўнічыя дэлегацыі з розных краінаў Эўропы, як тыя палітыкі, якія 20 гадоў таму прыехалі ў Вільню, каб падтрымаць незалежнасьць Літвы, так і цяперашнія лідэры. Пакуль асноўныя дэлегацыі не прыехалі, але ўжо відаць на вуліцах Вільні падрыхтоўка да гэтай падзеі. Увечары адбываецца цырымонія запаленьня вогнішча памяці каля тэлевізійнай вежы. Будзе Кола свабоды каля тэлевізійнай вежы. Вышыты вялізны 200-мэтровы сьцяг Літвы. Адбудуцца мерапрыемствы ў парлямэнце, у офісе прэзыдэнта. Тут таксама знаходзіцца дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня Валянцін Голубеў, які 20 гадоў таму быў у складзе парлямэнцкай дэлегацыі, што прыехала падтрымаць Літву ў яе памкненьні да незалежнасьці.

Валянцін Голубеў:
Мы зь Сяргеем – два чалавекі, якія ад Беларусі прысутнічаюць у Вільні на гэтых урачыстасьцях з нагоды аднаўленьня незалежнасьці Літвы. Канечне, Літва ўжо сёньня ня тая, што была 20 гадоў таму. Тады мы прыехалі ў гэтыя страшныя дні ў разьяднаную Літву, якая аб'ядноўвалася ў новую літоўскую незалежную нацыю, якая рыхтавалася пабудаваць сваю незалежную дзяржаву, якая імкліва выходзіла са складу Савецкага Саюзу. І сёньня мы бачым новую краіну, новую эўрапейскую краіну, моцную нацыю, якая ўжо цяпер падтрымлівае Беларусь у яе імкненьні да дэмакратыі, да ўмацаваньня грамадзянскай супольнасьці і для пабудовы сапраўды незалежнай дзяржавы. І прыклад Літвы мы бачым вельмі і вельмі добры.

Навумчык: Свой рэпартаж я перадаю з будынку гістарычнага факультэту Віленскага ўнівэрсытэту, дзе сярод аўдыторыяў у гонар выбітных асобаў сьвету ёсьць і аўдыторыя імя Францыска Скарыны. А перад гэтым я пабываў у парлямэнце Літвы, дзе ляжаць адноўленыя мяхі зь пяском, стаіць арматура жалезная, адноўленыя фрагмэнты тых барыкадаў, якія былі 20 гадоў таму, калі Вярхоўны Савет Літвы быў пад пагрозай штурму з боку савецкіх войскаў.

Ганна Соўсь:
Ці ўздымаецца ў гэтыя дні пытаньне пра генэрала Ўсхопчыка, які 20 гадоў таму кіраваў віленскім гарнізонам і выдачы якога Літва дамагаецца ад Беларусі ўсе гэтыя гады?

Навумчык:
Ня чуў, каб па тэлебачаньні ці ў газэтах, якія я пасьпеў прагледзець, пра гэта пісалі. Магчыма, мог і прапусьціць. Але мушу заўважыць, што гэтае пытаньне ніколі з парадку дня ў літоўцаў не сыходзіла. І ёсьць пэўныя рэзалюцыі, у тым ліку палітычныя, заявы парлямэнту, якія не здымаюць віны ня толькі з самога Ўсхопчыка, але і зь іншых людзей, якія, як лічыць ў тым ліку пракуратура Літоўскай Рэспублікі, вінаватыя ў ажыцьцяўленьні агрэсіі, якая тады, 20 гадоў таму, прывяла да чалавечых ахвяраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG