Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кнутсан: «Сорам, што ў цудоўнай Беларусі не паважаюць правы чалавека»


Вольга Класкоўская раздае пэтыцыі.

Вольга Класкоўская раздае пэтыцыі.

У Стакгольме ля будынку беларускай амбасады прайшоў пікет супраць разгортваньня рэпрэсіяў у Беларусі. Мітынгу папярэднічала заява на імя амбасадара Беларусі ў Швэцыі Андрэя Грынкевіча супраць масавых арыштаў і турэмных пакараньняў мірных дэманстрантаў, уключна з журналістамі, якія асьвятлялі дэманстрацыю ў Менску 19 сьнежня, а таксама супраць таго, што некаторыя з прадстаўнікоў мас-мэдыя абвінавачаныя ў крымінальных злачынствах.

Расказвае непасрэдная ўдзельніца акцыі, журналістка Вольга Класкоўская. Яе брат, былы міліцыянт Аляксандар Класкоўскі, абвінавачаны ў «арганізацыі масавых беспарадкаў» і разам зь іншымі дэмакратычнымі актывістамі знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Камітэту дзяржбясьпекі:

«Людзей сабралася шмат, некалькі дзясяткаў чалавек, што для пікету вельмі істотна. Гэта прадстаўнікі Швэдзкага ПЭН-цэнтру і Швэдзкай асацыяцыі журналістаў, праваабарончых арганізацый „Міжнародная амністыя“ і „Рэпартэры бязь межаў“, іншыя прадстаўнікі грамадзкасьці. Была перададзеная пэтыцыя амбасадару Беларусі ў Швэцыі Андрэю Грынкевічу з пратэстам адносна таго, што адбываецца ў Беларусі, а таксама ў падтрымку палітвязьняў. Адбыліся выступы ўдзельнікаў.

Я, дарэчы, таксама брала слова і зьвярнулася да швэдзкай грамадзкасьці, швэдзкіх уладаў з просьбай падтрымаць, акрамя палітвязьняў, таксама і іхныя сем’і. У большасьці арыштаваных засталіся дзеці, таму родныя зьняволеных цяпер у вельмі складанай сытуацыі. У гэтым зьвязку трэба адзначыць, што пазыцыі швэдзкага ўраду ў адносінах да кіраўніцтва Беларусі вельмі катэгарычная, вельмі акрэсьленая, і гэтая салідарнасьць з дэмакратычнай грамадзкасьцю нашай краіны надае новых сілаў».



Свае ўражаньні ад акцыі салідарнасьці з беларускімі дэмакратычнымі сіламі выказвае кіраўніца старэйшага ў Швэцыі культурніцкага аб’яднаньня — Швэдзкага Клюбу Публіцыстаў — Ульрыка Кнутсан:

«Шкада і сорам, што ў Беларусі — гэтай цудоўнай краіне — ня могуць адпаведным чынам паважаць правы чалавека. Бо зьбіцьцё апанэнтаў і людзей, якія крытыкуюць рэжым — гэта нельга назваць павагай правоў чалавека. Сёньня шмат якія арганізацыі, якія змагаюцца за правы чалавека і свабоду слова — Швэдзкі ПЭН-цэнтар, Швэдзкі Міжнародны Прэс-клуб, „Міжнародная Амністыя“ ды іншыя — сабраліся тут, каб прадставіць ліст у беларускую амбасаду ў Стакгольме. У лісьце мы патрабуем, каб правы чалавека ў Беларусі паважаліся, і каб прынцып свабоды выказваньня сваёй пазыцыі пераважаў у будучыні. Нам вельмі балюча і мы вельмі перажываем за людзей у Беларусі, якія падвяргаюцца ўціску. Мы сустрэліся з сакратаром амбасады і перадалі ёй ліст для амбасадара»:

«Патрабуем ад кіраўніцтва Беларусі павагі да правоў чалавека і дэмакратыі, да грунтоўных асноў якой належаць свабода слова і сходаў. Мы патрабуем неадкладнага вызваленьня ўсіх журналістаў, праваабаронцаў і іншых дэманстрантаў, якія былі пазбаўленыя волі за тое, што скарысталіся сваім правам на мірныя дэманстрацыі і свабоду слова і меркаваньняў», — гаворыцца ў заяве, якую падпісалі Генэральны сакратар «Міжнароднай Амністыі» Лісэ Бэрг, старшыня арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў» у Швэцыі Эспэр Бэнгтсан, кіраўнік Саюзу пісьменьнікаў Швэцыі Матс Сёдэрлунд, старшыня Швэдзкага Саюзу журналістаў Агнета Ліндблум Хультэн, старшыня Швэдзкага ПЭН-цэнтру Ула Ларсма, старшыня Швэдзкага Клюбу Публіцыстаў Ульрыка Кнутсан ды іншыя.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG