Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ажубаліс: Беларускія ўлады душаць ачагі дэмакратыі


Аўдронюс Ажубаліс
Аўдронюс Ажубаліс
Рашэньне пра далейшыя адносіны зь Беларуссю Эўразьвяз прыме з улікам «няправільных дзеяньняў» беларускіх уладаў, — заявіў міністар замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі ў Вільні.

«Па-сутнасьці няслушныя дзеяньні беларускіх уладаў працягваюцца, і Эўразьвяз павінен будзе ўлічыць гэта ў канцы студзеня, прымаючы рашэньне пра далейшыя адносіны зь Беларусьсю, — цытуе Ажубаліса сайт МЗС Літвы.— Мы ня зможам спакойна махнуць рукой на тое, што адбылося ў Беларусі 19 сьнежня, і што адбываецца да гэтага часу: не адпушчаныя затрыманыя, працягваюцца ператрусы, арышты, праводзяцца акцыі запалохваньня грамадзянскай супольнасьці», — заявіў Ажубаліс.

На ягоную думку «дзеяньні, накіраваныя супраць незалежных СМІ і няўрадавых арганізацый, уключаючы ператрус у офісе Беларускага Хэльсынскага камітэту, становяцца ўсё больш жорсткімі».

Разам з тым Ажубаліс лічыць, што падзеі пасля выбараў сьведчаць ня толькі пра «брутальныя дзеяньні беларускіх уладаў супраць ачагоў дэмакратыі», але і пра тое, што грамадзянская супольнасьць у Беларусі за апошнія гады адужэла і набыла большую вагу ў краіне.

Мы зробім усё, каб грамадзянская супольнасьць і далей разьвівалася і мацнела.
«Якімі б ні былі рашэньні Эўрапейскага зьвязу пра далейшыя адносіны з афіцыйным Менскам, мы зробім усё, каб грамадзянская супольнасьць і далей разьвівалася і мацнела», — заявіў кіраўнік літоўскага зьнешнепалітычнага ведамства.

Удзельнікі сустрэчы былі праінфармаваныя аб праведзеных 6 студзеня тэлефонных размовах Ажубаліса з кіраўнікамі інстытутаў АБСЭ, у ходзе якіх абмяркоўваліся далейшыя дзеяньні ў адносінах зь Беларусьсю.

Ажубаліс лічыць, што спыненьне дзейнасьці місіі АБСЭ ў Менску было памылковым рашэньнем.

Міністар падкрэсліў, што падтрымка, якая аказваецца Літвой дзейнаму ў Вільні Эўрапейскаму гуманітарнаму ўнівэрсытэту і іншым ініцыятывам па падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасьці застаецца «цьвёрдай і нязьменнай».

Зь беларускага боку на сустрэчы ў літоўскім МЗС прысутнічалі Аляксандар Казулін, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2006 году, і Ева Някляева, дачка экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 году Ўладземіра Някляева, паведамляе БелаПАН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG