Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 1 сьнежня гэтага году старшынямі дзьвюх уплывовых міжнародных арганізацый сталі краіны Ўсходняй Эўропы: Літва пераняла ў Казахстана старшыняваньне ў Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, Вугоршчына пасьля Бэльгіі ўзначаліла Эўразьвяз.

Супрацьдзеяньне зьнешнім і ўнутраным пагрозам на агульнаэўрапейскай прасторы, разьвіцьцё дэмакратыі, захаваньне правоў чалавека і асноўных свабодаў, уключаючы свабоду прэсы, энэргетычная бясьпека Эўропы і ўмацаваньне сувязяў з рэгіянальнымі арганізацыямі -- такія прыярытэты Літвы ў якасьці новага старшыні АБСЭ ў 2011 годзе.

"Мы маем намер спрыяць стварэньню супольнасьці сапраўднай бясьпекі без лініяў падзелу на аснове выкананьня ўзятых абавязацельстваў, павагі правоў чалавека і асноўных свабодаў, а таксама неўжываньня сілы ", – гаворыцца ў заяве дзейнага старшыні АБСЭ, міністра замежных спраў Літвы Аўдронюса Ажубаліса.

Асабліва важная роля ў належным функцыянаваньні дэмакратычнага грамадзтва, лічыць ён, належыць свабодзе сродкаў масавай інфармацыі і абароне журналістаў.

"Літва, якая зьяўляецца адной зь дзяржаў балтыйскага рэгіёну, сябрам НАТО і Эўрапейскага Зьвязу, Літва лічыць, што аб'яднаньне намаганьняў рэгіянальных і субрэгіянальных арганізацый, якія дзейнічаюць на прасторы АБСЭ і дапаўняюць адна адну, можа прывесьці да значна большага выніку, чым простае складаньне іх функцый і паўнамоцтваў" – гаворыцца ў заяве літоўскага міністра.

"Разьвіцьцё рэгіянальнага супрацоўніцтва, – упэўнены Аўдронюс Ажубаліс, – вельмі неабходнае таксама для доўгатэрміновай стабілізацыі сытуацыі ў неспакойных рэгіёнах і ва ўрэгуляваньні працяглых канфліктаў на прасторы АБСЭ". Сярод канфліктных зон, становішчу у якіх літоўскае старшынства мае намер надаваць асаблівую ўвагу, ён вылучыў перш за ўсё Прыднястроўе і Закаўказьзе, у прыватнасьці, Грузію. У гэтай сувязі міністар выказаўся за больш актыўнае пасярэдніцтва АБСЭ ў наладжваньні ўзаемаразуменьня і цярпімасьці паміж канфліктуючымі бакамі.

Прыярытэтнымі напрамкамі вугорскай палітыкі на пасадзе старшыні ЭЗ стануць пашырэньне паўнамоцтваў эканамічнага кіраваньня і каардынаваньня, умацаваньне фінансавай дысцыпліны, стварэньне сталага мэханізму для барацьбы з крызісамі, гаворыцца ў заяве ўраду Вугоршчыны.

Таксама Будапэшту трэба працаваць над ростам эўрапейскай эканомікі і павышэньнем ўзроўню занятасьці паводле стратэгіі «Эўропа 2020». Адначасна з гэтым на парадку дня стаяць пытаньні энэргетычнай бясьпекі ЭЗ і абароны навакольнага асяродзьдзя ў рэгіёне.

У траўні Будапэшт будзе прымаць саміт Эўразьвязу ў межах праграмы “Усходняга партнэрства”. Акрамя таго, Вугоршчына мае намер паскорыць працэс ўступленьня ў ЭЗ Турэччыны і правесьці кансультацыі аб інтэграцыі ў саюз Ісьляндыі, Харватыі і Македоніі.
XS
SM
MD
LG