Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве й Бабруйску дапыталі ў КДБ васьмярых актывістаў


29 сьнежня цягам дня супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі дапыталі як сьведкаў васьмярых сябраў ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Паводле актывістаў, сьледчыя тлумачылі допыты расьсьледаваньнем крымінальнай справы аб масавых беспарадках і несанкцыянаваных мерапрыемствах, што адбыліся ў Менску 19 сьнежня.

Аксана Закрэўская
У Магілёве а 18-й гадзіне выйшла ад сьледчага Жукава давераная асоба Някляева Аксана Закрэўская. Ва ўпраўленьні КДБ па Магілёўскай вобласьці яна прабыла каля дзьвюх гадзінаў. Актывістка стрымана камэнтуе гутарку са сьледчым:

«Ён пытаўся, ці езьдзілі 19 сьнежня ў Менск, што там рабілі, ці ведалі, што мерапрыемства было несанкцыянаванае, адкуль даведаліся пра яго, ці бралі ў ім удзел… Напрыканцы ён ужо без пратаколу мне сказаў, каб мы не рабілі з выклікаў у КДБ інфармацыйных нагодаў і не агалошвалі імёнаў сьледчых прэсе. Я адказала, што позна».

Сяргей Лапуцін
З кіраўніка магілёўскага штабу Някляева Сяргея Лапуціна ўзялі расьпіску аб не разгалошваньні гутаркі ў КДБ.

Раней праз допыты ў КДБ прайшлі магілёўцы Кірыла Грыхін, Уладзімер Статкевіч ды Тацяна Каралёва.

У Бабруйску дапыталі Алену Мядзьведзеву, кіраўніцу мясцовага штабу Някляева, а таксама сябраў яго ініцыятыўнай групы — Вольгу Піманаву і яшчэ адну актывістку, якая пажадала не называць свайго імя. Вольгу Піманаву затрымалі на плошчы 19 сьнежня, і яна прасядзела ў ізалятары на Акрэсьціна амаль суткі. Суд яе аштрафаваў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG