Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Быў на Плошчы? У КДБ!




У рэгіянальныя аддзелы КДБ і міліцыі выклікаюць людзей, якія былі на Плошчы ў Менску 19 сьнежня альбо, як лічаць міліцыянты і кадэбісты, маглі там быць.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


У Магілёве дапытваюць удзельнікаў Плошчы

29 сьнежня ў Магілёве цягам дня дапытвалі сябраў ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Позвы ва ўправу Камітэту дзяржаўнай бясьпекі па Магілёўскай вобласьці атрымалі пяцёра актывістаў. Выклікалі іх як сьведкаў.

Да чатырнаццатай гадзіны дня дапыталі Кірылу Грыхіна, Уладзімера Статкевіча ды Тацяну Каралёву. Сьледчыя Жукаў і Раманаў дамагаліся ад актывістаў падрабязнасьцяў, зьвязаных зь іх знаходжаньнем 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці.

Тацяна Каралёва
Што крамольнага ў тым, што я была на плошчы, пацікавілася ў сьледчага Тацяна Каралёва:

«У нас загад. Мы самі гэтага ня хочам рабіць. Мы шукаем паказаньні сьведкаў і факты, каб дапамагчы ў расьсьледаваньні крымінальнага злачынства аб масавых беспарадках». Яны мне так адказалі. Што мяне насьцярожыла, дык гэта тое, што яны вымагаюць паказаць на іншых людзей. «Што, ува ўсім Менску вы не сустрэлі знаёмых вам людзей?» Потым пачалі запалохваць, што ў іх ёсьць усе зьвесткі ад МТС і Velcom і дужа лёгка ўсіх вылічыць».

Кірыл Грыхін
Кірылу Грыхіну сьледчы на пачатку допыту заявіў, што ёсьць сьпіс пытаньняў, якія ён мусіць яму задаць. Усяго іх было зададзена хлопцу каля трох дзясяткаў:

«Ён хацеў дазнацца пра заклікі на плошчу: хто заклікаў, навошта, дзеля чаго. І пра мой удзел у падзеях, якія адбываліся на плошчы. Ён імкнуўся ўвесь час справакаваць мяне, што я мэтанакіравана ехаў на плошчу. Хаця ніякіх пасылаў я яму пра гэта не даваў, аднак ён у гутарку ўстаўляў: «Ну, і потым ты паехаў на плошчу».

Уладзімер Статкевіч
Уладзімер Статкевіч прабыў у КДБ каля дзьвюх гадзін. Ён зазначае, што сьледчы намагаўся яго заблытаць пытаньнямі, адказы намагаўся запісаць у пратакол зь іншым сэнсам. Хлопец, аднак, настойваў на сваіх фармулёўках:

«Ён зьвяртаў увагу на тое, ці ведаю я, што напісана пра плошчу ў інтэрнэце. Я адказаў, што ведаю. Ён тады папрасіў пракамэнтаваць. Я сказаў, што не хачу камэнтаваць і ня буду. Тады ён адчапіўся ад мяне».

Цяпер дапытваюць яшчэ дваіх актывістаў ініцыятыўнай групы Някляева — Сяргея Лапуціна й Аксану Закрэўскую.

Усе дапытаныя актывісты адзначаюць, што ў КДБ бачылі шмат моладзі, якая чакала допытаў. Гэтыя маладыя людзі, як яны самі казалі, не належаць да актывістаў апазыцыйных структур. На плошчу ў Менск яны выбіраліся самахоць.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Допыты на падставе праслухоўваньня тэлефонных гутарак?

У Горадні сябраў апазыцыі выклікаюць на гутарку ў абласную ўправу КДБ.

Журналіст Уладзімір Хільмановіч распавядае пра выклік у КДБ безь вялікай ахвоты:

«Мяне выклікалі ў якасьці чалавека, які быў на плошчы 19 сьнежня. Задавалі пытаньні — як я туды трапіў, што там бачыў, што чуў? Ці заклікаў хтосьці ехаць на гэтую плошчу? Гэта называецца „апытаньнем“, і, відаць, апытваюць у выніку праслухоўваньня, як я разумею, тэлефонных размоваў. Таму што я не хаваў, што быў там, хаця і не афішаваў».

Уладзімір Хільмановіч кажа: ён чуў пра тое, што ў КДБ выклікаюць і іншых дэмакратычных актывістаў:

«Выклікаюць іншых грамадзкіх актывістаў, проста людзей, якія былі ці, магчыма, былі на плошчы. Стандартная працэдура апытаньня, якая пойдзе, як я разумею, зараз па ўсёй краіне».

На гутарцы ў гарадзенскай абласной управе КДБ была таксама Аляксандра Васілевіч, якая ўзначальвае ў Горадні гарадзкую арганізацыю АГП. Яна кажа, што позва выглядала даволі дзіўна: на аркушы фармату А4 ад рукі напісана прозьвішча таго, хто выклікаецца ў абласную ўправу КДБ — «на гутарку»:

Васілевіч: «Там не напісана — ні ў якасьці каго, прозьвішча супрацоўніка не ўказана. Але — па справе крымінальнай, якая на ўсіх заведзена. Калі не памыляюся, 293 артыкул — арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках».

Якія пытаньні задавалі Аляксандры Васілевіч?

Васілевіч: «Чаму я вырашыла ехаць у Менск? На чым я паехала? А каго я там на плошчы бачыла? Дзе начавалі і як прыехала назад?»

Аляксандра зразумела, што цікавіла КДБ не яна асабіста, «а што гаварылі на плошчы кандыдаты. Хаця ў іх усё ёсьць, відэазапісы, але пыталіся — хто што гаварыў? Гэта ня допыт, у іх папера так і называецца — «пратакол апытаньня».

Аляксандра Васілевіч кажа, што ў КДБ выклікалі яшчэ некаторых актывістаў, але тыя ня хочуць, каб іхнія прозьвішчы трапілі ў інтэрнэт.

ВІЦЕБШЧЫНА


Супрацоўнікі КДБ у дэканаце і ваенкамаце

Аляксандра Кузьняцова, кіраўніка віцебскага выбарчага штабу Рыгора Кастусёва, выклікаюць у Першамайскі РАУС. Актывіст адмовіўся ісьці ў міліцыю пасьля выкліку праз тэлефон:

«Мне патэлефанаваў супрацоўнік РАУС і сказаў, што мне трэба зайсьці да іх у кабінэт № 7. Каб я распавёў, што рабіў у Менску на плошчы 19 сьнежня. Я адмовіўся ісьці бяз позвы: сказаў — маўляў, бяз позвы не пайду. Тады міліцыянт заявіў, што з позвай гаворка пойдзе па-іншаму. Нібыта яны хацелі са мной па-добраму, а цяпер будзе, «як з усімі».

Віцебскіх актывістаў, прыхільнікаў Андрэя Саньнікава ўжо дапыталі супрацоўнікі КДБ.

З Уладзіславам Варанецкім, каардынатарам выбарчага штабу Андрэя Саньнікава ў Віцебску, размова адбывалася ў дэканаце тэхналягічнага ўнівэрсытэту, дзе хлопец раней вучыўся, а цяпер спрабуе аднавіцца на 4 курсе. Спадар Варанецкі кажа, што супрацоўнік КДБ паабяцаў паспрыяць яму ў аднаўленьні на вучобу, калі актывіст распавядзе яму пра перадвыбарчую падрыхтоўку віцебскай каманды былога кандыдата. Хлопец адмовіўся ад такой «дапамогі» — сказаў, што свае праблемы вырашыць сам.

Яшчэ аднаго прыхільніка Андрэя Саньнікава двое супрацоўнікаў КДБ дапыталі ў ваенкамаце. Мікалай Жырноўскі зьявіўся ў ваенкамат згодна з позвай, але размаўляць давялося пра іншае: супрацоўнікі КДБ распытвалі пра палітычную актыўнасьць яго самога ды знаёмых, а таксама раілі адмовіцца ад любой грамадзкай дзейнасьці.

У Багуслава Мацука, прыхільніка Віталя Рымашэўскага з райцэнтру Мёры, да ўчорашняга вечара была канфіскаваная машына, на якой 19 сьнежня некалькіх актывістаў затрымалі на шляху ў Менск. Як толькі машыну аддалі, на ёй зноў паехалі ў тым самым кірунку — павезьлі грошы і перадачы затрыманым палітыкам, кажа спадар Мацук:

«Аддалі машыну мне, усё! Трымалі яе з 19-га па 28-га! І сёньня машына пайшла ўжо ў Менск, мы тут сабралі крыху грошай — для Рымашэўскага ці для Някляева, ці яшчэ камусьці каб дапамагчы».

Грошы, каб дапамагчы затрыманым, зьбіраюць і віцебскія прадпрымальнікі. Пры гэта паведаміў былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


За салідарнасьць — звальненьні з працы

На Берасьцейшчыне за камэнтары ў сеціве пра акцыю салідарнасьці пачаліся звальненьні.

За правядзеньне акцыі салідарнасьці ў Пінску былі звольненыя праграмісты, якія працавалі ў мясцовай адміністрацыі, кажа жыхар гораду Віктар:

«Пасьля таго як адбыліся падзеі на Плошчы ў Менску, па сеціве пачала распаўсюджвацца інфармацыя пра сапраўдныя падзеі ў сталіцы. На пінскіх форумах пачалі зьяўляцца камэнтары з заклікам выйсьці на акцыю салідарнасьці на плошчы Леніна. Было раздрукавана і распаўсюджана мноства ўлётак па паштовых скрынях».

Паводле Віктара, міліцыянты дапыталі прадстаўнікоў апазыцыйных арганізацый, якія адмовіліся ад удзелу ў арганізацыі і правядзеньні акцыі і распаўсюду ўлётак. А пасьля праз IP-адрасы вылічылі арганізатараў акцый. Гэта аказаліся праграмісты зь мясцовай адміністрацыі. Іх і звольнілі з працы.

Берасьцейскага карэспандэнта дзяржаўнай газэты «Знамя юности» Алеся Леўчука папрасілі напісаць заяву аб звальненьні на ўласнае жаданьне. Алесь кажа, што напісаў заяву, але ня так, як хацела кіраўніцтва выданьня:

«Я напісаў заяву, у якой пазначыў, што прашу звольніць мяне паводле асабістага жаданьня, паколькі наймальнік аддаваў распараджэньні, якія не абумоўленыя кантрактам. Насуперак заканадаўству мне ставілася задача прадстаўляць неаб’ектыўную інфармацыю па падрыхтоўцы і правядзеньні выбараў прэзыдэнта Беларусі ў вобласьці і ў Берасьці».

Алесь Ляўчук кажа, што ад яго даволі часта патрабавалі пісаць крытычныя матэрыялы і камэнтары пра апазыцыйных кандыдатаў, прычым прозьвішчы іх не павінны былі гучаць:

«Мне казалі, што я павінен зрабіць агляд прэзыдэнцкай кампаніі. Пра Плошчу мне сказалі напісаць абавязкова, прычым сказалі, што я павінен разумець, што адбылося на Плошчы, і павінен разумець, як гэта трэба апісаць. Пра выбары я выканаў тры з шасьці або сямі заданьняў».

Праваабаронца Раман Кісьляк накіраваў заяўку на правядзеньне пікету ў Берасьці наконт неадукаванасьці чыноўнікаў. Калі раней пікетаў у абласным горадзе падчас выбарчай кампаніі было надзвычай шмат, то цяпер праваабаронца атрымаў стандартную адмову, згодна зь якой пікет забараняецца, бо ён заяўлены ў месцы, якое не дазволена гарвыканкамам:

«У адмове пазначана, што ёсьць рашэньне, паводле якога адведзеныя месцы для правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Я буду абскарджваць гэтае рашэньне».

Сьледчыя дзеяньні вядуцца ў адносінах да Канстанціна Турчыняка, якога затрымалі на плошчы Леніна ў Берасьці. Суд адправіў справу Канстанціна Турчыняка на дапрацоўку, сьледзтва цягнецца ўжо дзесяць дзён.

Канстанцін Турчыняк у судзе Маскоўскага раёну Берасьця


ГОМЕЛЬШЧЫНА


Галадоўка — 10-я суткі

29 снежня завяршаецца тэрмін пакараньня арыштам у турме на Акрэсьціна гомельскай журналісткі Тацьцяны Бублікавай. Брат асуджанай Раман напярэдадні наведваў ізалятар, каб перадаць сястры неабходныя рэчы.

«Перадаваў, але ж прадукты не бяруць. Галадоўка! Вада, рэчы, касмэтыка. Сказалі, што ў сераду сястру выпусьцяць — з 18 да 22 гадзіны. У іх там людзей шмат, таму такія рамкі. Але сказалі, што ў гэтых межах сто адсоткаў выпусьцяць — з 6 да 10 гадзіны вечара».

Тым часам у Гомельскім ізалятары часовага ўтрыманьня дзясятыя суткі трымаюць галадоўку Юры Клімовіч, Валер Сьляпухін, Юрась Захаранка — давераныя асобы кандыдатаў у прэзыдэнты.

Галіна Германаўна, маці арыштаванага Валера Сьляпухіна, паведаміла, што ўчора была ў ізалятары й перадала сыну ваду й сьвежую прэсу:

«Я ўчора хадзіла, прынялі — 2 бутэлькі вады, сок і газэты. І картку для таксафона перадала. Але, відаць, не даюць тэлефанаваць, ці яны самі не тэлефануюць — ня ведаю. Ніхто нічога ня ведае — як яны там? Ці ёсьць лекар? Ня ведаю. Кажуць, нібыта яны сьпяць на падушках і коўдра ёсьць. Ня ведаю, ці праўда тое, што кажуць. Пытаюся: „А працаваць?“ Адказваюць, што працаваць цяпер не выпраўляюць. Толькі сорак пяць хвілін прагулка — і ўсё».

Жонка спадара Захаранкі ўчора таксама даведвалася пра стан мужа, а перад гэтым таксама вазіла яму перадачу:

«У мяне ўзялі ўсё. Перадала цыгарэты, сок, ваду й рэчы — чыстую бялізну, швэдар, кашулю цёплую. Размаўлялі ветліва, далі нават тэлефон дзяжурнага. Я ўчора патэлефанавала дзяжурнаму. Той сказаў, што з мужам усё нармальна — ніякіх скаргаў ад яго не паступае. Я спыталася: «Ці галадае муж?». Дзяжурны адказаў: «Так, галадае».

Яшчэ адна давераная асоба кандыдата Статкевіча, Віктар Канцавенка з Рэчыцкага раёну, вымушаны быў зьехаць за межы Беларусі пасьля таго, як заўважыў, што за ім сочаць людзі ў цывільным — ці то міліцыя, ці то супрацоўнікі КДБ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG