Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанія «За справядлівыя выбары» і «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падвялі вынікі незалежнага назіраньня за выбарамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Каардынатары паведамілі пра шэраг парушэньняў выбарчага заканадаўства, а таксама заявілі пра фальшаваньне вынікаў выбараў.

Кампанія «За справядлівыя выбары» засьведчыла, што ўлада не зрабіла належных крокаў дзеля паляпшэньні рэальнай сытуацыі ў справе фармаваньня выбарчых камісій, падліку галасоў, умовы захаваньня скрыняў для галасаваньня пагоршаныя, паведаміў «Свабодзе» каардынатар кампаніі Віктар Карняенка:

«Улады моцна рыхтаваліся да імітацыі, і гэтаму ёсьць шмат пацьвярджэньняў. Наступная выснова, якую можна зрабіць: канечне, такія выбары нельга прызнаць адпаведнымі дзейным стандартам. І на тых участках, дзе ўдалося наладзіць назіраньне — там Лукашэнка не перамог. І, магчыма, гэта ёсьць галоўная выснова гэтых выбараў. І апошняя крывавая кропка, якую паставіў рэжым, магчыма, раскрые вочы ўсім, што такое беларускі рэжым. Ну і нашая кампанія, спадзяемся, дапаможа незалежным міжнародным назіральнікам зразумець, што насамрэч адбывалася на выбарах у Беларусі».

Кампанія «Праваабаронцы за справядлівыя выбары» праводзіла вынік свайго маніторынгу ў надзвычайных умовах. Ноччу, пасьля першага дня галасаваньня, у офісе адбыўся ператрус і была сканфіскаваная аргтэхніка. Менавіта гэта і ёсьць галоўнай адзнакай выніковасьці працы праваабаронцаў, паведаміў лідэр праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі:

«Тое, што ўлады не хацелі бачыць вынікі нашай працы, сьведчаць падзеі мінулай ночы. Можна сказаць зь вялікай доляй упэўненасьці, што выбары былі не дастаткова дэмакратычныя, не дастаткова празрыстыя. І асабліва апошні дзень галасаваньня расставіў усе кропкі над „і“. Калі сказаць „брудныя выбары“, то вось гэтая ацэнка адпавядае гэтым выбарам. І зьдзіўляцца масаваму пратэсту, які адбыўся, уладам няма чаго».

Назіраньне за хадою выбарчай кампаніі праводзілі таксама актывісты руху «За Свабоду».
XS
SM
MD
LG