Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жывем нібыта ў незалежнай краіне, але няма адчуваньня стабільнасьці»


19 гадоў таму, 8 сьнежня 1991 году былі падпісаныя Белавескія пагадненьні, і фактычна разваліўся Савецкі Саюз. Менавіта ў гэты дзень у беларускай сям’і Ірыны і Аляксандра Сушко нарадзіўся хлопчык Алег. Сёньня яму споўнілася 19. Як жыве сям’я Сушко, ці шкадуе аб развале СССР?

Алег Сушко летась скончыў школу, крыху раней — музычную школу і паступіў вучыцца ва ўнівэрсытэт культуры.

Карэспандэнтка: «Натуральна, як жылі пры Савецкім Саюзе, ты памятаць ня можаш. Але нешта ты чуў ад бацькоў, аб бабуляў, ад настаўнікаў…»

Алег: «Ну вось бабулі заўсёды кажуць, што дрэнна, што Савецкі Саюз разваліўся, шкадуюць. Але мне здаецца, што добра, што ён разваліўся. Таму што, калі я гляджу на фотаздымкі, слухаю размовы пра тое, што было пры СССР, калі былі ўсялякія дэфіцыты, чэргі, калі не было поўнай свабоды, то зараз жывецца, здаецца, крыху лепш. Але таксама не шыкоўна. Таму што гледзячы, як жывуць людзі ў іншых краінах, хочацца жыць так, як яны».

Карэспандэнтка: «Вось за гэтыя гады што зьмянілася ў тваёй сям’і? Дзе яна жыла ў 1991-м, ці палепшыліся жыльлёвыя ўмовы, ці зьявіліся ў вас нейкія шыкоўныя рэчы?»

Алег: «Як жылі мы ў двухпакаёвай кватэры, там і жывем. Толькі рабілі рамонт, але, мне здаецца, гэта не ад раскошы, а ад таго, што гэта было ўжо неабходна».

Карэспандэнтка: «Кажуць, што тады не было свабоды, а зараз ёсьць свабода. Ты адчуваеш сябе свабодным, вольным чалавекам?»

Алег: «Я не адчуваю сябе пад прыгнётам. Я магу гаварыць тое, што думаю. Мне здаецца, што гаворкі пра тое, што няма свабоды, тычацца не жыцьця простых людзей, а палітычных структур».

Карэспандэнтка: «Ну, а нейкія мары ў цябе ёсьць? Чаго б хацелася дасягнуць? У гэтай краіне ты можаш дасягнуць таго, да чаго імкнесься?»

Алег: «Мараў у мяне шмат. Але мне здаецца, што пры цяперашняй уладзе гэта складана зрабіць, і таму многія студэнты і тая моладзь, у каго зьяўляецца магчымасьць, зьяжджаюць у іншыя краіны, таму што пэрспэктываў там больш. Напрыклад, некаторыя з маіх былых аднаклясьнікаў паехалі вучыцца ў Эўропу ў бізнэс-школы, таму што пэрспэктываў там больш».

Маці Алега, спадарыня Ірына, — па адукацыі настаўніца музыкі і сьпеваў. Калі нарадзіўся сын, у сям’і ўжо была двухпакаёвая каапэратыўная кватэра ў Зялёным Лузе. Вось што спадарыня Ірына згадвае пра нараджэньне сына:

«Тады, канечне, было вельмі цяжка: уводзілі карткавую сыстэму, нейкія талёны, купоны. Быў дэфіцыт самага неабходнага, ня кажучы ўжо пра пялюшкі, падгузкі і дзіцячае харчаваньне. Потым быццам бы жыцьцё наладзілася, дэфіцыту цяпер няма. Галоўны дэфіцыт — адсутнасьць дастатковай колькасьці грошай».

Карэспандэнтка: «Што зьмянілася за гэтыя 19 гадоў? Можа, заробак падрос?»

«Ведаеце, я асабліва аб развале Савецкага Саюзу не шкадую. Але маральны стан людзей тады мне падабаўся больш. Была нейкая ўпэўненасьць у заўтрашнім дні. Зараз мы быццам бы жывем у незалежнай краіне, і быццам бы ўсё нічога. Але ў людзей няма адчуваньня стабільнасьці. У асноўным людзі працуюць па кантрактнай сыстэме. Я выкладала музыку і сьпевы ў школе, але тры гады таму адбылася рэформа школьнай адукацыі. І мой прадмет скасавалі. Я засталася бяз працы. Адзінае, што я змагла знайсьці — месца ў дзіцячым садочку. Але вы ж разумееце, узровень аплаты там зусім іншы».

Адзінае, што суцяшае спадарыню Ірыну — сын Алег паступіў вучыцца на бюджэтнае аддзяленьне, то бок, атрымае бясплатную вышэйшую адукацыю.
XS
SM
MD
LG