Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Ларыса Геніюш ня стала грамадзянкай СССР


9 жніўня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэньня Ларысы Геніюш – легенды беларускай паэзіі, грамадзянкі БНР, вязьня ГУЛАГу, ахвярнай хрысьціянкі і вольнага голасу любові да Зэльвы, Нёману, Беларусі, які ўвесь жнівень гучыць на хвалях "Свабоды". Штодня – невядомыя фатаздымкі, унікальныя аўдыёзапісы, гісторыі і апокрыфы з жыцьця паэткі.




Паўліна Мядзёлка, Ларыса і Янка Геніюшы, Ніна Лойка. Зэльва, 1968 г.

Цікавы факт: Ларыса Геніюш за ўсё жыцьцё ні разу не галасавала на выбарах. Аднойчы ёй надарылася магчымасьць выканаць свой канстытуцыйны абавязак – падчас выбараў у Польскі Сойм, але выбары тыя беларусы Зэльвенскай гміны байкатавалі. Ва ўсіх астатніх выбарах Ларыса Геніюш як асоба без грамадзянства ўдзельнічаць не магла.

У яе пашпарце стаяў штамп “Без грамадзянства” з прыпіскай ад рукі: “Былая грамадзянка Чэхаславацкай рэспублікі”.

Надаць Ларысе Геніюш грамадзянства СССР улада спрабавала шматкроць. Дзеля гэта выкарыстоўваўся і бізун і пернік, і былі задзейнічаныя ледзь ня ўсе сябры і знаёмыя паэткі. Угаворваць несавецкую грамадзянку стаць савецкай у Зэльву адзін за другім прыяжджалі ўпаўнаважаныя агітатары.

З Горадні заяўляўся рашучы старшыня абласной пісьменьніцкай арганізацыі Аляксей Карпюк і абяцаў (у выпадку прыняцьця грамадзянства) кватэру ў Менску, пісьменьніцкую пэнсію – 100 рублёў у месяц, выданьні кніг ня толькі ў Менску, але і ў Маскве.

Зь Менску – на даручэньне Максіма Танка – прыяжджаў Мікола Прашковіч. Мэдыявіст, знаўца скарынаўскіх старадрукаў, ён наіўна верыў, што савецкая грамадзянка Ларыса Геніюш адразу зажыве бесклапотна, уступіць у Саюз пісьменьнікаў, будзе езьдзіць па дамах творчасьці і пісаць, ня ведаючы творчых крызысаў.

Максім Танк і сам аднойчы прыяжджаў – у рангу старшыні Вярхоўнага Савету, на службовай “Волзе”, напалохаўшы раённае начальства. Ларыса Антонаўна акурат выбірала ў гародзе моркву, выглядала, па яе словах, як “Сорка Янкелева”, і патрэбнай высокаму госьцю размовы не атрымалася.

У ролі агітатаркі наведвалася ў Зэльву і Паўліна Мядзёлка. Жыла ў Геніюшаў два тыдні, зьбіралася нават назусім перабрацца да іх са свайго Будслава, чым канчаткова вывела зь сябе Івана Пятровіча. Ён ведаў у Празе Мядзёлчынага мужа Тамаша Грыба і, відавочна, разумеў, чаго плішчыцца ў іхнюю хату гэтая заслужаная дзяячка культуры…

Нягледзячы на ўсе дамаганьні, савецкай грамадзянкай Ларыса Геніюш так і ня стала. Па-першае, яна разумела, што, прыняўшы грамадзянства, дыскрэдытуе БНР, сакратаром Рады якое зьяўлялася з 1943 году. Па-другое, ад савецкай улады яна чакала найперш рэабілітацыі. Па-трэцяе, савецкі лад паэтка лічыла чужародным для Беларусі і юрыдычна не хацела быць ад яго залежным. “Зь пекла ўпала на голаў мне ўся гэта СССР”, – пісала яна ў адным не разьлічаным на публікацыю вершы.

Не абміналася тэма грамадзянства і ў лістах. Вось што паведамляла Ларыса Геніюш Адаму Мальдзісу ў 1968 годзе: “Візыт Аляксея Карпюка і патрабаваньне грамадзянства без рэабілітацыі даканалі мяне канчаткова. Аб грамадзянстве думаю, але бярэ мяне жах, калі ўспомню свае мучэньні і тое, што палічылі іх заслужанымі. Кінга зрабіла чалавекам не ягонае амэрыканскае грамадзянства, а змаганьне за волю суайчыньнікаў. Калі вазьму грамадзянства, яны мяне даканаюць. Яны мяне пераніцуюць, як старую вопратку на новы манер, а мне ўсё гэта нецікава.”

Так і жыла несавецкая грамадзянка на зэльвенскай вуліцы Савецкай. Дарэчы, 173 яе жыхары сёлета паставілі свае подпісы за наданьне вуліцы імя Ларысы Геніюш.


"Нас, забітых, загнаных на сьвеце…"
Нас, забітых, загнаных на сьвеце,
навучалі бацькі адвеку:
“Найвялікшая мудрасьць, дзеці, –
быць, застацца ў жыцьці чалавекам”.
Няхай сэрцы – быццам крыніцы,
а сумленьне – чыстае неба.
Нельга злу, няпраўдзе карыцца,
калі нават бракуе хлеба.
Хлеб крапіўка, бульба заменяць,
зямля згінуць ня дасьць, як маці.
Людзям страшна тых, без сумленьня,
хто ўжо твар чалавечы страціў.
Не люблю землякоў асьвечаных,
што на ўсё пазіраюць сонна,
далягляд іх рублямі мечаны,
напярэдзі – свая пэрсона.
Нат мінуласьць зямлі адкінулі,
цяжкі лёс у народу, цёмны,
не за праўдаю, а за сілаю
йдуць, як тыя сыны бяздомныя.
Над іх лёсам думаю сёньня я,
нат сумленьне на грошы зьмянялі.
Разумелі мяне брацьця цёмныя,
асьвечаныя – мяне прадавалі.
Неба хмарылася ўжо з раніцы,
ўсё ж мы ведалі: сонца будзе!
Гультаі прападалі і п’яніцы,
выжывалі – чэсныя людзі.
Продкаў спадчына, скарбы вялікія,
працавітасьць наша, сардэчнасьць,
гарады старыя шматлікія,
а найбольшы скарб – чалавечнасьць.
Што багацьце, што веліч дутая,
калі страціў сваё аблічча,
калі з брацьцямі не пакутаваў,
калі нелюдзем цябе клічуць.
Многа гора ў жыцьці спазналі мы,
цяжкі быў наш народны будзень,
ўсё ж нядарам людзі казалі нам:
“Беларусы – гэта ёсьць людзі!”.


Публікацыя Валянціны Трыгубовіч
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG