Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бураўкін: «Мне здаецца, што трансьлюецца чарговы зьезд КПСС»


У другі дзень працы ІV Усебеларускага народнага сходу дзяржаўнае тэлебачаньне зноў вяло прамую трансьляцыю. На зьезьдзе выступілі з падрыхтаванымі прамовамі дэлегаты і госьці — старшыня ФПБ, касманаўт, ткачыха, вэтэран, будаўнік, інвалід, студэнт, рабочая трактарнага заводу. Як ацэньваюць выступы дэлегатаў грамадзкія дзеячы?

Генадзь Бураўкін
Паэт Генадзь Бураўкін па звычцы ўважліва глядзеў трансьляцыю ІV Усебеларускага народнага сходу:

«Я гляджу гэта, заплюшчваю вочы, і мне здаецца, што трансьлюецца чарговы зьезд КПСС ці КПБ. Абсалютна, адзін да аднаго: выступы ад сялянаў, ад моладзі, ад пажылых, ад рабочых, ад калгасьнікаў… Няма спробы аналізу, няма спробы разваг пра стратэгічныя накірункі. Ну а пытаньні з залі задаюць… Да прыкладу, выступае сярэдняга зьвяна будаўнік. А яму задаюць пытаньні аб палітыцы ў галіне будаўніцтва. Гэта ж ясна, што ўсё ідзе па падрыхтаваным сцэнары. А аўтарамі сцэнару зроблена вельмі нятонкая, неразумная стыкоўка. Ну што ж зробіць, жывем мы ў такі час, і жывем такімі палітычнымі мерапрыемствамі».

Сяргей Калякін
Старшыню партыі «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна ўразіў выступ старшыні КПРФ Генадзя Зюганава:

«Гэта добра праплочаныя выступы, і добра праплочаныя самі дэлегаты. Паглядзіце, якія толькі падарункі былі для дэлегатаў — на суму амаль што 700 тысяч рублёў, гэта 230 даляраў на кожнага дэлегата. Сумарны кошт гэтых падарункаў — амаль паўмільёна даляраў. Гэта ўсё бюджэтныя грошы. Я думаю, для замежных гасьцей былі яшчэ больш дарагія падарункі. Акрамя таго, я думаю, гэта добра аплочваецца і іншымі паслугамі. Я думаю, гэта ўсё заказное. І той жа Генадзь Зюганаў, думаю, ня верыць у тое, што ён кажа. Ён жа не дурны чалавек. Аднак, на мой погляд, у яго няма ніякага сумленьня, відаць, нешта добрае яму паабяцалі за гэта».

Мікалай Петрушэнка
Палкоўніка ў адстаўцы, народнага дэпутата СССР Мікалая Петрушэнку больш за ўсё ўразіў выступ Аляксандра Лукашэнкі:

«Лукашэнка біў сябе ў грудзі, што ён камуніст, і гаворыць прынародна, на ўсебеларускім хурале, што партыйны білет захоўвае ў сэйфе. А я згадваю Зьезд народных дэпутатаў СССР. Дык вось Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка, які ўзначальваў тады фракцыю „Камуністы Беларусі за дэмакратыю“, у жніўні 1991 году першым выйшаў з КПСС і КПБ, першым напісаў заяву ў падтрымку таго, каб паставіць крыж на кампартыі. А зараз ён б’е сябе ў грудзі, божыцца і гаворыць пра вернасьць камуністычнай ідэі…

Я згадваю Трэці Ўсебеларускі зьезд. Тады Лукашэнка — стэнаграма ў мяне ляжыць перад вачыма — біў сабе ў грудзі і гаварыў: „Глядзіце, што робяць палякі: 110 мільярдаў зьнешняга доўгу ў іх!“ А зараз Беларусь мае 25 мільярдаў — па 2,5 тысячы на кожнага. І Лукашэнка ўжо з трыбуны чацьвёртага народнага хуралу кажа, што добра, што мы бярэм, добра, што нам даюць зьнешнія пазыкі».

Дарэчы, выступіць усім, хто падрыхтаваў прамовы, не хапіла часу, пад 26-м выступоўцам падвялі рысу. Апошняй выступіла старшыня Згуртаваньня беларусаў Эстоніі Ніна Савінава, якой Лукашэнка па-беларуску падзякаваў за выступ.

Усе дакумэнты — праект праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2011-2015 гады, рэзалюцыя сходу і зварот удзельнікаў сходу да беларускага народу — прынятыя за аснову. Аднагалосна.

Аляксандар Лукашэнка выступіў з заключнай прамовай. Ён ведае, што гэты сход параўноўваюць са зьездам КПСС. Таму шчыра прызнаўся: «Да зьезду КПСС мы яшчэ не дацягваем».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG