Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агітацыя дазволена, але не пачалася


Ад сёньня пачаўся этап агітацыі за кандыдатаў на прэзыдэнта. Ён будзе доўжыцца амаль месяц — да 18 сьнежня, апошняга дня перад галасаваньнем. Якім атрымаўся старт агітацыі, удакладняюць карэспандэнты «Свабоды».




ГОМЕЛЬШЧЫНА


У першы дзень агітацыі — зацішша

Ніяк ня выявілі сябе сёньня ў Гомелі прыхільнікі Яраслава Раманчука, Віктара Цярэшчанкі, Мікалая Статкевіча, Андрэя Саньнікава ды іншых прэтэндэнтаў на галоўную дзяржаўную пасаду.

Юры Клімовіч, рэгіянальны кіраўнік групы Віталя Рымашэўскага: «Менавіта сёньня ня будзе фактычна нічога. Мне трэба найперш агітацыйныя матэрыялы атрымаць і, прынамсі, сустрэцца хаця б з начальнікам штабу Севярынцам. Гэта я думаю зрабіць заўтра. Плян дзеяньняў просты. Паспрабуем паставіць некалькі пікетаў, будзем разносіць па пад’ездах агітацыйныя матэрыялы — улёткі розныя. Расклеім у дазволеных месцах плякаты, постэры. 11 сьнежня Рымашэўскі будзе ў Гомелі — плянуецца зь ім сустрэча».

Кіраўнік рэгіянальнага штабу Някляева Алег Шабетнік з Рэчыцы паведаміў, што ў іх таксама няма друкаванай прадукцыі, але каманды ў райцэнтрах не зьбіраюцца сядзець склаўшы рукі:

Сёньня дождж пайшоў, і невядома, што рабіць.
«Сёньня дождж пайшоў, і невядома, што рабіць. Але вырашылі хоць на некалькі гадзін выставіць пікеты — у Жлобіне, Сьветлагорску, Рэчыцы, Мазыры, Калінкавічах. Матэрыялаў пакуль няма для раздачы, але будзем людзей знаёміць зь біяграфіяй і праграмай Някляева».

У абласным цэнтры някляеўскія актывісты сёньня таксама нічога не рабілі.

Мясцовы каардынатар кампаніі Валер Сьляпухін патлумачыў:

«У падтрымку нашага кандыдата ў Гомелі, на жаль, ня будзе нічога. Хоць і трэба выстаўляць пікеты, але мы, на жаль, сёньня не гатовыя выставіць іх. Няма ніякай друкаванай інфармацыі, каб раздаваць людзям».

Тым часам у вобласьці яшчэ 14 лістапада, за 4 дні да пачатку агітацыйнай кампаніі, стартавала афіцыйная канцэртная агітацыя «За сильную и процветающую Беларусь!» Пачалася яна ў Добрушы. Жыхароў вітала старшыня райвыканкаму Вольга Мохарава. Яна нагадала, што 19 сьнежня — прэзыдэнцкія выбары, і «мы павінны прыйсьці на ўчасткі для галасаваньня й зрабіць правільны выбар».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Першы дзень агітацыі — пусты

На Магілёўшчыне першы дзень перадвыбарчай агітацыі прамінуў безь яе. У штабах кандыдатаў называюць свае прычыны маўчаньня.

У абласным штабе Ўладзімера Някляева на пытаньне: «Чым адметны першы дзень вашай перадвыбарчай агітацыі?» адказалі — арганізацыйнай працай, бо Цэнтральная выбарчая камісія зацягвае выдачу пасьведчаньня бухгальтару кампаніі:

Супрацоўнік штабу Ігар Каваленка: «Бяз гэтага пасьведчаньня фінансіст ня мае права вырашаць фінансавыя пытаньні, зьвязаныя з друкаванай прадукцыяй і з усім астатнім. Зараз мы на сходзе ўдакладнім дэталі і пачнём агітаваць тым, што ў нас было раней. Гэта плякаты, якімі мы заклікалі людзей ставіць свой подпіс».

Каманда Някляева абяцае правесьці на Магілёўшчыне самую насычаную агітацыйную кампанію. Калі яна пачнецца? У штабе кажуць — хутка.

У штабе Алеся Міхалевіча паабяцалі, што першае агітацыйнае мерапрыемства адбудзецца заўтра, 20 лістапада. На пешаходнай вуліцы Ленінскай паплечнікі кандыдата выставяць пікет. Ці рызыкуюць яны парушыць гэткім чынам пастанову адміністрацыі Ленінскага раёну? У сьпісе месцаў агітацыі няма Ленінскай:

Штабіст Міхалевіча Юры Стукалаў: «Гэта ж ня масавае мерапрыемства, а пікет. Улёткі будзем раздаваць, каб людзі знаёміліся. Я ня думаю, што гэтым закон парушым. Сёньня я складаю заяўкі на сустрэчы з кандыдатам. 25 лістапада яны плянуюцца. У нас на Магілёўшчыне тры асноўныя гарады, дзе штабы створаныя — Магілёў, Бабруйск, Горкі».

Не праводзіла сёньня агітацыйных дзеяньняў і каманда Аляксандра Лукашэнкі. У абласной грамадзкай прыёмнай аб’яднаньня «Белая Русь» яе супрацоўнік патлумачыў, чаму:

«Першы ж дзень яшчэ. Ідзе пакуль арганізацыйная выбудова гэтай працы. Я яшчэ з даверанымі асобамі нават не сустракаўся. Давераныя асобы будуць знаходзіцца тут. Галоўнае прызначэньне прыёмнай — гэта актыўныя зносіны зь людзьмі. Адказы на тыя праблемы й пытаньні, якія ў іх могуць зьявіцца да кандыдата».

Пра тое, што 19 сьнежня адбудуцца выбары, у Магілёве нагадваюць толькі інфармацыйныя абвесткі ды шыльды з нумарамі выбарчых участкаў. На сьвятлодыёдным экране ля гарвыканкаму зьявіліся й ролікі пад агульнай расейскамоўнай назвай «Вместе мы Беларусь». Дзе-нідзе расклееныя налепкі з надпісам «Сыходзь» і запрашэньнем наведаць 24 лістапада Кастрычніцкую плошчу.

Адзін з ролікаў «Вместе мы Беларусь»
Налепкі «Сыходзь»


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


У рэгіянальных штабах чакаюць агітацыйных матэрыялаў

На Гарадзеншчыне штабы кандыдатаў на прэзыдэнта сёньня першы дзень агітуюць за сваіх вылучэнцаў.

У абласным штабе Яраслава Раманчука сёньня канчаткова вызначаюць па ўсёй вобласьці месцы, дзе кандыдат будзе сустракацца з выбарцамі, пішуць заяўкі на правядзеньне пікетаў, а таксама скаргі на тое, што пікеты дазволена праводзіць толькі ў месцах, вызначаных гарвыканкамам.

Кіраўнік штабу Юры Істомін: «Мы зараз будзем зьвяртацца з гэтымі заявамі ў суды, бо лічым, што гэта вельмі важна для таго, каб кампанія прайшла адкрыта і дэмакратычна».

Актывісты штабу Ўладзімера Някляева з Горадні ўжо занесьлі падобныя скаргі ў гарвыканкам. Яны вядуць падрыхтоўку, каб заўтра выйсьці на пікеты да выбарцаў.

Кіраўнік абласнога штабу Зьміцер Бандарчук: «Мы заўтра плянуем выйсьці на пікеты, дзе яны дазволеныя, з тымі стэндамі, якія выстаўлялі падчас збору подпісаў, і пачнём размаўляць зь людзьмі».

У Смаргоні актывістка штабу Някляева правяла сёньня своеасаблівую акцыю.

Ірына Вештард: «Я выпусьціла невялікую колькасьць кароткіх паведамленьняў і раскідала іх у сваім мікрараёне: «Шаноўныя, нас зарэгістравалі, вялікі дзякуй за падтрымку, будзем працаваць з вамі далей».

У штабе Віталя Рымашэўскага сёньня тэлефануюць усім, каму магчыма, каб 22 лістапада а 19-й гадзіне глядзелі выступ іхнага кандыдата. Кіраўнік штабу Мікола Баўсюк кажа, што шукае дадаткова людзей у раёнах, дзе ў іх няма актывістаў:

«Я тэлефаную старым знаёмым у рэгіёны, што даеду да іх, давязу праграмную літаратуру кандыдата, можа, хто пагодзіцца дапамагчы яе распаўсюдзіць».

У штабе Рыгора Кастусёва склалі падрабязную мапу зь месцамі правядзеньня агітацыйнай кампаніі.

У штабе Рыгора Кастусёва дапрацоўваюць мапу зь месцамі правядзеньня агітацыйных мерапрыемстваў.

Актывіст Максім Губарэвіч кажа, што ў іх кожны сябра ведае канкрэтна, што і дзе будзе рабіць. Кіраўнік гарадзкога штабу Вадзім Саранчукоў да гэтага дадае:

«І пікеты, і раздача матэрыялаў, хутчэй за ўсё — і некаторыя сустрэчы кандыдата з выбарцамі будуць праводзіцца ня толькі ў тых месцах, дзе вызначыў гарвыканкам. Мы палічылі, што гэтыя рашэньні не адпавядаюць дэмакратычнасьці выбараў, і на гэтай падставе прынялі такое рашэньне».

У штабе Андрэя Саньнікава сёньня цішыня, гарадзенскія актывісты ўсе працуюць у цэнтральным штабе ў Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG