Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля рэгістрацыі дэмакратычных кандыдатаў у прэзыдэнты сустрэлі сябры іх ініцыятыўных групаў, якія сабраліся на Кастрычніцкай плошчы каля ўваходу ў Палац рэспублікі.

Актывісты яшчэ да пачатку рэгістрацыі разгарнулі бел-чырвона-белыя сьцягі на плошчы, чакаючы сваіх кандыдатаў. Паступова іх колькасьць павялічвалася. Прысутныя жыва віталі сваіх кандыдатаў, скандавалі іх прозьвішчы, словы «Жыве Беларусь!», «Адзіны!», «Разам мы пераможам!» Андрэю Саньнікаву і Яраславу Раманчуку ўручылі кветкі. Андрэй Саньнікаў падзякаваў сваім прыхільнікам за падтрымку і адказаў на пытаньні:

Андрэй Саньнікаў
«Гэта вы зрабілі, вы зарэгістравалі свайго кандыдата. Дзякуй вялікі! Зараз будзе напружаная праца. А гэта будзе праца да перамогі. Мы пераможам. Я зараз даведаўся пра цудоўную навіну, што будзе прамы эфір для кандыдатаў. Гэта добра. Чым больш людзей з апазыцыі супраць Лукашэнкі выступіць, тым лепш для нас. Мы будзем казаць праўду пра тое, што адбываецца ў краіне».

Ён сказаў, што рэгістрацыя ўсіх альтэрнатыўных кандыдатаў не была нечаканасьцю. Відаць, улады хочуць зрабіць выгляд плюралізму. На пытаньне пра адзінага кандыдата, спадар Саньнікаў сказаў:

«Адзіны народ. І народ пераможа».

Някляеўцы прынесьлі вялізны плякат з выявай пасьведчаньня аб рэгістрацыі свайго кандыдата, разгарнулі сьцягі кампаніі «Гавары праўду» і расьцяжку «За Някляева!». Праз кампутар яны наладзілі на плошчы сувязь з Уладзімерам Някляевым, які з-за замежнай паездкі не прысутнічаў на рэгістрацыі. На сувязь падышоў Андрэй Саньнікаў, і яму спадар Някляеў сказаў:

«Тое, што мы зрабілі з табой удвох, што заключылі гэту дамову — гэта вельмі эфэктыўны крок, які прыдасьць дынаміку. Так што Эўропа ацаніла наш крок як вельмі станоўчы».

На пытаньне аб тым, чаму ўлады зарэгістравалі ўсіх альтэрнатыўных кандыдатаў, спадар Някляеў сказаў:

Ужо відно, што кампанія будзе такой, што яе могуць не прызнаць.
«Яны хочуць, каб моцныя заблыталіся ў нагах у слабейшых. Колькі іх там, дзесяць? Няхай па дыстанцыі бягуць! А па асобнай дарожцы, на асобным стадыёне, з асобнымі заўзятарамі на трыбуне бяжыць адзін спартовец, які ўсім ужо сказаў, што ён пераможа. Пабачым, як яно будзе ў рэальнасьці. Ужо відно, што кампанія будзе такой, што яе могуць не прызнаць. Сёньня мы пра гэта гаварылі ў МЗС Польшчы і перад гэтым у МЗС Чэхіі. Я казаў, што сёньня ўжо можна выбары не прызнаваць».

Яраслаў Раманчук паказаў сваім прыхільнікам пасьведчаньне кандыдата.

Яраслаў Раманчук
«Рэгістрацыя фармальная, кіраўнік краіны не прыйшоў, нібыта не адчувае, што гэта працэдура для яго важная, ён такім чынам ігнаруе свой электарат. А таксама ігнаруе той дыялёг, які сёньня мог пачацца. Улады захацелі, каб 10 чалавек удзельнічала ў дыскусіі.Трэба проста выкарыстаць увесь патэнцыял усіх каманд, каб данесьці да людзей простыя рэчы: трэба мадэрнізацыя, перамены, каб Беларусь была эўрапейскай,заможнай краінай — і перамога ў нашых руках».

Паводле Раманчука, кампанія будзе «актыўнай і інтэнсіўнай».

Сустракалі таксама і кандыдата Рыгора Кастусёва. Ён адзначыў, што рэгістрацыя ўсіх ёсьць палітычным рашэньнем уладаў.

Рыгор Кастусёў
«Мне прыемна, што мяне зарэгістравалі ў якасьці кандыдата. Партыя БНФ упершыню за 16 гадоў з 1994 году вылучыла свайго кандыдата. Было шмат хваляваньняў, нашы подпісы правяраліся вельмі інтэнсіўна і ў першую чаргу ва ўсіх рэгіёнах. Амаль 102 тысячы подпісаў прызнаныя сапраўднымі. Гэта наш посьпех. Нашы сябры зьбіралі за ідэю».

Спадар Кастусёў лічыць, што кампанія будзе «вельмі напружанай». Кандыдаты Мікола Статкевіч і Алесь Міхалевіч доўга не затрымліваліся на плошчы. Міхалевіч называе рэгістрацыю «палітычным рашэньнем уладаў». Ён назваў пазытывам наяўнасьць вялікай колькасьці кандыдатаў.

«Пачынаем агітацыю, пачынаем працу з выбаршчыкамі. Мы выйшлі, як я люблю жартаваць, на фінішную крывую. Бо, на вялікі жаль, прамой яна ня будзе».

Рэгістрацыйны канвэер ЦВК

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG