Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Асіпенка: “Сапраўдных дэмакратычных выбараў у нас і зараз ня будзе…”


Уладзімер Асіпенка ля свайго пад’езду

Уладзімер Асіпенка ля свайго пад’езду

Уладзімер Асіпенка сёньня ўжо чацьверты дзень на волі. У яго не змаўкае тэлефон, прыяжджаюць журналісты. Ён для ўсіх знаходзіць час, мае мноства плянаў, але найперш паабяцаў жонцы, што зробіць у хаце рамонт.

Уладзімер Асіпенка ветліва запрашае ў кватэру і як бы апраўдваецца — маўляў, жыве даволі сьціпла. Сам хуценька пабег рабіць каву, жонка на працы.


З выгляду ён зьмяніўся, пасталеў, але ўсьмешка тая самая — цёплая, ветлівая. Пачынаю размову і пытаюся — якія яны, першыя глыткі свабоды?

Асіпенка: «Вельмі рады быў убачыць сваіх родных і абняць іх. Гэта было самае вялікае шчасьце — зь імі сустрэцца. Другога нічога не магу сказаць, бо я зразумеў, што сям’я для мяне — самая вялікая каштоўнасьць у жыцьці».

Ён дадае, што пра зьмены за сьценамі дома сказаць ня можа, бо ўсе гэтыя дні сядзеў побач з роднымі ў хаце, прымаў гасьцей, папросту не маглі нацешыцца сустрэчы. Прызнаецца, што з турмы прыехаў з дачкой, не папярэдзіўшы жонку, пра што зараз вельмі шкадуе.

Асіпенка: «Спачатку дачка з мужам увайшлі ў кватэру, а потым я з кветкамі. А яна мяне як пабачыла — дык чуць не самлела ад радасьці, прысела на пуфік і паўтарала, што ня можа ў гэта паверыць. Я потым пашкадаваў, што так зрабіў, трэба было патэлефанаваць і папярэдзіць».

Уладзімер Асіпенка распавядае, што жонцы давялося нямала за гэты час перажыць: шмат хто адварочваўся і не вітаўся, на працы спрабавалі яе справакаваць, каб звольніць. І ўсё гэта — дадае — яна перажыла сама. Першае, пра што яна яго папрасіла — зрабіць рамонт у кватэры, і ён паабяцаў, што гэтым зоймецца.


Нашую размову ўвесь час перабіваюць тэлефонныя званкі, нейкія незнаёмыя людзі віншуюць, вітаюць. Пытаюся — хто зараз тэлефанаваў?

Асіпенка: «Зараз тэлефанаваў Уладзімер Някляеў, віншаваў мяне з выхадам, казаў — ведае, што я не зламаўся, абяцаў, што хутка сустрэнемся. А ўчора тэлефанаваў Андрэй Саньнікаў, таксама віншаваў».


Карэспандэнт: «Спадар Уладзімер, а ці пасьпелі вы зарыентавацца ў цяперашняй палітычнай сытуацыі ў краіне?»

Асіпенка: «Мне здаецца, што сапраўдных дэмакратычных выбараў у нас і зараз ня будзе. Пра гэта сьведчыць тое, што выбарчы кодэкс не зьмянілі, апазыцыі няма ва ўчастковых камісіях. Упэўнены, што ўсё будзе, як раней. Думаю, што лепш было б наагул у іх ня ўдзельнічаць, але ня ведаю, як мяне тут зразумеюць».

Карэспандэнт: «А як на гэта глядзяць тыя, хто надалей за кратамі?»

Асіпенка: «Вось яны думаюць так, як я вам сказаў. Яны ўпэўненыя, што прэзыдэнтам будзе той, хто і зараз».

Спадар Уладзімер кажа, што першыя дні разьбярэцца з хатнімі праблемамі, а далей прымецца разам зь юрыстамі дамагацца вызваленьня Мікалая Аўтуховіча. Ён наагул удзячны ўсім, хто падтрымліваў яго, дамагаўся ягонага вызваленьня. А яшчэ яму вельмі хочацца паглядзець у твар таму сьледчаму, які фабрыкаваў супраць яго справу.

Пасьля размовы я паехаў на месца, дзе некалі месьцілася фірма, якую стварыў Мікалай Аўтуховіч і куды часта прыходзіў Уладзімер Асіпенка. Уразілі цішыня і занядбанасьць. А раней тут стаялі таксоўкі, рамантаваліся і рыхтаваліся ў дарогу цяжкагрузныя «Ціры».

У двары былой фірмы таксовак Мікалая Аўтуховіча.

Вось пытаюся ў спадара — ці ведае ён, што на волю выйшаў Уладзімер Асіпенка?

Спадар: «Шчыра кажучы, першы раз чую. Папраўдзе, нічога ня ведаю. Але гэта вельмі харошыя людзі, і спадар Уладзімер, і Мікалай. Пра іх толькі добрае можна сказаць».

У канторы сядзяць мужчына і жанчына. Яны з інтэрнэту ведаюць, што Ўладзімера Асіпенку вызвалілі.

Спадарыня: «Нічога дрэннага пра яго сказаць не магу. Нармальны, звычайны, добры чалавек».

Спадар: «Я зь ім вітаўся, нават гарэлку разам выпівалі ў гаражы. Нармальны мужык…»

Спадарыня дадала, што людзі, якія разам працавалі, іх памятаюць і чакаюць, каб адрадзіць фірму, бо такога кіраўніка, якім быў Мікалай Аўтуховіч, зараз няма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG