Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Асіпенка зьбіраецца скардзіцца на сьледчых


Фігуранта справы Мікалая Аўтуховіча, былога вайскоўца Ўладзімера Асіпенку выпусьцілі на волю ўмоўна-датэрмінова увечары 5 лістапада. Асіпенка, які быў асуджаны на 3 гады за незаконнае абыходжаньне са зброяй, быў у зьняволеньні зь лютага 2009 году.

Уладзімер Асіпенка ўжо адказвае на званкі на свой асабісты мабільнік, а не на турэмны тэлефон. Віншую яго з вызваленьнем:

"Дзякуй, вялікі дзякуй. Што можа быць радасьней, чым бачыць родных, якія цябе гэтак чакалі. Як здароўе? Ды ўсё быццам нядрэнна. Відаць, дапамагла вайсковая падрыхтоўка, таму нармальна перанёс гэтую справу. Адзінае, што з вачыма будзе праблема, бо праседзець у ізалятары пры такім дрэнным асьвятленьні 1 год і 4 месяцы — гэта вельмі цяжка".
Зараз трэба падтрымаць Мікалая Аўтуховіча. Мне падаецца, перад выбарамі мусяць яго вызваліць.

Першыя два вольныя дні ў Ваўкавыску Ўладзімер Асіпенка прысьвяціў сустрэчам з сваякамі і сябрамі. 8 лістапада былы вязень наведаў управу міліцыі і стаў на ўлік як умоўна-датэрмінова вызвалены. Між тым грамадзкую дзейнасьць Уладзімер Асіпенка спыняць ня мае намеру:

"Якія пляны? Вядома, не спыняцца, а змагацца. Зараз трэба падтрымаць Мікалая Аўтуховіча. Не сумняваюся, што ўлада пойдзе на саступкі, калі сумеснымі намаганьнямі будзем патрабаваць ягонага вызваленьня. Мне падаецца, перад выбарамі мусяць яго вызваліць. За 5 патронаў не павінен чалавек сядзець 5 гадоў", — сказаў Уладзімер Асіпенка.

Былы вязень падзякаваў усім, хто падтрымліваў яго ў зьняволеньні і дамагаўся датэрміновага вызваленьня. Сярод недзяржаўных мэдыяў, якія вызначыў Уладзімер Асіпенка ў гэтай справе, было названа і Радыё Свабода. Уладзімер Асіпенка сказаў, што ў яго не было магчымасьці слухаць перадачы Радыё Свабода ў калёніі, але пра ўсё, што паведамлялася на нашых хвалях адносна справы Мікалая Аўтуховіча, яму пісала актывістка з Баранавіч Вольга Філонава, якой Уладзімер Асіпенка таксама шчыра падзякаваў за дапамогу.

Не зьбіраецца Ўладзімер Асіпенка маўчаць і адносна справы аб нібыта падрыхтоўцы замаху на высокапастаўленых чыноўнікаў, у рамках якой яго прыцягвалі да адказнасьці разам зь Мікалаем Аўтуховічам. Гэтую справу былы вязень лічыць сфальшаванай сьледчымі:

Сям'я Ўладзімера Асіпенкі. Дачка Людміла і жонка Зоя на судовым працэсе ўвесну сёлета
"Заўтра пачну пісаць заяву ў пракуратуру, каб прыцягнулі да адказнасьці сьледчых, якія вялі гэтую справу, і тых апэратыўнікаў, якія фальшавалі ўсе гэтыя матэрыялы. Вы ж самі бачылі, што было на судзе. Кашмар! Такога не павінна быць у краіне. У гэтым сэнсе я падтрымаю Мікалая, які таксама будзе гэтым займацца. Такім чынам, вось якія мае пляны ў першую чаргу".

Дачка Асіпенкі Людміла, якая шмат разоў на хвалях Радыё Свабода распавядала пра свайго бацьку, калі той быў у зьняволеньні, вельмі рада, што ён нарэшце вызваліўся. Якім яна ўбачыла тату?

"Я бачыла яго нядаўна ў калёніі падчас спатканьня, дык розьніцы не знайшла. А сваякі, якія яго ня бачылі амаль два гады, кажуць, што схуднеў. Зразумела, там жа не санаторый, і ежа не такая разнастайная, як дома. А збольшага ён такі ж моцны. Ведаю, што займаўся там зарадкай. За гэтыя два дні еў добра, нават занадта..." (Сьмяецца.)

Людміла Асіпенка таксама падзякавала грамадзкасьці за падтрымку яе таты, адзначыўшы, што бяз гэтай падтрымкі наўрад ці ўлады вызвалілі б яго датэрмінова.

Грамадзкасьць ня раз уздымала пытаньне аб пакараньні сьледчых, якія сфальшавалі справу аб падрыхтоўцы тэрактаў супроць экс-старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Саўчанкі і намесьніка міністра падаткаў і збораў Камянко. 8 лістапада зь яшчэ адной заявай аб праверцы дзеяньняў сьледчых зьвярталіся ў пракуратуру праваабаронцы і вэтэраны-аўганцы, сябры Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі.

задайце пытаньне ЎЛАДЗІМЕРу АСІПЕНКу

XS
SM
MD
LG