Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Асіпенка: “Я думаў, што ў сьледчай управе МУСу працуюць прыстойныя людзі...”


Палітвязень Уладзімер Асіпенка 5 лістапада выйшаў на волю з калёніі ў Івацэвічах. Уладзімер Асіпенка быў асуджаны да трох гадоў пазбаўленьня волі за перавоз і захоўваньне зброі. Разам з ім быў таксама асуджаны Мікалай Аўтуховіч, Міхаіл Казлоў і Аляксандр Ларын.

Фігуранта справы Мікалая Аўтуховіча выпусьцілі на волю ўмоўна-датэрмінова. Асіпенка быў у зьняволеньні зь лютага 2009 году, 1 год і 4 месяцы – у сьледчым ізалятары.

Уладзімер Асіпенка - госьць “Начной свабоды”.


Соўсь: Хто вас першым павіншаваў на волі?

Асіпенка: Сустрэлі мяне на волі мая дачка Людміла і яе муж Уладзімір. Я напярэдадні ім пісаў, што, магчыма, мяне вызваляць. Яны атрымалі ліст, што 4 лістапада ў Івацэвічах адбудзецца суд, які будзе разглядаць маю справу. Датэлефанаваўшыся да суду, яны даведаліся, што хадайніцтва калёніі аб маім вызваленьні было задаволенае, і з раніцы 5 лістапада яны ўжо тэлефанавалі начальству калёніі, якое ім сказала, што мяне вызваляюць.

Адначасова мне дазволілі затэлефанаваць дадому. Калі я набраў нумар мабільнага тэлефона дачкі, яна паведаміла, што яны ўжо па мяне выехалі. Было так прыемна чуць – я адчуваў гонар за сваіх дзяцей, яны ўсё прадугледзелі, усё прадумалі да драбязы.

Ну і вядома, сустрэча была надзвычайная.

Соўсь: Першыя ўражаньні на свабодзе пасьля году і дзевяці месяцаў турмы?

Асіпенка: Я шчасьлівы ад таго, што пабачыў маіх блізкіх, змог іх абняць. Я бачу, як ім прыемна бачыць мяне, як яны мною ганарацца. Гэта найвышэйшая ацэнка, якую я некалі атрымліваў у жыцьці. Прыемна было ўсьведамляць, што ты нарэшце можаш рабіць усё што хочаш...

Па дарозе дадому дачка завезла мяне ў Жыровіцкі манастыр, дзе я замовіў службу за спакой маіх родных, якія памёрлі падчас майго зьняволеньня – мая стрыечная сястра і родны брат майго бацькі, апошні чалавек з старэйшага пакаленьня Асіпенкаў.

Соўсь: Пасьля прысуду вашыя родныя меркавалі, што вас вызваляць умоўна-датэрмінова даволі хутка, як тады казала дачка, у траўні. Аднак жа цяпер лістапад. Як мяркуеце, чаму вас вызвалілі менавіта цяпер?

Асіпенка: Я таксама спадзяваўся, што мяне хутка вызваляць, тым больш, што мой артыкул, як мне тлумачыў начальнік спэцчасткі СІЗА, падыходзіў пад амністыю. Таму мяне пасьля суду і не адправілі адразу ў калёнію, а трымалі доўгі час у СІЗА. Я пытаўся, чаму яны гэтак робяць, і мне казалі, што, магчыма, да мяне прыменяць амністыю і вызваляць.

Але пасьля, калі Закон аб амністыі быў прыняты ў другім чытаньні, мой артыкул зьявіўся ў гэтым законе сярод тых, што не падлягаюць прымяненьню амністыі з вызваленьнем. Мне толькі маглі зьняць адзін год.

У мяне тэрмін умоўна-датэрміновага вызваленьня наступаў 8 жніўня, а, як мне патлумачылі ў спэцчастцы, мяне не маглі умоўна-датэрмінова вызвалеіць без прымяненьня Закону аб амністыі. Я чакаў, пакуль здымуць год, і на гэта ішоў час. Нават незразумела чаму так адбылося –пра прымяненьне да мяне амністыі мне паведамілі 3 кастрычніка, а на самой справе я даведаўся, што пастанова аб прымяненьні амністыі была падпісаная 10 верасьня – так што амаль месяц мне пра гэта не паведамлялі. Відаць, было сьвядомае зацягваньне. Адміністрацыя, відаць, проста чакала ўказаньня вышэйшых інстанцыяў.

Соўсь: Падчас сьледзтва ваша дачка выходзіла замуж, вы прасілі, каб вас пусьцілі на вясельле, і вам тады выстаўлялі фактычна ўмовы даць паказаньні супраць Аўтуховіча. Наколькі ўвогуле распаўсюджаны шантаж у сьледчых?

Асіпенка: Я наагул зьдзівіўся стылю працы такой арганізацыі, як сьледчая ўправа МУСу. Я думаў, што там працуюць прыстойныя адукаваныя людзі. Але тое, што рабіў намесьнік начальніка галоўнай сьледчай управы Клачко, мяне вельмі ўразіла. Ён натуральным чынам выбіваў паказаньні з дапамогай незаконных арыштаў, зьмяшчаў сьведкаў у камэру ў СІЗА. Вядома, у яго дзеяньнях ёсьць склад злачынства, і ён мусіць панесьці пакараньне.

Я памятаю, як Казлоў, якому як нікому іншаму былі зразумелыя ўсе незаконныя прыёмы вядзеньня сьледзтва, на судзе гаварыў пра гэта, называў артыкулы, якія парушыў Клачко, але судзьдзя ніяк не адрэагаваў на ягоныя словы.

Акрамя Аўтуховіча мяне прасілі даць паказаньні на Валерыя Фралова ды іншых вядомых асобаў. Але, вядома ж, яны атрымалі адмову.

Слухаць усю гутарку з Уладзімерам Асіпенкам і ягоныя адказы на пытаньні слухачоў і чытачоў сайту:


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG