Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зьміцер Бандарэнка: Экспэрты ведалі, што мы ня згодныя з вэрсіяй пра самагубства


Зьміцер Бандарэнка

Зьміцер Бандарэнка

На другі дзень працы ў Менску экспэрты АБСЭ ў справе сьмерці Алега Бябеніна сустрэліся зь ягонымі сябрамі, якія ня вераць у вэрсію пра самагубства журналіста.

Экспэрты-крыміналісты з Нарвэгіі і Швэцыі прыбылі ў Менск на запрашэньне ўладаў Беларусі для азнаямленьня з праверкай абставінаў сьмерці журналіста «Хартыі-97» Алега Бябеніна 25 кастрычніка. Наступным днём замежныя адмыслоўцы займаліся вывучэньнем матэрыялаў праверкі, а сёньня сустрэліся зь людзьмі, якіх апытвалі сьледчыя падчас праверкі.

Сярод іх — каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Зьміцер Бандарэнка і Фёдар Паўлічэнка, сябар Алега Бябеніна. Ці ведалі экспэрты пра тое, што Бандарэнка і Паўлічэнка ня вераць у вэрсію пра самагубства, найперш спытаў я ў Зьмітра Бандарэнкі.

«Так. Сказалі, што знаёміліся з нашымі адказамі на апытаньні ў матэрыялах праверкі ў пракуратуры і пыталіся ў нас, чаму мы лічым, што гэта было забойства. Тады мы распавялі аб супярэчнасьцях у гэтай справе. Што разыходзяцца нават дадзеныя пра час сьмерці Алега Бябеніна ў супрацоўнікаў, якія былі на месцы сьмерці, і ў судмэдэкспэрта, які рабіў ускрыцьцё. Таксама распавялі пра тое, што не было прафэсійных і псыхалягічных матываў для самагубства Алега, што ён быў у добрай псыхалягічнай форме і займаўся выбарчай кампаніяй Саньнікава. Пра тое, што пагрозы журналістам сайту і Алегу ішлі яшчэ з пачатку году і, прынамсі, працягваюцца дагэтуль. І што пракуратура фактычна не разглядае іншыя вэрсіі, як мы мяркуем».

Тое, што экспэрты сустрэліся зь людзьмі, якія ня вераць у вэрсію пра самагубства Алега Бябеніна і маюць пэўныя падставы для гэтага, спадар Бандарэнка лічыць вельмі важным.

У Фёдара Паўлічэнкі экспэрты асабліва цікавіліся зьвесткамі пра месца здарэньня, паколькі ў матэрыялах праверкі Фёдар пазначаны як паняты на месцы сьмерці. Вядома, што Паўлічэнка дапамагаў міліцыянтам пераносіць цела нябожчыка Бябеніна зь лецішча ў аўтамабіль.

Зьміцер Бандарэнка і Фёдар Паўлічэнка адзначылі прафэсійнасьць пытаньняў экспэртаў, а таксама іх цікаўнасьць да дэталяў у гэтай справе.

Вядома, што экспэрты працуюць ва ўмовах канфідэнцыйнасьці. Як гэта адбілася на размове і яе агалосцы?

Бандарэнка: «Я адмыслова запытаўся, ці ня будуць яны супраць нашых камэнтароў да гэтых сустрэч? Сказалі, што яны незалежныя экспэрты і могуць сустракацца з кім заўгодна. Паўтарылі, што пакуль яны не хацелі б, каб называліся іх прозьвішчы, але сказалі, што ў кантактах з журналістамі мы, безумоўна, можам казаць пра размовы зь імі».

Паводле Зьмітра Бандарэнкі і Фёдара Паўлічэнкі, экспэрты таксама маюць намер сустрэцца са сваякамі Алега Бябеніна.

Бандарэнка: «Наколькі мы зразумелі, у пятніцу 29 кастрычніка яны плянуюць зьехаць».

3 верасьня на лецішчы пад Менскам у пятлі быў знойдзены труп журналіста Алега Бябеніна, заснавальніка апазыцыйнага сайту «Хартыя-97». Праверка прычын сьмерці журналіста працягнута да лістападу. У пракуратуры кажуць, што найбольш верагодная вэрсія пра самагубства Бябеніна, у што ня вераць ягоныя сябры і калегі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG