Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура абяцае садзейнічаць АБСЭ ў расьсьледаваньні сьмерці Бябеніна

  • БелаПАН

Алег Бябенін

Алег Бябенін

Органы пракуратуры Беларусі гатовы ўсяляк садзейнічаць экспэртам АБСЭ, якія прыбылі ў Менск 25 кастрычніка, у расьсьледаваньні акалічнасьцяў сьмерці журналіста Алега Бябеніна. Пра гэта заявілі ў Генэральнай пракуратуры Беларусі.

У Генпракуратуры адзначылі, што пакуль дакладна не вядома, дзе будуць працаваць экспэрты: у пракуратуры Менскай вобласьці ці ў менскім офісе АБСЭ. Органы пракуратуры гатовы даць ім матэрыялы праверкі, магчымасьць агледзець месца здарэньня, перавесьці на ангельскую мову ўсе неабходныя матэрыялы.

У Беларусь, нагадаем, прыехалі судовы мэдык і крыміналіст з Нарвэгіі і Швэцыі. Як раней паведамлялася, асноўная частка матэрыялаў расьсьледаваньня беларускіх праваахоўных органаў па факце гібелі Бябеніна перакладзена на ангельскую мову. Праца перакладчыкаў, нанятых АБСЭ, будзе працягвацца, бо экспэрты могуць запатрабаваць якія-небудзь іншыя дакумэнты. Не выключаецца таксама магчымасьць эксгумацыі цела, калі ўзьнікне неабходнасьць.

Тэрмін правядзеньня праверкі па факце гібелі Бябеніна прадоўжаны пракурорам Менскай вобласьці да 3 лістапада. Комплексная экспэртыза цела загінулага завершана толькі часткова.

Нагадаем, цела журналіста, якое вісела ў пятлі, было знойдзена ў яго дачным доме ў вёсцы Пярхурава Дзяржынскага раёна Менскай вобласьці прыблізна ў 19.00 3 верасьня. Органы пракуратуры правяраюць вэрсію аб забойстве і інсцэніроўцы самагубства Бябеніна.

Алег Бябенін нарадзіўся ў 1974 годзе. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У 1990-х гадах працаваў намесьнікам галоўнага рэдактара недзяржаўнай газэты "Имя". Заснаваў у 1998 годзе сайт "Хартыя`97" (charter97.org) і быў яго кіраўніком. У яго засталіся жонка і два сыны.
XS
SM
MD
LG